Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску ўшануюць памяць ахвяраў генацыду армянаў


Армэнія. Цырымонія кананізацыі каля 1,5 мільёна ахвяраў генацыду армянаў 1915 году. Эчміадзін, 23 красавіка 2015

У Ерэване на вышэйшым міжнародным узроўні праходзяць жалобныя ўрачыстасьці з нагоды 100-годзьдзя генацыду армянаў 1915 году.

З гэтай нагоды армянская дыяспара ў Беларусі ўшануе памяць сваіх суродзічаў у Менску. Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе паведаміў старшыня Менскага грамадзкага культурна-асьветніцкага таварыства «Айастан» Георгій Егіазаран.

Карэспандэнтка: «Наколькі вялікая колькасьць армянаў жыве ў Беларусі і ў якіх месцах — найбольш?»

Егіазаран: «Паводле перапісу насельніцтва 2009 году, у Беларусі жывуць 8 тысяч армянаў. У пераважнай бальшыні іх месца жыхарства — Менск. Нашае грамадзкае таварыства называецца „Айастан“, што ў перакладзе азначае „Армэнія“. Празь яго мы трымаем паміж сабою сувязі ня толькі тут, у Беларусі, але не аднойчы бывалі і па-за межамі Беларусі: ва Ўкраіне, у Польшчы, Літве, Эстоніі, Фінляндыі, каб пазнаёміцца, як там жывуць нацыянальныя супольнасьці, параўнаць».

Карэспандэнтка: «І на чыю карысьць параўнаньне?»

Егіазаран: «На жаль, ёсьць і адмоўныя прыклады. На шчасьце, у нас добра. Калі ёсьць патрэба вывучыць армянскую мову, то калі ласка — у школах па нядзелях ёсьць такая магчымасьць. Бывае так, што ня толькі армяне жадаюць вывучаць, але прадстаўнікі іншых народаў. Да прыкладу, кажа: закахалася ў армяніна і хачу ведаць армянскую мову — то ёсьць такая магчымасьць. Ёсьць пляцоўка для правядзеньня рэпэтыцыяў, канцэртаў нашых мастацкіх калектываў.

У Беларусі ўвогуле вельмі моцна разьвітае мастацкае і культурнае жыцьцё нашага таварыства. У нас ёсьць вельмі моцныя танцавальныя калектывы, у тым ліку, дзіцячы. Яны аматарскія, але ўзровень іх майстэрства вельмі высокі — неаднойчы ўдзельнічалі і перамагалі ў міжнародных конкурсах. У фэстывалі Нацыянальных культур у Горадні ўдзельнічаем, пачынаючы ад самага першага. Ганарымся сваёй зямлячкай Іскуі Абалян — вядомай сьпявачкай. Таксама адзначаем некаторыя свае нацыянальныя сьвяты, у тым ліку і рэлігійныя. У Беларусі ёсьць дзьве структуры, якія спрыяюць нацыянальным таварыствам. Камітэт у справах рэлігіяў пры Савеце міністраў і Рэспубліканскі цэнтар нацыянальных культур. Гэтак нам выдзяляюцца грошы на набыцьцё нацыянальных строяў, на інструмэнты, на транспарт, калі мы выяжджаем за межы краіны. Але і мы таксама самі плацім за такія паездкі».

Карэспандэнтка: «Гэтымі днямі ў Ерэване праходзяць жалобныя імпрэзы з нагоды 100-годзьдзя генацыду армянскага народа. Як гэтую трагічную дату ўзгадваюць армяне Беларусі?»

Егіазаран: «У нас да гэтай даты складзеная адмысловая праграма. Адзін зь яе складнікаў — гэта паказ мастацкіх і дакумэнтальных фільмаў, якія распавядаюць пра генацыд. Гэта цэлая сэрыя фільмаў, якія ў Беларусь прывёз дырэктар фэстывалю ў Армэніі „Залаты абрыкос“, і гэтыя фільмы цягам трох дзён былі паказаныя ў Менску ў лютым. У сакавіку распачалася і цяпер доўжыцца выстава армянскіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі. У красавіку прайшоў фэстываль „Танцы Заходняй Армэніі“. Галоўная ж частка гэтай праграмы — ушанаваньне памяці ахвяраў генацыду, якое адбудзецца ў пятніцу, 24 красавіка.

У нас у Менску ёсьць помнік „Крыж і камень“. Ён усталяваны на Вайсковых могілках каля царквы Аляксандра Неўскага. Усе армяне зьбяруцца каля царквы, пад званы ўскладуць кветкі і вянкі, запаляць сьвечкі. Натуральна, што жалобная цырымонія будзе прадоўжаная прамовамі ўдзельнікаў. Перадусім, амбасадара Армэніі ў Беларусі. Менавіта армянская амбасада і рыхтуе гэтую ўрачыстасьць. А таму не магу сказаць, ці будуць удзельнічаць у гэтай імпрэзе прадстаўнікі ўладаў Беларусі. Думаю, што запрашэньні ўрадоўцам былі адпраўленыя. Ну і апрача таго, нашая дэлегацыя армянаў Беларусі гэтымі днямі знаходзіцца ў Ерэване, дзе прымае ўдзел у жалобных урачыстасьцях».

Карэспандэнтка: «Тое, што прэзыдэнт Беларусі не прымае ўдзел мэмарыяльных імпрэзах у Армэніі — вас не засмучае гэты факт?»

Егіазаран: «Мне цяжка нешта меркаваць і выказвацца на гэты конт. Некаторыя краіны ўвогуле не прызнаюць факт генацыду армянаў. Цяжка нешта казаць за гэтыя краіны ці асуджаць іх».

Карэспандэнтка: «Якімі ў выніку будуць далейшыя міждзяржаўныя адносіны паміж Беларусьсю і Армэніяй — як вам падаецца?»

Егіазаран: «Яны і раней былі добрыя. А зараз, калі Армэнія стала чальцом Эўразійскага эканамічнага саюза, то яны будуць толькі паляпшацца. Ня бачу прычынаў, каб яны пагаршаліся».

XS
SM
MD
LG