Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямеччына ўпершыню афіцыйна выбачылася перад беларусамі за злачынствы нацыстаў


Упаўнаважаны ў пытаньнях супрацоўніцтва грамадзянскіх ініцыятываў МЗС Нямеччыны Гернат Эрлер ад імя фэдэральнага ўраду папрасіў прабачэньня перад сваякамі пацярпелых ад злачынстваў нацысцкага рэжыму на тэрыторыі Беларусі падчас Другой сусьветнай вайны.

Публічныя прабачэньні нямецкі чыноўнік прынёс 4 траўня ў Менску ў прысутнасьці каля 200 удзельнікаў мэмарыяльнай паездкі «Памятаем дзеля эўрапейскай будучыні» з Аўстрыі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны, Ізраіля і Чэхіі, якая арганізаваная Менскім і Дортмундзкім міжнароднымі адукацыйнымі цэнтрамі, шэрагам эўрапейскіх фондаў, ініцыятываў і цэркваў. Адказваючы на пытаньне нямецкага журналіста, Эрлер адзначыў, што ён стаў першым прадстаўніком уладаў Нямеччыны, які афіцыйна прынёс прабачэньні Беларусі за дзеяньні «Трэцяга райху».

«Зусім не абавязкова, каб беларускае грамадзтва і ўрад сёньня былі гатовыя да сумеснай працы на гэтую тэму, бо жах злачынстваў на гэтай тэрыторыі проста немагчыма сябе ўявіць — сказаў прадстаўнік МЗС Нямеччыны. — Дыктатура нацыстаў ўварвалася на тэрыторыю СССР, Беларусь прыняла на сябе ўсю моц першага ўдару. Ад Беластоку да Менска ў першыя месяцы вайны гінулі і траплялі ў палон савецкія салдаты, мірнае насельніцтва стала ахвярай нацысцкага акупацыйнага рэжыму. Вайна вялася на татальнае зьнішчэньне. Беларусь страціла 2,5 мільёна чалавек, і наўрад ці ў Эўропе знойдзецца яшчэ адно такое месца, дзе зьнішчэньне габрэйскага насельніцтва было б такім жорсткім».

«Гэта злачынства, якое мы не маем права забыць і не забудзем, — падкрэсьліў Эрлер. — Яно ня мае сабе роўных, і гэтая змрочная гісторыя па-ранейшаму нас турбуе. Як і раней, яна кідае цень на адносіны паміж многімі народамі Эўропы. Сёньня мая краіна цалкам ўсьведамляе сваю гістарычную адказнасьць за тое, што тады здарылася ».

У размове з журналістамі ўпаўнаважаны МЗС Нямеччыны адзначыў, што гэты жэст — просьба аб прабачэньні — вельмі важны «для захаваньня памяці, для таго, каб і ў будучыні можна было праводзіць дыялёг аб узаемаразуменьні з мэтай прымірэньня».

Па словах Эрлера, Нямеччына не чакае ад афіцыйных уладаў Беларусі ніякага адказу або водгуку на гэты жэст. «Адзінае, чаго я жадаю, так гэта супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці» — падкрэсьліў нямецкі дыплямат.

У адказ намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Аляксандр Гур’янаў заявіў, што для Беларусі «ўцешна чуць і разумець, што цяперашняе пакаленьне нямецкіх палітыкаў і грамадзянаў разумее, якім чынам гэтая гісторыя паўплывала на разьвіцьцё, у тым ліку Беларусі».

«Мы павінны зыходзіць з таго, што гэтыя прабачэньні зьяўляюцца перш за ўсё напамінам цяперашняму пакаленьню аб тым, чаго мы не павінны дапусьціць у будучыні» — сказаў намесьнік кіраўніка МЗС Беларусі.

Гур’янаў зьвярнуў увагу на тое, што Беларусь «ніколі ня ставіла пытаньня аб афіцыйных выбачэньнях як аб перашкодзе для двухбаковага супрацоўніцтва». «Мы ўжо даўно і актыўна супрацоўнічаем і ўспамінаем мінулае толькі для таго, каб увекавечыць памяць ахвяраў» — падсумаваў ён.

Пра гэта паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG