Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мой сын быў атручаны» — Уладзімір Кара-Мурза-старэйшы


Уладзімір Кара-Мурза малодшы (сьпераду справа) на пахаваньі Барыса Нямцова
Уладзімір Кара-Мурза малодшы (сьпераду справа) на пахаваньі Барыса Нямцова

Бацька расейскага апазыцыйнага актывіста, які на мінулым тыдні таямніча захварэў у Маскве, мяркуе, што яго сын быў атручаны.

Уладзімір Кара-Мурза, журналіст расейскай службы Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, заявіў, што прыйшоў да высновы, што яго сын быў атручаны, пасьля таго як лекары не змаглі вызначыць дакладную прычыну яго раптоўнай хваробы.

Сын, таксама Ўладзімір Кара-Мурза, быў дастаўлены ў бальніцу ў Маскве 26 траўня з сымптомамі нырачнай недастатковасьці, а затым упаў у кому.

«Лекары не змаглі вызначыць дакладную прычыну хваробы. Мы стаміліся ад сьмешных прыпушчэньняў пра рутыннае харчовае атручаньне, якія цыркулююць у сродках масавай інфармацыі, — сказаў старэйшы Кара-Мурза. — Той, хто еў зь ім тую ж ежу ў той жа дзень, у поўным парадку. Ён быў адзіным, хто рэзка адчуў сябе вельмі дрэнна гадзіну пасьля абеду ў той дзень. Цяпер у нас ёсьць усе падставы меркаваць, што мой сын быў атручаны».

Малодшы Кара-Мурза, якому цяпер 33 гады, зьяўляецца каардынатарам «Адкрытай Расіі», няўрадавай арганізацыі пад патранажам былога расейскага нафтавага магната Міхаіла Хадаркоўскага, вядомага суперніка прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна. Хадаркоўскі правёў больш за дзесяць гадоў у турме і цяпер жыве ў Швэйцарыі.

«Адкрытая Расея» нядаўна зьняла дакумэнтальны фільм з крытыкай пракрамлёўскага лідэра Чачні Рамзана Кадырава.

3 чэрвеня жонка малодшага Кара-Мурзы паведаміла, што яе муж выйшаў з комы і пазнае сваякоў.

Старэйшы Кара-Мурза распавёў Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода, што яго сын знаходзіцца пад узьдзеяньнем моцных лекаў і пакуль ня можа растлумачыць, што адбылося.

У дадатак да сваёй працы ў «Адкрытай Расеі», малодшы Кара-Мурза раней быў палітычным саюзьнікам апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова, які быў застрэлены ў цэнтры Масквы ў лютым. Цяпер ён працуе ў апазыцыйнай партыі «РПР-Парнас», сузаснавальнікам якой быў Нямцоў.

Малодшы Кара-Мурза мае падвойнае грамадзянства Расеі і Вялікай Брытаніі. Разам са сваёй жонкай і дзецьмі ён жыве ў Вашынгтоне. Ён зьяўляецца ключавым зьвяном паміж расейскімі апазыцыйнымі групамі і вядучымі амэрыканскімі палітыкамі. Ён часта езьдзіць у Расею, каб правесьці сэмінары ды іншыя мерапрыемствы для актывістаў апазыцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG