Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марына Адамовіч пра аварыю: На адну хвіліну вельмі спужалася


Марына Адамовіч
Марына Адамовіч

Як пачуваецца жонка Мікалая Статкевіча Марына Адамовіч, якая 29 красавіка трапіла ў аўтааварыю на дарозе Шклоў — Бялынічы? 30 красавіка Марына Адамовіч адказала на пытаньні карэспандэнта Свабоды.

«Жывая, дома. Усё ў парадку. Падняцца не магу, але гэта так, дробязі. Пераломаў нібыта няма, але магчыма, што ў галёнкаступнёвым суставе што знойдуць, яшчэ буду дасьледавацца. Яшчэ нос баліць, сказалі, што ссунулася перагародка носу, але выглядае цалкам нармальна — што галоўнае. Ці спужалася? Ну, так, але, ведаеце, на адну хвіліну, а потым прайшло. Уратавалі падушкі бясьпекі і ўвогуле гэтая новая сыстэма бясьпекі ў такіх аўтамабілях. Кажуць, што раней пры лабавых сутыкненьнях рухавік увогуле ўяжджаў у салён, а тут — не, да салёну не дабраўся», — сказала Марына Адамовіч.

У Марыны Адамовіч «Сітраен С-4». У момант аварыі яна была за рулём. Наконт таго, хто вінаваты ў аварыі, Марына кажа, што з гэтым будзе разьбірацца ДАІ, але сябе яна вінаватай ня лічыць. «Ехала з належнай хуткасьцю, да 90, а ён раптам узьнік проста перад машынай, вывернуў справа з другаснай дарогі на маю паласу. Не пабачыў, ці, як сказаў супрацоўнік ДАІ, палічыў, што гэта ён на галоўнай дарозе. Зьбег абставінаў. Ніякай кансьпіралягічнай вэрсіі тут ня бачу».

Паводле Марыны Адамовіч, яе аўтамабіль аднаўленьню не падлягае. Гэтак ёй сказалі і супрацоўнікі ДАІ, якія дакумэнтавалі аўтаздарэньне, і яе брат, які пасьля аварыі аглядаў аўтамабіль. «Шкада машынку, яна мяне ўратавала, але што зробіш», — кажа Марына Адамовіч.

У шклоўскую калёнію Марына Адамовіч езьдзіла разам з адвакатам, які знаёміўся з новай крымінальнай справай на Мікалая Статкевіча, заведзенай нібыта за шматлікія парушэньні рэжыму ўтрыманьня. Марына Адамовіч у Шклове пакінула заяву на імя судзьдзі, каб 4 траўня яе дапусьцілі на суд над Мікалаем Статкевічам. Жонка палітвязьня перакананая, што будзе ў стане прысутнічаць на працэсе, калі ёй дазволяць.

Сутыкненьне паміж аўтамабілем Марыны Адамовіч і джыпам «Гран Чэрокі» адбылося прыкладна а палове на пятую дня. Марыну Адамовіч і кіроўцу джыпа, маладога чалавека, даставілі ў шпіталь райцэнтру Круглае. Адвакат Аляксандар Галіеў, які ехаў разам з Марынай Адамовіч, дадаў пра абставіны здарэньня:

«Ён выяжджаў справа, але яго не было бачна раней з-за ялінак. Потым мы бачым, што ён выяжджае, і думаем, што ён прытармозіць, каб нас прапусьціць, бо яму ўжо было нас бачна. Але ён проста выяжджае на дарогу, ды яшчэ замест таго, каб ехаць да другой паласы, зварочвае наму лоб. А адлегласьць застаецца ўжо мэтраў 15–20. Здаецца, Марына пасьпела націснуць на тармазы, але колькі там было часу».

Паводле Аляксандра Галіева, удар аб падушкі бясьпекі быў вельмі моцны, ён пабіў акуляры, атрымаў траўму страўніка. «Сядзеў некалькі хвілін у машыне, пакуль не ачуняў. Выклікаў праз тэлефон хуткую, а потым выбраўся з машыны. Марыне Адамовіч дасталося яшчэ больш, бо ў кіроўцы ідзе ўдар аб руль. Ёй дапамагаў выбрацца чалавек, які спыніўся. У джыпе тыя ж праблемы — моцны ўдар, выратавалі падушкі бясьпекі. Але абедзьве машыны аднаўленьню не падлягаюць», — кажа Аляксандар Галіеў. Ён, як і Марына Адамовіч, мяркуе, што прычынай аварыі стаў чалавечы фактар: «Той кіроўца не прапусьціў нас, ды яшчэ і пераблытаў палосы», — мяркуе спадар Галіеў.

Машына, у якой ехала Марына Адамовіч, пасьля аварыі.
Машына, у якой ехала Марына Адамовіч, пасьля аварыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG