Амэрыканцаў сустракаў старшыня Берасьцейскага гарвыканкаму Аляксандар Рагачук, прысутнічаў часовы павераны ў справах ЗША ў Беларусі Скот Роланд.
Аляксандар Рагачук прывітаў удзельнікаў канцэрту па-беларуску. Ён выказаў спадзеў, што такі канцэрт стане традыцыяй:
«Ёсьць такія словы — калі песьні сьпяваюць, то гарматы маўчаць. Таму давайце сустракацца на такіх канцэртах, давайце атрымліваць перамогі на спартыўных арэнах,» — сказаў Аляксандар Рагачук і выказаў спадзеў, што ў наступным годзе берасьцейцам удасца паслухаць канцэрт аркестру вайскова-марскіх сіл ЗША.
Некалькі соцень берасьцейцаў прышлі на канцэрт. Музыкі выканалі мэлёдыі ня толькі амэрыканскага джазу, але і беларускія матывы. Гэтак, пад гукі «Купалінкі» берасьцейцы пачалі пляскаць у ладкі і прытанцоўваць. Гучалі воклічы: «Брава!», «Дзякуй!», некаторыя дзякавалі па-ангельску.
У першым шэрагу сядзелі берасьцейскія вэтэраны. Напачатку канцэрту ім раздалі амэрыканскія сьцяжкі, але празь некаторы час беларуская распараджальніца замяніла іх на чырвона-зялёныя.
Амэрыканскім дыпляматам ды чыноўнікам раздалі факсымільны нумар газэты «Советская Белоруссия» за 9 траўня 1945 году зь вялікім партрэтам Сталіна на першай старонцы.
Некаторыя людзі былі з георгіеўскімі стужкамі, але большасьць — з чырвона-зялёнымі.
Напрыканцы канцэрту адбылася фотасэсія з амэрыканскімі вайскоўцамі і невялікая прэсавая канфэрэнцыя часовага паверанага ў справах ЗША Скота Роланда ды кіраўніка аркестру Майкла Мэнча.
«Для нас вялікі гонар быць у гэтыя дні разам з вам, — сказаў Майкл Мэнч. — Мы высока цэнім тое, што людзі рабілі ў час другой усясьветнай вайны, цэнім іх подзьвігі і ахвяры.»
У часе канцэрту пэрымэтар ахоўвалі міліцыянты і АМАП. Дзяжурылі асобы ў цывільным зь мікрафонамі за вухам. Але ніякіх інцыдэнтаў не адбылося.
9 траўня амэрыканскі аркестар возьме ўдзел у парадзе ў Менску.
Аркестар ВПС ЗША ў Эўропе дысьлякуецца на вайскова-паветранай базе «Рамштайн» у Нямеччыне.