Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхневіч паляцеў у Грузію рыхтаваць візыт Лукашэнкі


Першы намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Юры Міхневіч узначаліў дэлегацыю, якая 19–20 сакавіка ў Тбілісі праводзіць кансультацыі са сваімі калегамі з МЗС Грузіі.

Пра гэта паведаміў сёньня прэсавы сакратар МЗС Беларусі Дзьмітры Мірончык.

На пытаньне, ці зьвязаны гэты візыт беларускіх дыпляматаў з маючым адбыцца ў красавіку першым візытам у Грузію Аляксандра Лукашэнкі, афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі адказаў, што інфармацыю пра візыты кіраўніка дзяржавы трэба ўдакладняць у прэсавай службе Аляксандра Лукашэнкі.

Дзьмітры Мірончык сказаў, што беларускі бок хвалюе дысбалянс у таваразвароце паміж Беларусьсю і Грузіяй. Па выніках 2014 году імпарт грузінскіх тавараў у Беларусь перавышае экспарт беларускіх тавараў у Грузію.

У Беларусі ўжо амаль дзесяць гадоў працуе амбасада Грузіі, а вось амбасады Беларусі ў Тбілісі дагэтуль няма. Таму па консульскія паслугі ў выпадку неабходнасьці беларускія грамадзяне вымушаныя зьвяртацца ў амбасаду Беларусі ў Армэніі.

«У мяне няма ніякага сумневу ў тым, што паездка першага намесьніка міністра замежных спраў Беларусі ў Тбілісі наўпрост зьвязаная з анансаваным візытам туды Аляксандра Лукашэнкі. Да кіраўніка Беларусі там вельмі добрае стаўленьне», — кажа міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі, які неаднаразова наведваў Грузію:

Грузіны цэняць афіцыйнае непрызнаньне Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў якасьці сувэрэнных дзяржаў.

«Грузіны цэняць афіцыйнае непрызнаньне Беларусьсю Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі ў якасьці сувэрэнных дзяржаў. І былое кіраўніцтва Грузіі, і цяперашняе, калі ставіцца пытаньне адносна Беларусі пра прыярытэт дэмакратычных каштоўнасьцяў альбо інтарэсаў, абіраюць нацыянальныя інтарэсы. І яны гэтага не хаваюць.

І тут ёсьць вялікае адрозьненьне пазыцыі Менску і пазыцыі Масквы. Расея ўводзіла візавы рэжым для грамадзян Грузіі. Беларусь гэтага ніколі не рабіла. Грамадзяне Грузіі і дагэтуль свабодна прыяжджаюць у Беларусь. Як і наадварот, беларусам таксама не патрэбная віза, каб наведваць Грузію.

Дарэчы, з боку Беларусі, і гэта трэба аб’ектыўна прызнаць, тэхнічна наладзіць бязьвізавы рэжым было няпроста. Бо ў нас жа няма візаў у дачыненьнях з Расеяй. Час ад часу зьяўляецца інфармацыя пра грамадзянаў Грузіі, якія спрабуюць нелегальна перайсьці зь Беларусі ў Польшчу або Літву. Але сказаць, што гэта масавая зьява, нельга.

Яшчэ прыклад — Расея некалькі разоў уводзіла эмбарга на грузінскія тавары. Беларусь гэтага ніколі не рабіла. Больш за тое, падчас апагею расейска-грузінскага канфлікту некаторыя масквічы прыяжджалі ў Беларусь і ад нас скрынкамі вывозілі „Баржомі“.

Я згадваю сваю сустрэчу з Вано Мерабішвілі ў Тбілісі, які ў той час быў міністрам унутраных спраў Грузіі (пазьней і прэм’ерам). І ён мне тады сказаў так:

— „Баржомі“ п’еш?

— П’ю.

— Да нас прыехаў бязь візы?

— Так.

— Таму нічога дрэннага пра Лукашэнку я гаварыць ня буду».

Дарэчы, Мерабішвілі тады ж казаў мне, што ён пяць разоў быў у Менску ў якасьці асабістага прадстаўніка Саакашвілі. І менавіта тады вырашалася, як лепей наладзіць сыстэму бязьвізавага рэжыму паміж Грузіяй і Беларусьсю".

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG