Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскі ўрад удакладняе прэзыдэнта Зэмана наконт пэрспэктыў Расеі ў Эўразьвязе


Прэзыдэнты Расеі і Чэхіі Ўладзімір Пуцін і Мілаш Зэман
Прэзыдэнты Расеі і Чэхіі Ўладзімір Пуцін і Мілаш Зэман

Эўразьвяз мог бы зьняць санкцыі супраць Расеі да канца году, а сама Расея да 20 гадоў магла б быць сябрам Зьвязу. Такімі заявамі вызначыўся чэскі прэзыдэнт Мілаш Зэман у часе наведваньня Масквы.

Ён быў адным зь нямногіх высокіх прадстаўнікоў ЭЗ на сьвяткаваньнях у Маскве. Прэм’ер Чэхіі Богуслаў Собатка ў панядзелак заявіў журналістам, што санкцыі, прынятыя Эўразьвязм, цесна ўвязваюцца з выкананьнем менскіх пагадненьняў. Рэальна ня можам чакаць, што яны будуць выкананыя да канца году», сказаў Собатка. Ён пагадзіўся, аднак, з тым, што санкцыі будуць скарочаныя, або адмененыя, калі дамовы зь беларускай сталіцы будуць датрыманыя.

Наконт магчымага сяброўства Расеі ў ЭЗ на працягу двух дзесяцігодзьдзяў прэм’ер адзначыў: «Я думаю, што ў нас зараз ёсьць больш актуальныя задачы, якія датычаць краінаў, што ўжо падпісалі дамову аб асацыяцыі з Эўразьвязам». Наколькі я ведаю, дадаў прэм’ер, сама Масква дагэтуль не праяўляла зацікаўленьня ў гэтым кірунку, а наадварот, стварае сваю інтэграцыйную групу, эўразійскую асацыяцыю.

«Эўрапейскі зьвяз мае ясныя ўмовы, пры выкананьні якіх адмовіцца ад санкцый, а чэскі прэзыдэнт дае незразумелыя сыгналы і ня ўпісваецца ў лінію чэскай зьнешняй палітыкі», — лічыць чэскі эўрадэпутат Станіслаў Полчак. Намесьнік старшыні партыі TOP 09 Міраслаў Калоўсэк крытыкуе Зэмана ня толькі за яго заявы, але і за сам візыт у Маскву: «Хацеў бы, каб мы вызначыліся іншым чынам, чым горбіцца перад дыктатарам, які пагражае суверэнітэту Украіны», — сказаў Калоўсэк.

Сустрэча прэзыдэнтаў Пуціна і Зэмана адбылася 9 траўня. Расейскі прэзыдэнт пахваліў Зэмана за яго самастойную пазыцыю. Мілаш Зэман падкрэсьлівае, што сваімі замежнымі візытамі ён перадусім адстойвае чэскія эканамічныя інтарэсы. Так, падчас візыту ў Маскву ён узьнімаў і тэму расейскага доўгу чэскаму бюджэту, які складае каля 9 мільярдаў крон ($360 мільёнаў). Сярод іншага, Расея вінаватая чэхам значную суму за будаўніцтва Салехардзкай газатурбіннай электрастанцыі.

Расея візыт Зэмана высока ацаніла. Калі не лічыць прэзыдэнта Кіпру Нікаса Анастасіадзіса, ён быў адзіным прэзыдэнтам краіны ЭЗ, які наведаў Маскву з нагоды 70-годзьдзя Перамогі. Кіраўнік Дзярждумы Сяргей Нарышкін назваў Зэмана «адказным, сумленным і адкрытым чалавекам, які не баіцца адстойваць праўду».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG