Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША: Расея нарошчвае вайсковую прысутнасьць у Данбасе


Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнта Мэры Харф.
Прэс-сакратар Дзярждэпартамэнта Мэры Харф.

Злучаныя Штаты заявілі аб тым, што Расея дыслякавала на ўсходзе Ўкраіны дадатковыя супрацьпаветраныя сыстэмы ў парушэньне менскіх дамоўленасьцей аб спыненьні агню.

«Расейская армія разгарнула дадатковыя супрацьпаветраныя сыстэмы на ўсходзе Ўкраіны і перамясьціла некаторыя зь іх да перадавой лініі, — гаворыцца ў заяве прэс-сакратара Дзярждэпартамэнта Мэры Харф. — Гэта самая высокая канцэнтрацыя расейскай супрацьпаветранай зброі са жніўня».

У заяве Дзярждэпартамэнта таксама гаворыцца аб перамяшчэньні расейскіх сухапутных сіл да мяжы з Украінай. Цяпер іх колькасьць дасягнула самага высокага з кастрычніка мінулага года ўзроўню. Газета The New York Times цытуе прадстаўніка адной з заходніх краін, які кажа, што, паводле заходніх зьвестак выведкі, Расея высунула на мяжу дванаццаць батальёнаў. Колькасьць батальёна можа дасягаць тысячы чалавек.

Расея, паводле заявы Дзярждэпартамэнта, вядзе маштабную падрыхтоўку сіл сэпаратыстаў на ўсходзе Ўкраіны. Выкарыстаньне расейскіх самалётаў-бесьпілотнікаў для вядзеньня выведкі падчас вучэбных апэрацый «не пакідае ніякіх сумневаў у датычнасьці Расеі да гэтай падрыхтоўкі».

Акрамя гэтага, «аб’яднаныя сілы Расеі і сэпаратыстаў захоўваюць значную колькасьць артылерыйскіх гармат і установак залпавага агню ў зонах, дзе іх разьмяшчэньне забаронена згодна зь менскім пагадненьням». «Расея працягвала пастаўкі цяжкага ўзбраеньня ва ўсходнюю Ўкраіну», — гаворыцца ў заяве Дзярждэпартамэнта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG