Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На Букоўскага паклёпнічалі усімі спосабамі»


Уладзімер Букоўскі
Уладзімер Букоўскі

Былы савецкі дысыдэнт Уладзімер Букоўскі знаходзіцца ў штучнай коме пасьля складанай апэрацыі на сэрцы. Як мы паведамлялі, за некалькі дзён да таго, як Букоўскі лёг на апэрацыю, у Вялікабрытаніі, дзе ён жыве, пракуратура прад’явіла яму абвінавачваньні ў вырабе і захоўваньні дзіцячай парнаграфіі.

У дзень нечаканага атрыманьня позвы ў суд Уладзімер Букоўскі пасьпеў апублікаваць заяву, у якой катэгарычна адмаўляе гэтыя абвінавачваньні: «Шакуючыя абвінавачваньні былі прад’яўленыя мне ў момант, калі я сур’ёзна і цяжка хворы, і шанцы на маё выздараўленьне ўсё яшчэ вельмі няпэўныя. Тым не менш, нягледзячы на стан здароўя, я маю намер рашуча абараняцца па ўсіх пунктах абвінавачваньня».

Аб стане здароўя Букоўскага і пра абвінавачваньні на ягоны адрас ў інтэрвію Свабодзе распавёў яго памочнік і сябра Павел Страілаў: «Нейкая бактэрыя сядзела ў яго на сардэчным кляпане і паступова гэты кляпан разбурала. У выніку вырашылі зрабіць апэрацыю. Гэта вельмі складаная апэрацыя. Яна лічыцца другой па складанасьці пасьля перасадкі сэрца. Яму замянілі два сардэчных кляпаны, паставілі яшчэ і шунт. Адкрытая апэрацыя на сэрцы праходзіла 9 гадзінаў. Ён быў і ўсё яшчэ застаецца ў стане штучнай комы. Нам казалі, што ён можа праз 72 гадзіны прыйсьці ў сябе. Цяпер прайшло ўжо крыху больш часу. Ён пакуль у сябе не прыйшоў, у яго вельмі многія жыцьцёвыя працэсы ідуць на машынах, а не натуральным чынам».

РС: Чым тлумачыцца тое, што Букоўскі апынуўся ў нямецкай клініцы? Ангельскія лекары не маглі зрабіць такую апэрацыю?

Страілаў: Гэта знакамітая па такога кшталту хваробах клініка. Паколькі апэрацыя вельмі складаная, ён вырашыў скарыстацца менавіта іх паслугамі.

РС: У абвінавачваньні ёсьць нейкая таямніца. Як у кампутар Букоўскага маглі патрапіць гэтыя фатаграфіі і відэа?

Страілаў: Ніхто пакуль не кажа пра тое, што ў яго ў кампутары нешта там ёсьць. Наколькі мне вядома, пра гэта не кажа, у тым ліку, і Кембрыджская пракуратура, паліцыя. Усё, што на дадзены момант яму прад’явілі, — гэта абвінавачваньне проста па фармулёўках артыкулаў — захоўваў, вырабляў у Кембрыджы дзіцячую парнаграфію. І гэта ўсё. Калі ён зможа зьявіцца ў суд па стане здароўя, яго спытаюць — ці прызнае ён сябе вінаватым, ён скажа — «Не прызнаю!». Толькі пасьля гэтага раскрыюць падрабязнасьці і будзе зразумела — ідзе гаворка пра кампутары або пра нешта іншае. Чалавека яго ўзросту, яго здароўя і яго рэпутацыі цалкам немагчыма ўявіць хоць неяк да чагосьці такога датычным, не кажучы ўжо пра тое, што ён ні зь якімі дзецьмі ніякага ўзаемадзеяньня не меў ужо вельмі шмат гадоў, ды і ні зь якімі камэрамі або фотаапаратамі. Таямніца тут, уласна, у тым, адкуль такія дзікія абвінавачваньні маглі ўзяцца?

РС: Якая была рэакцыя Букоўскага, калі ён атрымаў гэта запрашэньне ў суд?

Страілаў: Ён успрыняў вельмі спакойна, таму што, вядома, на яго паклёпнічалі усімі даступнымі спосабамі. Яго і вар’ятам рабілі, і крымінальнікам, і тэрарыстам, казалі, што ён баявыя пяцёркі ствараў. Цяпер абвінавацілі ў дзіцячай парнаграфіі. Гэта проста чарговы паклёп. І як і ў мінулым ўсё гэта ўдавалася абвергнуць, так, несумненна, і ў гэты раз абвергнуць усё гэта можна, толькі трэба спачатку даведацца, у чым палягаюць абвінавачваньні.

РС: Ці мог нехта, хто бываў у гасьцях у Букоўскага, атрымаць доступ да яго кампутара без таго, каб ён сам пра гэта ведаў?

Страілаў: Мог. У яго ўвесь час шмат гасьцей, людзей малазнаёмых, і знаёмыя часта прыводзяць кагосьці наогул незнаёмага. Вельмі часта людзі просяць скарыстацца кампутарам — праверыць электронную пошту. У яго адкрыты дом. Магло быць. Але я нічога такога сьцьвярджаць не магу, таму што нішто пакуль не зьвязвае абвінавачваньні зь яго кампутарам або зь яго гасьцямі. Ёсьць толькі атрутныя словы: «дзіцячая парнаграфія» і Букоўскі.

РС: Што мае намер рабіць Букоўскі? Ён павінен прыбыць у суд 22 траўня, у дзень, на які перанесеныя слуханьні?

Страілаў: Ужо калі пераносілі на 22 траўня, адразу было зразумела, што гэтая дата ўмоўная. У судзе гаварылася, што за гэты час будзе больш дакладная інфармацыя ад мэдыкаў і прагнозы наконт таго, калі ён ўстане на ногі і зможа зьявіцца. Несумненна, тэрмін будзе яшчэ раз перанесены. Некалькі месяцаў, мабыць, яму трэба будзе правесьці ў клініцы пад пастаянным наглядам, пакуль ён рэабілітуецца пасьля апэрацыі.

РС: Расейскія СМІ вельмі хутка і актыўна адгукнуліся на навіну пра абвінавачваньні на адрас Букоўскага. Чым вы гэта тлумачыце?

Страілаў: Ён вораг расейскай дзяржаве ў яе цяперашнім выглядзе. Ён вораг Крамля, вораг Пуціна. Гэта такая атрутная зброя ў публічнай барацьбе. Калі каго-небудзь атрымоўваецца зьвязаць з пэдафіліяй, з парнаграфіяй, гэта падарунак для пэўнага роду прэсы, якую звычайна называюць жоўтай. Яны адразу пачынаюць гэтыя тэму жаваць. І ўсё роўна абсалютна, стаіць за гэтым што-небудзь ці не. Важна зьвязаць імя вельмі чыстага чалавека зь вельмі бруднай тэмай. І, вядома, расейская прэса, пракрамлёўская, за гэта вельмі схапілася. І нельга выключыць, што ў прынцыпе ўсё гэта было і арганізавана роўна для таго, каб прэса за гэта схапілася, раструбілі, а там далей судовая справа — гэта ўжо ўсё роўна для тых, хто гэта арганізаваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG