Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў Казахстане: Назарбаеў перамог з паказчыкамі, да якіх Лукашэнку яшчэ далёка


Нурсултан Назарбаеў
Нурсултан Назарбаеў

Нурсултан Назарбаеў перамог на прэзыдэнцкіх выбарах, якія прайшлі без удзелу дэмакратычнай апазыцыі і нават без фармальнага апаніраваньня з боку іншых кандыдатаў.

Паводле папярэдніх зьвестак казахстанскага ЦВК, першы і пакуль адзіны прэзыдэнт Нурсултан Назарбаеў набірае на выбарах 97,7% галасоў.

Палітоляг з Казахстану, дырэктар Цэнтру аналітычных дасьледаваньняў «Альтэрнатыва» Андрэй Чабатароў у інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што гэтыя прэзыдэнцкія выбары мелі некалькі асаблівасьцяў.

Па-першае, яны былі датэрміновыя. Паводле слоў Чабатарова, казахстанскай уладзе сёньня трэба атрымаць мандат даверу дзеля ўмацаваньня стабільнасьці ў краіне ў сьвятле імаверных выклікаў — як зьнешніх, так і ўнутраных.

Андрэй Чабатароў
Андрэй Чабатароў

«Гэта і сытуацыя на сусьветных рынках нафты і мэталу, бо гэта аснова казахстанскага экспарту. Гэта і чаканьне імавернай дэвальвацыі, бо пасьля выбараў можна будзе прымаць нейкія непапулярныя меры. Ну і, вядома, гэта тое, што адбываецца ва Ўкраіне і вакол Украіны, вайна санкцыяў паміж Расеяй і Захадам», — тлумачыць экспэрт.

Па-другое, як адзначае Чабатароў, казахстанскія выбары характарызаваліся «канкурэнцыяй без апаніраваньня і ўзаемнай крытыкі». «Была канкурэнцыя не пэрсон, а хутчэй нейкіх каштоўнасных установак, якія былі выкладзеныя ў праграмах кандыдатаў», — кажа дырэктар Цэнтру аналітычных дасьледаваньняў «Альтэрнатыва».

Прычым зьмест праграмаў альтэрнатыўных кандыдатаў быў даволі спэцыфічны:

«У кандыдата ад Камуністычнай народнай партыі Казахстану (партыя ўваходзіць у казахстанскі парлямэнт. — РС) Тургуна Сыздыкава была даволі незвычайная праграма. Ён, вядома, адзначыў важнасьць ідэалёгіі марксізму-ленінізму, але сваю праграму пабудаваў на крытыцы заходніх каштоўнасьцяў. У прынцыпе, у ягонай праграме былі толькі заклікі: адмовіцца ад заходніх прадуктаў, ня есьці фастфуд і г.д.

Плякат з Тургунам Сыздыкавым
Плякат з Тургунам Сыздыкавым

Іншы кандыдат, Абельгазі Кусаінаў, пабудаваў сваю праграму на неабходнасьці бараніць экалёгію і навакольнае асяродзьдзе, хоць ён не адмысловец у гэтай сфэры — ён прафсаюзны дзеяч. То бок, гэта было дзіўна: ён выступаў па пытаньнях, якія ня маюць адносінаў да ягонай дзейнасьці».

Апазыцыя ў прэзыдэнцкіх выбарах ня ўдзельнічала — прычым, паводле слоў Чабатарова, гэта быў не байкот, а менавіта няўдзел. У прыватнасьці, апазыцыйная сацыял-дэмакратычная партыя пад кіраўніцтвам Жармахана Туякбаева палічыла, што браць удзел у выбарах проста бессэнсоўна.

«Жармахан Туякбаеў быў кандыдатам у прэзыдэнты ад апазыцыйных сіл у 2005 годзе (паводле афіцыйных зьвестак, тады ён заняў другое месца, набраўшы 6,64% галасоў выбарцаў. — РС). Гэтым разам ён заявіў, што ўдзельнічаць у выбарах бессэнсоўна. Але мы разумеем, што за апошнія 10 гадоў у апазыцыі адбыўся шэраг расколаў і разьмежаваньняў, таму, нават калі б Жармахан Туякбаеў вылучаўся, ён бы ўжо ня меў патэнцыялу 2005 году», — лічыць экспэрт.

Па-трэцяе, на выбарах-2015 у Казахстане была зафіксаваная вельмі высокая яўка. Такі ўзровень мабілізацыі насельніцтва палітоляг тлумачыць сёньняшняй зьнешнепалітычнай сытуацыяй.

На выбарчым участку
На выбарчым участку

У Казахстане «ўсе хочуць стабільнасьці»

На думку Чабатарова, афіцыйныя зьвесткі пра падтрымку Назарбаева ў цэлым адлюстроўваюць рэальныя настроі ў казахстанскім грамадзтве.

«Я думаю, што Назарбаеў добра ўлоўлівае настроі ў грамадзтве. Сапраўды, наша грамадзтва такое „складаназлучанае“ і па сацыяльных, і па этнічных, і па моўных, і па рэлігійных прыкметах. Але ўсе хочуць стабільнасьці — асабліва на фоне таго, што адбываецца ў іншых постсавецкіх грамадзтвах. Вядома, што і акрамя таго ёсьць шмат розных фактараў — і міжнароднае прызнаньне, і прафэсійны досьвед яшчэ з часоў савецкай партыйнай працы, і г.д.», — кажа палітоляг.

Прыхільнікі Нурсултана Назарбаева на пасьлявыбарчым мітынгу
Прыхільнікі Нурсултана Назарбаева на пасьлявыбарчым мітынгу

Нурсултан Назарбаеў кіруе Казахстанам ужо 26 гадоў: у 1989–1991 гадах ён быў першым сакратаром ЦК Кампартыі Казахстану, а з 1991 году — прэзыдэнтам Рэспублікі Казахстан.

Сёньняшні паказчык падтрымкі Назарбаева — 97,7% галасоў — найвышэйшы з 1991 году, калі ён упершыню выйграў выбары, якія, праўда, праходзілі цалкам на безальтэрнатыўнай аснове. Падчас апошніх трох прэзыдэнцкіх кампаніяў назіралася наступная дынаміка: у 1999 годзе Назарбаеў атрымаў 81% галасоў, у 2005 — 91%, у 2011 — 95,5%.

Класкоўскі: у беларусаў мацнейшыя дэмакратычныя традыцыі

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Беларускі калега Назарбаева Аляксандар Лукашэнка за 21 год праўленьня ніколі ня меў на выбарах такога ўзроўню падтрымкі. Паводле афіцыйных зьвестак беларускага ЦВК, максымальную колькасьць галасоў Лукашэнка набраў на выбарах 2006 году — 83% (вынікі выбараў не былі прызнаныя ЭЗ і ЗША).

Разважаючы на гэтую тэму, палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі ў інтэрвію Радыё Свабода адзначыў, што існуе некалькі аб’ектыўных фактараў, якія працуюць на падтрымку насельніцтвам Нурсултана Назарбаева і якія адрозьніваюць палітычную сытуацыю ў Казахстане і ў Беларусі.

«Тут трошкі іншы мэнталітэт: усё ж такі мы ў Эўропе, тут мацнейшыя дэмакратычныя традыцыі. Калі ўзяць рэтраспэктыву Вялікага Княства Літоўскага, то яны былі закладзеныя яшчэ ў сярэднявеччы (праўда, цяперашні рэжым, а раней рэжым савецкі добра пашчыравалі, каб усё гэта выбіць з памяці і сьвядомасьці беларусаў — але гэта ўжо асобная тэма). А ў Казахстане традыцыйна ўсё ж такі ёсьць правадыр, моцная фігура, якую ўсе павінны падтрымліваць, і гэта сапраўды працуе. Па-другое, у Назарбаева вялікі рэальны аўтарытэт. І яшчэ адна важная рэч — гэта тое, што ўсё ж такі Назарбаеў сапраўды паказвае пэрспэктыву. Калі ў нас рэфрэнам гучыць, што нічога мяняць ня трэба, і так усё, у прынцыпе, добра, магло быць і горш, то ў Казахстане Назарбаеў на гэтыя выбары пайшоў пад лёзунгам карэнных рэформаў. Як тыя рэформы рэалізуюцца, трэба яшчэ паглядзець, але факт у тым, што ў лідэра ёсьць нацэленасьць на зрухі — ён разумее, што бяз гэтага пэрспэктывы ў краіне ня будзе. Таму сапраўды паказчык высокі. Я не гатовы дыскутаваць на тэму, ці былі там фальсыфікацыі, а калі былі, то наколькі яны былі значныя, але можна сказаць, што ўзровень падтрымкі ў Назарбаева сапраўды вялікі».

Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў, архіўнае фота

У Беларусі ж «гістарычна склалася», што Лукашэнка мае падтрымку на выбарах прыблізна каля 80%, што вынікае з самой лёгікі аўтарытарнай сыстэмы, лічыць Класкоўскі.

«Што тычыцца беларускага афіцыйнага лідэра, то, як вядома, яму заходнікі прапаноўвалі ў свой час правесьці выбары так, каб у яго быў, так бы мовіць, „эўрапейскі“ вынік. Ён пра гэта потым прастадушна расказаў публічна. „Эўрапейскі“ вынік — гэта 53–55%, і, дарэчы, нават незалежная сацыялёгія паказвае, што прыблізна такі рэальны ўзровень падтрымкі беларускі лідэр і меў на ўсіх папярэдніх прэзыдэнцкіх выбарах. Але сама лёгіка аўтарытарнай сыстэмы, сама ідэалёгія моцнай рукі, тое, што ён сам сябе лічыць народным прэзыдэнтам — гэтыя чыньнікі працуюць на тое, каб усё ж такі вынік арытмэтычны, прапісаны і абвешчаны афіцыйна, быў, як гістарычна ў нас усталявалася, недзе блізу 80%. І хоць пацяпленьне дачыненьняў з Эўропай і ЗША нібыта падштурхоўвае да варыянта гульні з „эўрапейскім“ вынікам (і, у прынцыпе, ёсьць упэўненасьць, што перамога ў любым выпадку будзе ў цяперашняга кіраўніка), але гэта ў пляне піяраўскім, у пляне іміджу. Але ў пляне псыхалягічным для яго гэта, я думаю, — як нож востры. Таму большасьць аналітыкаў прагназуе, што і на восеньскіх выбарах у любым выпадку, незалежна ад рэальнага рэйтынгу, вэртыкаль будзе шчыраваць, каб забясьпечыць прыблізна такі вынік — недзе пад 80%», — распавёў Класкоўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG