Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як расейскае ТВ разадзьмула падзею зь нічога


Канфэрэнцыя ў Вене, пра якую сайт Першага каналу паведамляе, што на яе «сабраліся журналісты зь дзясяткаў краінаў сьвету»
Канфэрэнцыя ў Вене, пра якую сайт Першага каналу паведамляе, што на яе «сабраліся журналісты зь дзясяткаў краінаў сьвету»

Карэспандэнт расейскай службы Радыё Свабода Алена Рыкаўцава, акрэдытаваная на конкурсе «Эўрабачаньне-2015» у Вене, нечакана аказалася сьведкай падрыхтоўкі прапагандысцкага сюжэту для фэдэральных расейскіх каналаў.

Гэта была цалкам загадкавая гісторыя. У раскошным венскім гатэлі «Імпэрыял», арэнда ў якім каштуе шалёных грошай, сабралася нікому да гэтага часу не вядомая арганізацыя «Журналісты за мір». Асабіста я даведалася пра гэтае мерапрыемства цалкам выпадкова. Я прыйшла ў гэты гатэль і ўбачыла стойку рэгістрацыі, на якой ляжаў гіганцкі пачак плястыкавых акрэдытацый з назвай «Прэса» і такі самы пачак з назвай «Госьць». Мне стала вельмі шкада плястыку і кардонак, затрачаных на ўвесь гэты рэквізыт: там амаль нікога не было, у зале сядзела ўсяго 16 чалавек. За сталом прэзыдыюму яшчэ чацьвёра. Яшчэ там працавалі тры камэры. Усе яны былі расейскімі: Першы канал, канал «Россия» і «5 канал Петербург». Самае дзіўнае, што здымачныя групы былі спэцыяльна перакінутыя ў Вену зь іншых эўрапейскіх краін, дзе яны базуюцца, ні ў кога з гэтых каналаў карпункту ўласна ў Вене няма.

Дык вось. Ужо ў самым гатэлі высьветлілася, што ніякай праграмы ў гэтага мерапрыемства не існуе. Паводле размоваў, там меліся даваць нейкую журналісцкую прэмію. Але што за прэмію — ніхто не ведаў. Не было ні сьпісу ўзнагароджаных, ні сьпісу ўдзельнікаў канфэрэнцыі. Было поўнае ўражаньне, што гэтая арганізацыя ня хоча пакідаць ніякіх сьлядоў. Зрэшты, я вельмі хутка сьцяміла, чаму тут прысутнічаюць толькі расейскія каналы. Я выявіла там арганізатара мерапрыемства, якую завуць Лана Андрэева. Лана паведаміла, што ўся гэтая арганізацыя — «Журналісты за мір» — вырасла з выставаў пра ваенныя злачынствы, якія возіць па некаторых сталіцах сьвету нейкая група энтузіястаў. Лана, праўда, распавяла толькі пра адну выставу, якая тычыцца злачынстваў украінскай ваеншчыны ў Данбасе. Гэта страшныя фатаграфіі разбураных гарадоў, макеты ў натуральную велічыню разбомбленых кватэр і іншае. І яшчэ «гіры на ланцугу, зь якімі „Правы сэктар“ прабіваўся да ўлады ў Кіеве» (гэта я ўжо, забягаючы крыху наперад, цытую сюжэт пра ўсё гэта каналу «Россия»). Лана сказала, што калі для гэтай выставы падшуквалі памяшканьне ў Маскве, успомнілі, што на ВДНГ шмат гадоў у пэўным занядбаньні прастойвае менавіта павільён «Украіна». І гэтая выстава спэцыяльна, як на замову, упісалася ў канструкцыю гэтага павільёна. Ну а далей, маўляў, вакол выстаў утварылася арганізацыя «Журналісты за мір».

А потым я ўбачыла Авігдора Эскіна, якога ў тытрах падпісваюць, што ён з Ізраілю, хоць насамрэч яго трэба падпісваць, што ён зь перадачы «Нядзельны вечар з Уладзімірам Салаўёвым». Яго вельмі любяць запрашаць у расейскія ток-шоў на тэмы Ўкраіны. Авігдор сядзеў у прэзыдыюме гэтай канфэрэнцыі. Фармальна ён ня быў там галоўным. Фармальна галоўным там быў немец Андрэас Вэбэр, які адкрыў мерапрыемства нэўтральнымі словамі пра тое, што трэба «аб’яднаць журналістаў, каб яны выказвалі свае думкі без удзелу ўладаў». Наступным выступіў хлопец-рэпартэр, які паказаў свой фотарэпартаж з Іраку. Як потым высьветлілася, гэтая яго паездка ў Ірак ніякага дачыненьня да арганізацыі «Журналісты за мір» ня мела. І толькі потым надышла чарга Авігдора Эскіна. Ён, як і ўсе яны, выступаў па-ангельску. Ён стаў задаваць рытарычныя пытаньні.

— Як жа магло такое здарыцца, што расейская тэлекампанія Russia Today больш аб’ектыўная, чым амэрыканская СNN ?! У чым справа? Чаму мы наогул больш аб’ектыўнасьці ва ўсім, што тычыцца Ўкраіны, знаходзім у расейскай прэсе, а не ў свабоднай амэрыканскай? Як атрымалася, што нацысцкая ідэалёгія стала афіцыйнай ідэалёгіяй Украіны, а заходняя прэса пра гэта нават не паведаміла?!

Было ня надта зразумела, каму ён задае гэтыя пытаньні, таму што ніякай заходняй прэсы ў зале не было. На гэтае мерапрыемства не атрымала запрашэньне нават адзіная журналістка ўкраінскага СМІ, якая пастаянна працуе ў Вене. Было зразумела, што ўсе гэтыя замежнікі, атачэньне Эскіна, Ланы Андрэевай, а яшчэ нейкага Станіслава Бышока (там быў яшчэ гэты мала каму вядомы палітоляг зь «міжнароднай» арганізацыі па назіраньні за выбарамі зноў-такі з маскоўскім базаваньнем. Я таксама ўбачыла пра яго ў інтэрнэце, што ён суаўтар кнігі «Нэанацысты і Майдан», гэта значыць з Авігдорам Эскіным яны складалі цалкам гарманічную пару), дык вось, усе гэтыя замежнікі, уся гэтая арганізацыя «Журналісты за мір», усе гэтыя гранты і прэміі, якія яна зьбіраецца раздаваць і ўжо раздае журналістам, якія працуюць у гарачых кропках, — гэта ўсё прыкрыцьцё, гэта фіраначкі, гэта дэкарацыя для стварэньня чарговага прапагандысцкага сюжэту на фэдэральным расейскім канале. І гэтыя сюжэты не прымусілі сябе чакаць!

Цэнтрам сюжэту на Першым канале, вядома, быў Авігдор Эскін, які цяпер ужо на чыстай расейскай мове дакладваў, што «людзі на Захадзе сёньня паняцьця ня маюць пра тое, што на працягу месяцаў насельніцтва Данбасу падвяргалася прамому артылерыйскаму абстрэлу з боку ўкраінскіх частак. Проста расстрэльвалі мірныя кварталы». Аднак жа на Першым хоць бы далі выказацца і немцу-старшыні гэтай арганізацыі, зь яго словамі пра «неабходнасьць вольнага абмену думкамі». А вось канал «Россия» разышоўся не на жарт!

— У Вене незалежная асацыяцыя «Журналісты за мір» уручыла свае ўзнагароды тым, хто не баіцца распавядаць пра закулісьсе вялікай палітыкі Захаду! Іх публікацыі афіцыйны Брусэль лічыць за лепшае не заўважаць! Тэма іх публікацый — гэта злачынства Кіева на Данбасе і кроў на Майдане! — горача казала вядучая Марыя Сітэль.

Я вельмі сьмяялася, калі гэта пачула, хоць словы «кроў і Майдан» ніякіх вясёлых асацыяцый, вядома, выклікаць не павінны. Справа ў тым, што журналісты фэдэральных каналаў, як я ўжо казала, паняцьця ня маюць, каму гэтая асацыяцыя ў выніку дала свае прэміі. Такое ўганараваньне адбылося ўжо ўвечары, калі фэдэральныя камэры з гатэлю «Імпэрыял» даўным-даўно зьехалі. Больш за тое, мне толькі вакольнымі шляхамі ўдалося даведацца, што ўсе гэтыя прэміі атрымалі журналісты зь пяці краін, тыпу Кеніі і Македоніі, за свае публікацыі, якія ня маюць ніякага дачыненьня да Ўкраіны. Таму зразумела, чаму ў падводцы да сюжэту пра прэміі гаварылася, а ў самім сюжэце пра іх не было сказана ні слова. Затое ў сюжэце гаварылася ... аб забойстве Алеся Бузіны! Па сэнсе сюжэту выходзіла так, быццам уся гэтая канфэрэнцыя зьбіралася, каб прымусіць сьвет раскрыць вочы на гэта забойства.

Спачатку карэспандэнт даў мікрафон амэрыканскаму палітыку правых поглядаў Джэймсу Джорджу Джатрасу, якога могуць ведаць гледачы каналу Russia Today, куды любяць яго запрашаць. Джэймс заявіў, што «пра Ўкраіну наогул пішуць мала, а пра забойства людзей пры вельмі дзіўных абставінах яшчэ менш. Ёсьць і такія камэнтары, — завяршыў Джордж, — што за гэтымі забойствамі стаяць расейцы, каб падставіць Парашэнку. Гэта ўсё нездаровая сытуацыя».

— Джэймс Джатрас перш за ўсё мае на ўвазе забойства Алеся Бузіны! — падхапіла яго думку карэспандэнт каналу, хоць калі ён меў на ўвазе менавіта гэта, чаму ён сам не назваў яго прозьвішча?

— Яго расстрэл вельмі складана павесіць на Расею, таму яго не заўважаюць на Захадзе! — патлумачыла карэспандэнт і прапанавала выказацца на гэтую тэму двум гасьцям канфэрэнцыі, якія гэтае забойства заўважаюць напэўна і за якіх нічога не прыйшлося прыдумляць. Імі, вядома ж, аказаліся ўсё тыя самыя Авігдор Эскін і Станіслаў Бышок. Эскін яшчэ дадаў, што ва Ўкраіне ня толькі забіваюць такіх, як Бузіна, а што там яшчэ і «катаваньні жахлівыя і брутальныя і дакладна адпавядаюць той ідэалёгіі, якая была прынятая Ўкраінай».

Я пакуль слухала іх усіх, увесь час думала: а вось замежнікі, якіх як шырму заклікалі абстаўляць усю гэтую «міжнародную арганізацыю», — яны наогул ведаюць, як менавіта іх выкарыстоўвалі? Яны ў курсе, што ўся іх арганізацыя, уся канфэрэнцыя і ўсе іх прэміі ў карцінцы для расейскай аўдыторыі былі прысьвечаны зьверствам Украіны ў Данбасе і забойству ўкраінскага журналіста Алеся Бузіны, які гэтым зьверствам спрабаваў супрацьстаяць? Або яны ведаюць пра гэта, але заплюшчваюць вочы, таму што фінансаваньне з «ананімных крыніц» (так у кулюарах растлумачыў паходжаньне грошай адзін з арганізатараў), яно ўсё ж больш каштоўнае?

У суме: малюсенькая канфэрэнцыя малюсенькай і нідзе пакуль не зарэгістраванай арганізацыі атрымлівае шматмільённы эфір на двух шматмільённых фэдэральных каналах, ня лічачы дарагога гатэлю ў Вене і нятанных камандзіровак сюды трох здымачных груп фэдэральных каналаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG