На яго прыбылі 167 дэлегатаў. У залі шмат запрошаных зь іншых беларускіх партый і грамадзкіх арганізацый, а таксама замежныя гасьці, сябры левых партый зь Нямеччыны, Даніі, Люксэмбургу, Чэхіі, Баўгарыі ды іншых краінаў. Прадстаўнікі Міністэрства юстыцыі, якіх таксама запрашалі на зьезд, не прыйшлі.
Са справаздачай выступае старшыня партыі Сяргей Калякін. Пачаў старшыня партыі з праблем і недапрацовак. У справаздачным пэрыяде не ўдалося пашырыць геаграфію прысутнасьці партыі ў рэгіёнах, у выніку чаго Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» ня мае прадстаўнікоў у 57 рэгіёнах краіны, канстатаваў Сяргей Калякін:
«Можна, канечне, спасылацца на аб’ектыўныя прычыны, што перашкаджаюць пасьпяховаму разьвіцьцю партарганізацый, але гэтыя правалы дзейнасьці — гэта, у першую чаргу, вынік безыніцыятыўнасьці , альбо, дакладней сказаць, бязьдзейнасьці нашых людзей».
У цэлым нельга прызнаць здавальняючай работу большасьці арганізацый па прыцягненьню ў партыі новых сяброў, адзначыў Сяргей Калякін.
Згодна з унутрыпартыйным апытаньнем, 56% сяброў партыі лічаць, што «Справядліваму сьвету» неабходна вылучаць кандыдата ў прэзыдэнты са сваіх шэрагаў і амаль столькі ж лічаць, што гэтым кандыдатам павінен стаць старшыня партыі.
Мяркуецца, што разгляд пытаньня па вылучэньні кандыдата на прэзыдэнцкія выбары адбудзецца 24 траўня на закрытым паседжаньні зьезду.