Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч патрабуе спыніць расейскую прапаганду ў Беларусі, Давыдзька кажа, што яе зьмякчаюць


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

У Белтэлерадыёкампаніі заяўляюць, што стараюцца «максымальна зьмякчыць прапагандысцкую рыторыку» расейскага тэлебачаньня наконт падзеяў ва Ўкраіне.

13 сакавіка старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч накіраваў у Белтэлерадыёкампанію зварот, у якім заклікаў спыніць рэтрансьляцыю ў Беларусі інфармацыйных, аналітычных і публіцыстычных праграмаў расейскага тэлебачаньня ў сувязі з тым, як у іх асьвятляецца ўкраінскі крызіс.

У адказе за подпісам Генадзя Давыдзькі адзначаецца, што Белтэлерадыёкампанія падыходзіць да асьвятленьня падзеяў ва Ўкраіне «максымальна карэктна».

«Тэлеканал „НТВ-Беларусь“ прытрымліваецца ўласнай сеткі вяшчаньня, стараючыся максымальна зьмякчыць прапагандысцкую рыторыку расейскага тэлеканалу НТВ у частцы так званых спэцыяльных выпускаў, журналісцкіх расьсьледаваньняў, аналітычных праграмаў і сюжэтаў, якія могуць спрыяць распальваньню міжнацыянальнай варожасьці і ісьці ўразрэз зь дзяржаўнай палітыкай інфармацыйнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь і афіцыйнай пазыцыяй нашай дзяржавы ў адносінах сувэрэнітэту, тэрытарыяльнай цэласнасьці і незалежнасьці Ўкраіны», — падкрэсьліваецца ў лісьце Давыдзькі.

Аляксей Янукевіч у інтэрвію Радыё Свабода заявіў, што лічыць адказ старшыні дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі фармальным:

«Мы былі б задаволеныя, калі б сапраўды была зьмененая рэдакцыйная палітыка, калі б трансьляцыя расейскіх тэлеканалаў была альбо абмежавана цалкам, альбо прынамсі ў частцы інфармацыйных і публіцыстычных праграмаў. Відавочна, што гэта фармальны адказ, і мы будзем шукаць магчымасьці паўплываць на тое, каб усё ж такі расейская прапаганда не атручвала розумы беларусаў».

Наагул Янукевіч лічыць, што супрацьстаяць расейскай прапагандзе ў Беларусі, безумоўна, магчыма:

«Натуральна павінна быць палітычная воля кіраўніцтва дзяржавы. У адваротным выпадку рабіць гэта выключна сіламі грамадзтва значна складаней, таму што супрацьстаяньне ў вялікай ступені заключаецца ў тым, каб абмежаваць доступ расейскай хлусьлівай прапаганды да беларускага гледача. Натуральна, дзеля ўраўнаважаньня важна было б рэтрансьляваць у Беларусі ўкраінскія каналы, польскія і іншыя каналы — я думаю, што яны б карысталіся і попытам, і папулярнасьцю. Ну і, зразумела, трэба больш пільна ацэньваць тыя расейскія праграмы, якія ідуць у эфір, з пункту гледжаньня парушэньня беларускага заканадаўства, таму што, на нашу думку, такое парушэньне яўна ўтрымліваецца — распальваецца міжнацыянальная варожасьць, парушаюцца іншыя артыкулы. То бок тут неабходна рэагаваньне таксама і пракуратуры».

Паводле слоў старшыні Партыі БНФ, грамадзтву, са свайго боку, трэба аказваць ціск на дзяржаўныя органы, пісаць звароты, распаўсюджваць альтэрнатыўны пункт гледжаньня праз усе магчымыя каналы і выкрываць хлусьню расейскай прапаганды.

«Тыя факты, дзе расейскія, так бы мовіць, „аналітыкі“ будуць злоўлены на хлусьні, вельмі моцна зьмяншаюць эфэктыўнасьць такой прапаганды. Гэта тое, што павінна і можа рабіць беларускае грамадзтва», — кажа палітык.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG