Дачка забітага расейскага апазыцыйнага палітыка Барыса Нямцова Жана заклікала Эўразьвяз увесьці санкцыі супраць супрацоўнікаў расейскіх СМІ, якія, на яе думку, адказныя за цкаваньне і падбухторваньне да забойства яе бацькі. Пра гэта паведаміла Радыё Польшча.
Сьпіс зь імёнамі расейскіх журналістаў і мэдыямэнэджэраў яна перадала сьпікеру Сэнату Польшчы Богдану Барусэвічу.
У ім восем прозьвішчаў: дырэктар Усерасейскай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Алег Дабрадзееў, дырэктар НТВ Уладзімер Кулісьцікаў, кіраўнік інфармацыйнага агенцтва «Россия сегодня» Дзьмітры Кісялёў, журналісты Аркадзь Мамантаў, Канстанцін Сёмін, Уладзімер Салаўёў і Андрэй Караулаў, а таксама тэлевядучы і дэпутат Дзярждумы РФ Аляксей Пушкоў.
На думку Нямцовай, менавіта гэтыя людзі публічна цкавалі яе бацьку ў кантраляваных уладамі СМІ, называючы яго «здраднікам», «пятай калёнай» і «ворагам Расеі» за супрацьдзеяньне карупцыі, палітыцы Уладзімера Пуціна і вайне, якую ён вядзе ва Ўкраіне.