Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парад сэпаратыстаў у Данецку


Аляксандар Захарчанка (зьлева) на парадзе ў Данецку
Аляксандар Захарчанка (зьлева) на парадзе ў Данецку

Які вынік сьвяткаваньня гадавіны Перамогі? Пабразгалі зброяй. Гэта было на першым пляне, не зважаючы на «радасьць са сьлязамі на вачах» ад працяглага мірнага жыцьця. Бо што яшчэ мог выражаць парад сэпаратыстаў у Данецку? Гонар за разбуранае мірнае жыцьцё? І гатоўнасьць разбураць яго далей.

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Відэа параду пакінула дзіўнае ўражаньне. Навюткая бранятэхніка, буйныя калібры, за кадрам жалезным голасам чытаецца тэкст: яна патрэбная ў наступленьні, для прарыву абароны і гэтак далей. Адным словам, праект «ДНР» быў зусім не абарончы, і спонсары з расейскага «Ваенторгу» узброілі «трактарыстаў і шахцёраў», якіх праслаўляў асабіста Пуцін, адпаведным чынам. Досыць успомніць, як Захарчанка абвесьціў народу, што аддаў загад наступаць на Марыюпаль і бабы навокал залемантавалі ад радасьці.

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Пытаньне: ці сапраўды «галоўнакамандуючы» Захарчанка хістаецца на парадзе ад алькаголю? Выглядае праўдападобна і выраз твару адпаведным бывае, калі чалавек стараецца напусьціць на сябе сур’ёзнасьць: маўляў, я – як шкельца. У яго, праўда, ляска ў левай руцэ, ён паранены пад час захопу Дэбальцава. Але тады ён бы кволіўся ўлева, а яго адхіляе ад вэртыкальнага становішча ўправа, у іншы ад відэакамэры бок. Ды чорт зь ім, ён жа данецкі мужык, хіба Дзень перамогі і чарка не стыкуюцца ў такіх? Вочы запыняе іншае: усе грудзі ва ўзнагародах. Залатая зорка Героя Савецкага Саюзу, толькі цяпер называецца інакш — «ДНР» і шэраг з чатырох крыжоў. Ня кажучы пра палкоўніцкія пагоны.

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Чалавек ніколі не служыў у арміі, не праходзіў вайсковай падрыхтоўкі, закончыў тэхнікум, паступіў у юрыдычны інстытут, але не пацягнуў. Як паведамляецца ў вікіпэдыі, «займаўся нелегальным бізнэсам у вугальнай галіне», прычым напэўна на шырокую нагу, бо «ў тым ліку кіраваў вялікімі калектывамі». І раптам – адразу маёр, а на парадзе зьнянацку зусім палкоўнік. Успомніць Брэжнева, які так любіў грудзі аздабляць узнагародамі, дык той палкоўнікам як-ніяк быў і на сапраўднай вайне (а не «ўзначаліўшы групу зь сямі ўзброеных чалавек, якія занялі будынак данецкай гарадзкой адміністрацыі»), закончыў якую генэрал-маёрам. Чалавек залатыя зоркі гадамі зьбіраў на грудзі, хаця магчымасьці меў неабмежаваныя. У Захарчанкі ягоная «шахцёрская жарсьць» чакаць не магла: кожныя два месяцы па крыжу чапляе сабе «галоўнакамандуючы ДНР».

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Як вядома, калі Масква адклікала сваіх людзей, што стварылі «ДНР», патрэбныя былі мясцовыя, «трактарысты і шахцёры», і наступіў зорны час Захарчанкі. Зь нікога — у маёры! Прычым не абышлося зусім без анэкдоту: «ЛНР» ад захапленьня надала яму па-сяброўску ўвогуле званьне «генэрал-маёра». Адначасова маёр і генэрал-маёр! Было б сьмешна, каб ня кроў тысяч людзей. Дарэчы, да якога роду войскаў мае шахцёрскі палкаводзец дачыненьне? Аказваецца, да «народнага апалчэньня Данбасу».

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

«ДНР» адзначыла Дзень перамогі таксама сваёй паштовай эмісіяй. І што вы думаеце? Зусім не Захарчанку надрукавалі на марцы, і нават ня Сталіна. На ёй два палявыя камандзіры зь мянушкамі Гіві і Матарола. І сам гэты, апошні, нізенькі, у барэтцы, прыклаўшы далонь у белай пальчатцы да чала, едзе на парадзе на грознай брані… І кідаюцца ў вочы твары тых, хто тырчыць зь люкаў бранятэхнікі. Нібы абліччы з карцінаў Босха. І, канечне, нагадвае славутыя парады ў Пхеньяне, толькі маштабы не параўнаць.

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Ах, і мілая праява народнай любові: за дзесяць хвілін відэа два ці тры букецікі ляцяць пад гусеніцы альбо на браню — як атрымаецца — з жаночых рук.

Між іншым, Леанід Ільліч празь нейкі час насыціўся залатымі зоркамі і яму захацелася найвышэйшы і найкаштоўнейшы ордэр Перамогі. Узнагароджаньне адбылося. Гарбачоў яго пазьней адмяніў. Ці ня стане потым так з крыжамі і залатой зоркай Захарчанкі.

Данецк, 9 траўня 2015
Данецк, 9 траўня 2015

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG