Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Фаніпалі невядомыя людзі на машыне з пад'ёмнікам пазабівалі гракоў


Граку, які выжыў, патрэбны догляд, каб вярнуцца праз 2–3 тыдні ў дзікую прыроду.
Граку, які выжыў, патрэбны догляд, каб вярнуцца праз 2–3 тыдні ў дзікую прыроду.

Паводле інфармацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», абрэзаць дрэвы і прыбраць гнёзды гракоў вырашылі гарадзкія службы. У гнёздах былі птушаняты, іх загінула больш за 30.

Раніцай пятніцы 15 траўня ў грамадзкую арганізацыю «Ахова птушак Бацькаўшчыны» патэлефанавалі з Фаніпаля. Жыхары паведамілі, што на ўезьдзе ў горад невядомыя людзі на машыне з пад’ёмнікам пазьбівалі грачыныя гнёзды.

Паводле інфармацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», абрэзаць дрэвы і прыбраць гнёзды гракоў вырашылі гарадзкія службы. У гнёздах былі птушаняты, іх загінула больш за 30.

Раскіданыя гнёзды і трупы птушак.
Раскіданыя гнёзды і трупы птушак.

У «Фаніпальскай ЖКГ» — філіяле УП «Дзяржынская ЖКГ» — карэспандэнту Радыё Свабода заявілі, што камунальнікі да гэтага ня маюць дачыненьня:

«У гэты дзень такія працы мы не праводзілі. Таму што гэта звычайна робіцца ў зімовы пэрыяд. Мы да красавіка толькі абразаем дрэвы. Выключэньне — аварыйныя дрэвы: альбо сухія, альбо пасьля стыхійнага няшчасьця», — распавяла загадчыца аддзелу добраўпарадкаваньня Сьвятлана Шабуня.

Супрацоўнікі грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» пабывалі на месцы падзеяў. Жыхары навакольных дамоў расказалі ім, як гэта было: бацькі-гракі кружлялі і крычалі над пад’ёмнікам, па асфальце валяліся паскіданыя гнёзды, мёртвыя і напаўжывыя грачаняты.

Заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае жорсткія тэрміны, калі можна абразаць дрэвы і нішчыць птушыныя гнёзды. У адпаведнасьці з артыкулам 19 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб жывёльным сьвеце» гэта дазваляецца з 16 кастрычніка па 15 красавіка — калі птушак у гнёздах няма.

«Зьбіваць гнёзды ў такую пару — гэта пэўная гібель птушанятаў, яны яшчэ ня ўмеюць лётаць. Такая праблема паўтараецца штогод па ўсёй Беларусі. Чамусьці менавіта гракі перашкаджаюць супрацоўнікам ЖКГ. Хоць гэтая птушка нічым ня шкодзіць чалавеку. Часьцей мы сутыкаемся з гэтай праблемай у цэнтры гарадоў. А ў гэтым выпадку гнёзды зьнішчылі далёка ня ў цэнтры — на ўезьдзе ў Фаніпаль», — патлумачыла Радыё Свабода інфармацыйны супрацоўнік грамадзкай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны» Вікторыя Церашонак.

Пра зьнішчэньне калёніі гракоў паведамілі ў Менскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя, а таксама ў Дзяржынскую раённую інспэкцыю.

Раскіданыя гнёзды і трупы птушак.
Раскіданыя гнёзды і трупы птушак.

Як лічаць у арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны», вінаватыя павінны панесьці пакараньне: артыкул 15.32 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэньнях прадугледжвае за такія дзеяньні штраф для фізычнай асобы — да 20 базавых велічынь, а для юрыдычнай — да 200 базавых.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG