Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляеў узначаліў грамадзкі рух «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі»


Створаная ініцыятыўная група па падрыхтоўцы ўстаноўчага зьезду грамадзкага руху «За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі». Сход групы адбыўся 24 траўня пад Менскам. Яе кіраўніком абраны вядомы паэт, кандыдат у прэзыдэнты Беларусі на выбарах 2010 года Уладзімір Някляеў.

У камэнтары Някляеў зазначыў: «Усе гады, што існуе Рэспубліка Беларусь, адной з асноўных тэмаў зьяўляецца незалежнасьць і дзяржаўнасьць. Увесь гэты час гаварылася пра небясьпеку для існаваньня незалежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь, і сёньня мы бачым, што небясьпекі стала ня менш, а больш».

Ён прывёў прыклад Украіны, дзяржаўнасьць якой змаглі абараніць не армія і спэцслужбы, а «нацыянальна арыентаваная сіла — людзі, якія мелі пачуццё годнасьці і адказнасьці за лёс краіны». Менавіта такая сіла і такія людзі і здольныя выратаваць незалежнасьць і дзяржаўнасьць Беларусі, упэўнены Някляеў.

«Для таго каб аб’яднаць гэтых людзей, і ствараецца рух „За дзяржаўнасьць і незалежнасьць Беларусі“. Нядаўна прайшло пасяджэньне аргкамітэту, сёньня — сход ініцыятыўнай групы па падрыхтоўцы ўстаноўчага зьезду руху», — сказаў палітык.

Паводле слоў Някляева, на сходзе прысутнічалі прадстаўнікі як старэйшага пакаленьня, так і моладзь. «За больш чым дваццацігадовую гісторыю няхай фармальнай, але незалежнасьці дзяржавы, вырасьлі людзі, якія ўвабралі ў сябе беларускі дух і разуменьне Беларусі як незалежнай краіны. Менавіта на іх ляжа адказнасьць за яе будучыню і, як паказаў сёньняшні сход, яны гатовыя на сябе гэту адказнасьць прыняць», — заявіў Някляеў.

Намесьнік кіраўніка арганізацыі, якая ствараецца, Алесь Мех нагадаў БелаПАН, што заклік стварыць усебеларускі нацыянальны рух прагучаў на кангрэсе за незалежнасьць, які прайшоў 21 сьнежня 2014 года. «Сёння пачынаецца стварэньне такога руху, ідзе вельмі моцная падрыхтоўчая праца», — дадаў ён.

Алесь Мех
Алесь Мех

«У сьвеце зьявіліся дзяржавы, якія не зьвяртаюць увагі на міжнародныя дамоўленасьці і груба парушаюць тэрытарыяльную цэласнасьць краін. Пагроза для існаваньня сувэрэнітэту ёсьць і ў нас. Фактычна страчаныя і перададзеныя ў чужыя рукі энэргетычныя сеткі, на нашай тэрыторыі зьявіліся замежныя ваенныя базы. Настаў час сказаць гэтаму „не“, і гэта могуць зрабіць толькі людзі, для якіх незалежнасьць — найвышэйшая каштоўнасьць», — упэўнены Алесь Мех.

Нагадаем, у пачатку красавіка Уладзімір Някляеў абвясьціў пра свой выхад з апазыцыйных структур у сувязі з безвыніковасьцю двухгадовых перамоваў апазыцыі па вылучэньні адзінага кандыдата і вызначэньні сумеснай праграмы на прэзыдэнцкія выбары 2015 года. Тады ж ён заявіў, што мае намер працягваць працу ў імя «незалежнасьці і дэмакратычнай будучыні Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG