Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку чакаюць з першым візытам у Грузіі


Першы афіцыйны візыт прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў Тбілісі адбудзецца 22-24 красавіка, паведаміў у панядзелак на брыфінгу сьпікер МЗС Грузіі Давід Керэсэлідзэ.

Паводле яго, 23 красавіка адбудзецца сустрэча кіраўніка Беларусі з прэзыдэнтам Грузіі Георгіем Маргвелашвілі і прэм’ер-міністрам Іракліем Гарыбашвілі, паведамляе Інтэрфакс.

«Пасьля сустрэчы адбудзецца падпісаньне сумеснага дакумэнта. Таксама прэзыдэнты дзьвюх краінаў правядуць сумесную прэс-канфэрэнцыю», — распавёў Д.Керэсэлідзэ. Паводле яго А.Лукашэнка ў той жа дзень ўскладзе вянкі да мэмарыялу воінаў, якія загінулі за адзінства Грузіі, і да магілы невядомага салдата.

Прадстаўнік МЗС паведаміў, што пры канцы дня А. Лукашэнка сустрэнецца з Каталікосам-патрыярхам Грузіі Ільлём Другім і наведае сабор Сьвятой Тройцы ў Тбілісі. Як сказаў Д. Керэсэлідзэ, 24 красавіка прэзыдэнт Беларусі наведае Батумі, дзе сустрэнецца з кіраўніком ураду Аджарскай аўтаномнай рэспублікі Арчылам Хабадзэ, а таксама з прадстаўнікамі СМІ рэгіёну. «У Батумі будзе падпісаны дагавор аб пабрацімстве Батумі і Берасьця. Аляксандр Лукашэнка агледзіць славутасьці Батумі і прыме ўдзел у розных культурных мерапрыемствах», — адзначыў прадстаўнік МЗС. Ён таксама паведаміў, што ў рамках візыту 22 красавіка адбудзецца грузіна-беларускі бізнэс-форум. Дэлегацыю Беларусі на форуме будзе ўзначальваць віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы.

Адносіны паміж Беларусьсю і Грузіяй зазнавалі ў апошнія дзесяцігодзьдзі рэзкія павароты. Пасьля перамогі «рэвалюцыі ружаў» у 2003 годзе і прыходу да ўлады Міхаіла Саакашвілі ў стасунках дамінавала напружанасьць. Тбілісі рэзка крытыкаваў дыктатарскі Менск, грузінскі прэзыдэнт напярэдадні выбараў у Беларусі ў 2006 годзе заклікаў да ўзмацненьня заходніх санкцыяў супраць афіцыйнага Менску.

Але ўжо ў 2007 годзе адносіны сталі паляпшацца. Асабліва шчыльнымі яны сталі ў 2008 годзе, пасьля адмовы Беларусі прызнаць незалежнасьць Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі пасьля расейска-грузінскай вайны. Беларусь не далучылася да візавых і гандлёвых «войнаў» адносна Грузіі, якія вяла і вядзе Расея.


Падчас інфармацыйнай і гандлёвай «вайны» паміж Беларусьсю і Расеяй у 2010 годзе (фільмы «Хросны бацька» і адключэньне транзыту газу) БТ паказала інтэрвію з Саакашвілі, ў якім той крытыкаваў пазыцыю Расеі.

Міхэіл Саакашвілі павіншаваў Аляксандра Лукашэнку зь перамогай на выбарах у 2010 годзе.

Першая сустрэча Лукашэнкі і Саакашвілі адбылася ў 2010 годзе ў Ялце, у Крыме. Два лідэры сустрэліся ў Кіеве падчас футбольнага чэмпіянату Эўра-2012.

Пасьля перамогі Георгія Маргвелашвілі на выбарах прэзыдэнта Грузіі ў 2013 годзе Лукашэнка накіраваў яму афіцыйнае віншаваньне.

У інтэрвію расейскаму тэлеканалу «Дождж» у траўні 2014 году беларускі кіраўнік высока ацаніў былога прэзыдэнта Грузіі:

«Ніхто за Беларусь так не ваяваў на Захадзе, як Саакашвілі. Ён ім там казаў: ніякіх санкцый быць не павінна, Лукашэнка — нармальны прэзыдэнт».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG