Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледам за «начнымі ваўкамі» празь Беларусь скачуць казакі


Расейскія казакі салютуюць падчас цырымоніі адкрыцьця бюсту прэзыдэнта Расеі Ўладзімера Пуціна ў Ленінградзкай вобласьці 16 траўня 2015

У рамках сьвяткаваньня 70-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне адбываецца конны паход данскіх казакоў па маршруце Масква — Бэрлін.

Пра гэта паведамляе сайт міністэрства культуры Маскоўскай вобласьці.

Акцыя пачалася 30 траўня на Паклоннай гары ў Маскве.

У Нямеччыну накіроўваюцца 18 данскіх казакоў ва ўзросьце ад 15 да 67 гадоў. «Удзел у праекце прымуць таксама выхаванцы Маскоўскага казацкага кадэцкага корпуса імя Шолахава», — гаворыцца ў паведамленьні.

Удзельнікі маршу маюць праехаць па тэрыторыі чатырох дзяржаваў — Расеі, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны. Маршрут заплянаваны па шляхах, якімі ішлі кавалерысты Чырвонай Арміі ў 1941-1945 гадах.

«У Беларусі, Польшчы і Нямеччыне да казакоў далучацца мясцовыя коньнікі, якія заявілі пра жаданьне прайсьці разам зь імі частка шляху па тэрыторыі сваіх краінаў. У Бэрлін міжнародная конная каманда павінна прыбыць 12 жніўня» — паведамляе прэсавая служба міністэрства культуры Маскоўскай вобласьці.

Падчас паходу маюць адбыцца «тэматычныя канфэрэнцыі, круглыя сталы, на якіх плянуюцца выступы палітычных і грамадзкіх дзеячаў. У пунктах прыпынкаў будуць арганізаваныя мітынгі памяці, канцэрты, паказальныя выступленьні казакоў па джыгітоўцы і валоданьню халоднай зброяй».

У красавіку-траўні падобны рэйд спрабавалі правесьці расейскія байкеры з клюбу «Начныя ваўкі». Яны без праблем праехалі празь Беларусь, на ўскладаньні «ваўкамі» кветак да «Кургану Славы», прысутнічалі намесьнік кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РБ Ігар Бузоўскі і прадстаўнікі кіраўніцтва Менску. Польшча, Чэхія, Літва, Фінляндыя і Нямеччына адмовіліся ўпускаць байкераў на сваю тэрыторыю за падтрымку імі анэксіі Крыму і палітыкі Пуціна ва Ўкраіне.

У выніку, байкеры былі вымушаны ў адзіночку прабірацца ў Эўропу, дзе ў суправаджэньні консулаў і паслоў ўскладалі кветкі да помнікаў.

За «страчаную касмэтычку», якую для «начных ваўкоў» да амбасады Расеі ў Менску прынесла актывістка Вольга Нікалайчык, яна атрымала 13 сутак адміністрацыйнага арышту.

Глядзець камэнтары (4)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG