Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керы Лаўрову: ЗША патрабуюць ад Расеі вывесьці войскі з Украіны


Дзяржаўны сакратар ЗША Джон Керы ў тэлефоннай размове зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым патрабаваў ад Расеі вывесьці ейныя войскі з усходу Ўкраіны і націснуць на сэпаратыстаў, якіх Расея падтрымлівае, каб дамагчыся ад іх выкананьня замірэньня, паведамілі ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША.

Таксама ў ходзе размовы, якая адбылася ў сераду, 22 красавіка, Керы прасіў Лаўрова дапамагчы ў тым, каб міжнародныя назіральнікі змаглі дабрацца да захопленых сэпаратыстамі тэрыторыяў ва Ўкраіне, паведаміў журналістам неназваны прадстаўнік Дзярждэпартамэнту.

Акрамя таго, Керы паведаміў Лаўрову, што дзеяньні амэрыканскіх вайскоўцаў, якія цяпер на захадзе Ўкраіны навучаюць службоўцаў Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны, цалкам празрыстыя, маюць толькі абарончы характар і адбываюцца на запрашэньне ўкраінскіх уладаў, паведаміў чыноўнік.

Увечары ў сераду, 22 красавіка, Міністэрства замежных спраў Расеі падало свой выклад гэтай размовы, згодна зь якім Лаўроў казаў дзяржсакратару Керы: прыбыцьцё на Явароўскі палігон пад Львовам вайскоўцаў ЗША і нібыта «інфармацыя пра зьяўленьне ў шэрагах украінскіх войскаў на Данбасе пэрсаналу амэрыканскай ваеннай кампаніі «Academi», на яго думку, «сьведчаць пра парушэньне Кіевам сваіх абавязаньняў наконт вываду ўсіх замежных фармаваньняў, вайсковай тэхнікі і наёмнікаў з тэрыторыі Ўкраіны».

Такое патрабаваньне аб вывадзе ўтрымліваецца ва ўсіх пакетах менскіх дамоўленасьцяў, але выконваць яго Расея і не пачынала. Таксама Расея і ўзброеныя сэпаратысты, якіх яна падтрымлівае, пастаянна парушаюць рэжым спыненьня агню на ўсходзе Ўкраіны. У Кіеве падкрэсьлівалі, што прыбыцьцё на захад Украіны цяпер войскаў ЗША, а ў будучыні таксама Вялікабрытаніі і Канады дзеля вучэньняў з украінскімі вайскоўцамі, якое адбываецца са згоды ўкраінскага парлямэнту, ня тычыцца менскіх дамоўленасьцяў, у адрозьненьне ад знаходжаньня на ўсходзе Ўкраіны расейскіх вайскоўцаў, якія акупавалі тую тэрыторыю збройнай сілай.

Расея, нягледзячы на шматлікія доказы, якія прыводзіліся ў Украіне і на Захадзе, працягвае сьцьвярджаць, быццам ня мае дачыненьня да дзеяньняў сэпаратыстаў на частцы ўсходу Ўкраіны і быццам ейных войскаў на Данбасе няма, хіба што «добраахвотнікі». Наяўнасьць на Данбасе значных колькасьцяў узбраеньняў з Расеі Масква ўжо і не камэнтуе, заяўляючы, што нічога пра гэта ня ведае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG