Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для крамлёўскіх троляў стварылі адмысловы сайт з прапагандысцкімі дэматыватарамі


Сымбаль інтэрнэт-троляў
Сымбаль інтэрнэт-троляў

Старонка вштабе.рф з кірылічным даменным адрасам — гэта архіў зьневажальных малюнкаў, з дапамогай якіх можна пазьдзекавацца з заходніх і ўкраінскіх чыноўнікаў.

2 красавіка брытанскае выданьне The Guardian апублікавала гутарку з двума былымі супрацоўнікамі гэтак званай арміі крамлёўскіх троляў. Газэта піша, што каб разнастаіць допісы такіх інтэрнэт-троляў, створаны цэлы сайт, у якім можна знайсьці тысячы малюнкаў, якія зьдзекуюцца з заходніх лідэраў і ўкраінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, а таксама паказваюць расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна выключна ў добрым сьвятле, як чалавека, які ўмее востра і забаўна адказаць іншым.

Здымкі могуць быць сапраўдныя, але вырваныя з кантэксту. Часам да іх з дапамогай графічных рэдактараў дамаляваныя дэталі, якія часта маюць расцісцкі і гамафобны кантэкст. Напрыклад, прэзыдэнта ЗША Барака Абаму прадстаўляюць як малпу (банан зьяўляецца частым матывам на такіх здымках). На іншых малюнках прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка ў жаночым адзеньні ці з моцным макіяжам на твары.

На адным з малюнкаў Пятро Парашэнка сядзіць у жаночай бялізьне перад маніторам кампутара, на якім паказаная выява Барака Абамы. Подпіс пад карцінкай: «Відэаканфэрэнцыя аб атрыманьні новага крэдыту для Ўкраіны».

Журналіст The Guardian Шон Уолкер зьвязаў гэты сайт з фабрыкай крамлёўскіх троляў у Санкт-Пецярбургу. Журналіст зрабіў інтэрвію з адным з былых супрацоўнікаў фабрыкі троляў, які назваў сябе Маратам і працаваў там цягам двух месяцаў. Умовы працы Марат назваў зьневажальнымі — да прыкладу, за спазьненьне супрацоўнікаў штрафавалі. А рыторыка паведамленьняў, якую дыктавалі кіраўнікі, зьмянялася ад пракрамлёўскай да антызаходняй.

У інтэрвію Радыё Свабода Марат распавёў пра значэньне, якое гэтыя дэматыватары маюць для арміі троляў ў Санкт-Пецярбургу:

«Там ёсьць аддзел „Жывога журналу“, аддзел навінаў, аддзел, дзе яны ствараюць розныя малюнкі і дэматыватары».

Сайт вштабе.рф быў зарэгістраваны ў Расеі, хоць публічных запісаў, якія адносяць яго да нейкай арганізацыі, няма.

Са зьвестак базы дадзеных у інтэрнэце вынікае, што сайт быў зарэгістраваны 29 сакавіка 2014 году, менш чым праз два тыдні пасьля захопу Расеяй Крыму, што выклікала санкцыі ЗША і ЭЗ. Марат распавёў Радыё Свабода, што кіраўнікі і працаўнікі фабрыкі троляў у Санкт-Пецярбургу «ўсе сілы кінулі на Ўкраіну».

Марат зьяўляецца адным зь некалькіх працаўнікоў гэтай фабрыкі троляў, якія распавёў падрабязнасьці пра гэтую арганізацыю мэдыям, уключна з Радыё Свабода. Іншыя працаўнікі распавялі, што яны расчараваліся ў цынічнай палітыцы гэтай працы.

Працаўнікі «Фабрыкі троляў» пасьля артыкулу ў The Guardian апублікавалі чарговы малюнак. На ім Пуцін і Абама чытаюць брытанскую газэту. Амэрыканскі прэзыдэнт пытаецца ў свайго расейскага калегі:

«Guardian піша, што вашы тролі апублікавалі карыкатуры пра мяне. Як вам ня сорамна?» Пуцін адказвае: «Толькі за цябе, Барак».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG