Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі праводзяць бізнэс-форум і зноў спрабуюць дамовіцца з уладамі


Удзельнікамі форуму маюць стаць прадстаўнікі дробнага бізнэсу з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама чыноўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў

У Менску распачынаецца бізнэс-форум «Новыя ўмовы працы для ІП — нашы ацэнкі і прапановы».

Ягонымі ўдзельнікамі маюць стаць прадстаўнікі дробнага бізнэсу з розных рэгіёнаў Беларусі, а таксама чыноўнікі зацікаўленых міністэрстваў і ведамстваў. Арганізавала імпрэзу грамадзкае аб’яднаньне прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» дзеля «абмену меркаваньнямі і прапановамі адносна будучыні малога бізнэсу ў Беларусі».

Кіраўнік арганізацыі Анатоль Шумчанка перад пачаткам форуму паведаміў Свабодзе:

Анатоль Шумчанка
Анатоль Шумчанка

«Будзем абмяркоўваць умовы працы і нашы праблемы, а таксама агульнаэканамічнае становішча ў краіне. Асноўнае — гэта тое, што ў нас няма гандлю, што нас душаць падаткамі. І калі нічога ня зьменіцца, то мы проста збанкрутуем. У гэтым кірунку мы і будзем рабіць нашы прапановы — адносна зьмякчэньня ўмоваў працы ў нашай дзяржаве. Пакуль што я не магу казаць больш падрабязна, якія менавіта будуць нашы прапановы».

Папярэдні форум прайшоў у Менску 16 лютага і сабраў больш за тысячу прадпрымальнікаў з розных рэгіёнаў Беларусі. Ён праводзіўся незадоўга да завяршэньня пэрыяду, на працягу якога ІП маглі прадаваць рэшткі прадукцыі легпраму, увезенай з краін Мытнага саюзу, без дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць набыцьцё гэтых тавараў. Удзельнікі форуму прапанавалі ўладам адмяніць абмежаваньні на распродаж таварных рэшткаў без сэртыфікатаў і накласьці мараторый на канфіскацыі і праверкі " да прыняцьця рашэньня аб суправаджальных дакумэнтах, якія б задавальнялі ўсе зацікаўленыя бакі«. Людзі, якія сабраліся на форум, таксама папрасілі Аляксандра Лукашэнку сустрэцца зь імі дзеля абмеркаваньня праблемаў малога бізнэсу.

17 сакавіка Лукашэнка наведаў сталічны гандлёвы цэнтар «Экспабел», а затым правёў нараду па пытаньнях прадпрымальніцкай дзейнасьці з удзелам некалькіх ІП. Праз два тыдні быў падпісаны ўказ № 143, які дазваляе ІП прадаваць тавары без пацьвярджальных дакумэнтаў да 1 студзеня 2016 году. Згодна з указам, аднак, пры рэалізацыі тавараў без пацьвярджальных дакумэнтаў уводзіўся падвышальны каэфіцыент 2 пры вылічэньні адзінага падатку, а ПДВ павінен быў спаганяцца ў фіксаванай суме і падвышацца ў чатыры этапы з наступнымі падвышальнымі каэфіцыентамі: 2 — з 1 па 31 сакавіка; 2,5 — з 1 красавіка па 30 чэрвеня; 3 — з 1 ліпеня па 30 верасьня; 4 — з 1 кастрычніка па 31 сьнежня 2015 года.

Новы ўказ ня зьняў праблему, а толькі адтэрмінаваў яе, лічаць прадпрымальнікі. Яны таксама заяўляюць, што павышаць каэфіцыент ПДВ у цяперашняй эканамічнай сытуацыі непрымальна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG