Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Мы рускія людзі, але не расіяне, мы – беларусы»

Аляксандар Лукашэнка выступіў у Авальнай залі з традыцыйным штогадовым пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу. Радыё Свабода вяло онлайн рэпартаж.

Аляксандар Лукашэнка выступіў у Авальнай залі з традыцыйным штогадовым пасланьнем да народу і Нацыянальнага сходу. Адметная рыса гэтага пасланьня — тое, што яно адбылося за паўгода да прэзыдэнцкіх выбараў.

На выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

Глядзець відэа можна тут.

10:52 29.4.2015

Адметная рыса гэтага пасланьня – тое, што яно адбудзецца за паўгода да прэзыдэнцкіх выбараў.

Традыцыйна выступ Лукашэнкі цягнецца некалькі гадзін, пасьля чаго дэпутаты могуць задаць кіраўніку дзяржавы пытаньні.

Таксама на выступ Лукашэнкі звычайна запрашаюцца сябры ўраду, прадстаўнікі дзяржаўных СМІ, замежныя дыпляматы.

16:41 29.4.2015

Пасьля закліку Лукашэнкі дэпутатка паабяцала нарадзіць трох дзяцей

15:07 29.4.2015

Лукашэнка: Мы прыедзем у сталіцу нашай Радзімы Маскву

14:39 29.4.2015

Лукашэнка: У нас свой парад, у іх свой. А мы хочам жыць у сваёй кватэры

13:32 29.4.2015

Янукевіч: Масква — цэнтар сусьвету Лукашэнкі

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пра заявы Аляксандра Лукашэнкі: «Мы — частка рускага сьвету», «Мы паедзем у Маскву і пакажам, што мы — рускі сьвет», «Рускія людзі шмат уклалі ў тое, каб у нас была нацыянальная культура»:

«Такія заявы Аляксандра Лукашэнкі гучаць ня першы раз. Фактычна, гэта працяг тэзы „беларусы — гэта тыя ж рускія, толькі са знакам якасьці“. На жаль, Аляксандар Лукашэнка разважае ў кантэксьце Масквы як цэнтру сусьвету, да якога ён мае безумоўнае пазытыўнае стаўленьне і які ёсьць для яго адзінай опцыяй утрымліваць эканамічную мадэль, якую ён пабудаваў».

13:26 29.4.2015
Пра Беларусь у вайне ва Ўкраіне

Адказваючы на пытаньні дэпутатаў, Лукашэнка зноў закрануў тэму перамоваў па Ўкраіне ў Менску.

«Мы на гэтую ролю не набіваліся, але мы вельмі цэнім тое, што выбралі нас... Мы згулялі тую ролю, якую нас папрасілі згуляць», — канстатаваў ён.

Ён прызнаў, што правядзеньне перамоваў па Ўкраіне ў Менску спрыяльна адбіваецца на іміджы Беларусі. «Аднак галоўнае, што вайна ідзе не на Галанскіх вышынях, ня ў Лібіі і не ў Іраку. Вайна ідзе ў нас... Мы ўжо ўцягнутыя ў яе... Нашы ваююць і на адным, і на другім баку», — заявіў ён.

Лукашэнка заявіў, што калі хтосьці за 10 тысяч даляраў гатовы галавой налажыць — няхай ваюе. Аднак яго вельмі непакоіць, што будуць рабіць гэтыя людзі, вярнуўшыся ў Беларусь: «Гэтыя баевікі, пачуўшы кроў, вернуцца дадому. Кім яны будуць?».

«Гэта наш боль і наша небясьпека», — заявіў Лукашэнка, кажучы пра вайну ва Ўкраіне.

13:25 29.4.2015

Лукашэнка пра «рускі мір» і «сваю кватэру»

13:14 29.4.2015

Адносіны з Расеяй

Доўгія блытаныя развагі пра «рускі мір», пра адносіны з Расеяй павінны пераканаць расейцаў у вернасьці саюзьніка, прадухіліць з боку Масквы паўтор украінскага сцэнару адносна Беларусі.

Запэўніваньне, што ў выпадку ваеннага канфлікту Расеі з Захадам Беларусь будзе з Расеяй. Пры гэтым Лукашэнка прыводзіць аналёгію зь дзеяньнямі ЗША ў Іраку. Маўляў, калі Злучаныя Штаты пачалі вайну, НАТО іх падтрымала. Гэта няпраўда. НАТО ў той час раскалолася, Францыя і Нямеччына выступілі рашуча супраць палітыкі ЗША.

Яшчэ адзін цікавы тэзіс: Расея крытыкуе Беларусь таму, што там баяцца распаўсюду беларускай мадэлі ў РФ. Гэта ў момант, калі беларуская мадэль у вострым крызісе.

Лукашэнка апраўдваецца за стварэньне незалежнасьці Беларусі — маўляў, я не вінаваты ў гэтым няшчасьці (аплядысмэнты)! Прэзыдэнт выбачаецца за стварэньне дзяржавы, якой сам кіруе!

13:13 29.4.2015
«Ня дай бог што здарыцца — мы будзем разам з Расеяй»

Лукашэнка заявіў, што сярод кіраўніцтва Расеі ёсьць меркаваньне, што Беларусь нібыта ўзяла крэн на Захад. «Можа, хтосьці і ўзяў, але пакуль я прэзыдэнт, і хіліцца мне няма куды», — адзначыў ён. Кіраўнік дзяржавы ўзгадаў, што яму забаронены ўезд на Захад, і запэўніў, што Беларусь застанецца саюзьнікам Расеі.

«Мы вашы браты, мы заўсёды былі разам і будзем разам. Але дазвольце нам мець свой пункт гледжаньня», — адзначыў ён.

Лукашэнка заявіў, што заўсёды наўпрост казаў эўрапейцам і амэрыканцам: «Мужыкі, вы павінны ведаць: ня дай бог што здарыцца — мы будзем разам з Расеяй. Гэта наш саюзьнік».

Лукашэнка заявіў, што яны з Пуціным дамовіліся пра непублічнасьць адносін: «Калі ў яго ёсьць заўвагі, ён як мужык мне гэта кажа. Дакладна так і я».

13:13 29.4.2015

Пустая рыторыка пра дыялёг з апазыцыяй

Лукашэнка кажа, што парлямэнт — галоўная пляцоўка для дыялёгу, цягніце сюды ўсіх апазыцыянэраў, няхай тут дыскутуюць, а не на плошчы. Добрая ідэя. Але для яе рэалізацыі трэба для пачатку правесьці свабодныя выбары. Голая рыторыка і ня больш за тое. Апазыцыі ў межах гэтай мадэлі проста няма месца.

13:12 29.4.2015

Працатэрапія для алькаголікаў

Лукашэнка прапануе прымяняць для алькаголікаў працатэрапію. Прымусовая праца — унівэрсальнае рашэньне ўсіх сацыяльных праблемаў у паліцэйскай дзяржаве.

13:12 29.4.2015

Рэформа царквы

Навёўшы парадак у эканоміцы, Лукашэнка вырашыў рэфармаваць царкву. «Што за замшэласьць: сьвятар высокага ўзроўню не павінен мець дзяцей», — заявіў кіраўнік дзяржавы. Але паводле правілаў праваслаўнай царквы высокія пасады можа займаць толькі манах.

13:11 29.4.2015

Не мяняючы мадэль.

Cпроба прымусіць працаваць эканоміку заклікамі, патрабаваньнямі, нічога не мяняючы ў самой эканамічнай сыстэме. Самі па сабе прапановы, агучаныя Лукашэнкам, можа, і правільныя. Але ў межах існай эканамічнай мадэлі яны не працуюць.

13:10 29.4.2015

Лукашэнка раптам раіць чыноўнікам сябраваць з апазыцыянэрамі

Нечакана Лукашэнка раіць чыноўнікам размаўляць і нават сябраваць з апазыцыянэрамі. Бо апазыцыянэры «зразумелі, што такое мір, стабільнасьць і зямля». «Нам канфрантацыя не патрэбная. Таму трэба размаўляць з усімі», — кажа Лукашэнка, і гэта, можна сказаць, пэўныя новыя ноткі. Найчасьцей апошнія гады кіраўнік дзяржавы гаварыў пра апазыцыю выключна ў прыніжальным і абразьлівым тоне. «Новыя ноткі» відавочна выкліканыя апошнімі геапалітычнымі зьменамі, наступам «рускага міру». На гэтым фоне Лукашэнка (хаця б зьнешне) дэманструе прыхільнасьць да нацыянальнага кампрамісу і паразуменьня. Аднак пераацэньваць такія «ноткі» відавочна, нельга.

12:59 29.4.2015
Пра мову і патрыятызм


На дарогах надпісы зьявіліся на беларускай мове – нас пачалі гэтым папракаць. Але гэта наша родная мова!

Мы сувэрэнная незалежная дзяржава, але ўсю зьнешнюю палітыку каардынуем з Расеяй: прымаем сумесныя двухгадовыя пляны і зацьвярджаем на вышэйшым узроўні. Учора не было такой краіны, як Беларусь, сёньня – ёсьць, але будзем сумленныя: што, мы самі гэтага захацелі?

12:57 29.4.2015

Лукашэнка хваліць апазыцыю: Ня ўсе яны гадкія і шкодныя

12:56 29.4.2015

Лукашэнка пра Зісера:

12:54 29.4.2015
Лукашэнка пра магчымыя ўзбройныя канфлікты: мы будзем побач з Расеяй

Лукашэнка: калі нешта здарыцца, мы будзем побач з Расеяй. Гэта наш саюзьнік. Вядома, ня дай Бог нам трэба патрапіць у такую сытуацыю, калі, насуперак усяму, мы будзем вымушаная падтрымліваць нашага саюзьніка.

Мы прыедзем у Маскву і пакажам, што мы - рускі мір!

12:53 29.4.2015
«Прадказальная і стабільная Беларусь — каштоўнасьць для ўсяго сьвету»

Лукашэнка заявіў, што час паказвае «эфэктыўнасьць беларускай палітычнай сыстэмы», заснаванай на «прамым народапраўстве».

«Нам канфрантацыя ўнутры краіны абсалютная не патрэбная», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка адзначыў узмацненьне ролі канструктыўных арганізацыяў у разьвіцьці грамадзянскай супольнасьці.

Гаворачы пра міжнародную палітыку, ён згадаў пра міратворчую ролю Беларусі:

«І амэрыканцы, і эўрапейцы прызналі, што Беларусь грае адну з найважнейшых функцыяў у рэгіёне па забесьпячэньні бясьпекі. Гэта праўда, гэта справядліва... Прадказальная і стабільная Беларусь — каштоўнасьць для ўсяго сьвету».

12:42 29.4.2015

Дзіўныя развагі пра кіно, пра голых баб у ложку, безь якіх зараз ніякага «кіна» няма. Ну, зразумела, «ажыўляж» напэўна патрэбны. Але, здавалася б, ня так дробнатэмна. Шчасьлівая краіна, у якой важная праблема, вартая ўзгадкі ў пасланьні парлямэнту і нацыі – стан айчыннага кінэматографа. Можа, Беларусь такая і ёсьць? А можа, напляваць? Вось захацелася паказаць, што і да «кіна» ёсьць справа – і сказаў. Пра ўсё клапаціцца даводзіцца, без «бацькі» ж і бульбу перабраць ня могуць.

12:38 29.4.2015

Лукашэнка пра сьвятароў і дзяцей

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG