Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актор Алег Сідорчык: Я б хацеў сыграць Лукашэнку, бо граю тых, хто ўжо сышоў


Актор Свабоднага тэатру, які вымушаны быў зьехаць зь Беларусі, разважае, ці могуць тэатар і кіно супрацьстаяць прапагандзе, расказвае, чаму б ён хацеў сыграць Лукашэнку і будзе гэта камэдыя ці трагедыя.

— Алег, мы з вамі сустракаемся ў Празе. Чаму вы цяпер тут?

— Я палітычны ўцякач — вымушаны быў зьехаць пасьля апошніх выбараў, таму з 2011 году жыву ў Лёндане і не магу езьдзіць у Беларусь. А ў Празе я таму, што хоць я ў Лёндане, але жонка мая ў Менску. Вось і сустракаемся ў Вільні, Варшаве, Празе, Лёндане.

— Як, на ваш погляд з-за мяжы, з большай дыстанцыі, ці адбываюцца зьмены ў Беларусі?

— Да нічога там не зьмяняецца! Пакуль будзе Лукашэнка, зьменаў не адбудзецца. І ўвогуле, пакуль будзе Пуцін, то будзе і Лукашэнка. Гэта адно з другога выцякае. Але падставы для зьменаў ёсьць, бо ёсьць у беларусаў і нават расейцаў прага да волі, да свабоды.

— Ці зьмяніўся, на ваш погляд, вэктар зацікаўленасьці міжнароднай супольнасьці, у сувязі з падзеямі ва Ўкраіне, і беларускае пытаньне адышло на другі плян?

— Вэктар зьмяніўся, але гэта слушна, на маю думку. Вельмі важна тое, што адбываецца ва Ўкраіне. Я выступаў на мітынгу ля расейскай амбасады — гэта была гадавіна ўводу расейскіх войскаў у Крым. Я сказаў, што вырашаецца і расейскае, і беларускае пытаньне. Заварылася гэтая каша ва Ўкраіне, яны гэты гадзюшнік расштурхалі. Гэта дарагая цана, але з Украіны ўсё можа пачацца. Украінцы, напэўна, больш актыўныя, чым беларусы, і не такія забітыя, як расейцы, якіх абалванілі гэтыя расейскія СМІ.

— Ці стала меней таксама зацікаўленасьці беларускім тэатрам у Лёндане?

— У нас шмат тэатраў у Менску. Падпольна, але нават некалькі пастановак на тыдзень у нас праходзіць. І гэта подзьвіг беларускіх актораў Свабоднага тэатру, якія працуюць у Беларусі ў такіх складаных умовах. Па-за межамі Беларусі менш адбываецца спэктакляў — гэта калі фэстывалі, гастролі ці туры. Але цяпер іх значна менш, чым раней. У нашым рэпэртуары ёсьць «Кароль Лір», мы гралі яго ў шэксьпіраўскім «Глёбусе». На 10-годзьдзе тэатру таксама паказваем гэтую пастаноўку.

— Вы граеце ў гэтай пастаноўцы акурат Ліра. Каго б Вы яшчэ хацелі сыграць?

— У мяне ніколі не было жаданьня граць нейкую канкрэтную ролю — ні Гамлета, ні Ліра. Я таксама Анатоля Красоўскага граю. Але вось вы спыталіся, і я цяпер задумаўся. Магчыма, я б сыграў беларуса 21 год таму і беларуса цяпер. Цікава было б паглядзець, чым ён жыве, пра што думае, чым дыхае, прааналізаваць сучасную трансфармацыю. Гэта была б рознакаляровая роля, але хутчэй пазытыўная, бо актор мусіць знаходзіць пазытыў. Ёсьць яшчэ адзін чалавек — на сёньняшні дзень самы знакаміты, у многіх на вуснах, такі «недабеларус». Гэта Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка.

— Лукашэнку таксама хацелі б сыграць?

— Я б хацеў яго сыграць, бо звычайна граюць тых, хто ўжо сышоў, адышоў ад працы, ад дзейнасьці, стаў гісторыяй. Таму такую думку трэба закласьці, каб сыграць вобраз Лукашэнкі. Вось былі такія часы ў Беларусі, быў такі а-ля лідэр.

— Вы сказалі, што як актор мусіце знайсьці ў кожнай ролі нешта добрае. Ці гэта быў бы толькі нэгатыўны вобраз?

— Так, якога б злодзея ты ня граў... Але гэта будзе ня вобраз. Са свайго прафэсійнага погляду я лічу, што гэта будзе такі знак эпохі. Гісторыя паўтараецца! Я ўзгадаў, што былі пастаноўкі, у якіх гралі і Леніна, і Сталіна, і Гітлера. Іх жа не разглядалі як цікавых людзей, а як носьбітаў эпохі.

— І як вы бачыце гэта — як камэдыю ці трагедыю?

— Толькі сьмяяцца і трэба, каб выжыць. Гэта будзе камэдыя, трагікамэдыя, фарс, вадэвіль! Але хутчэй бы гэта стала ўжо гісторыяй, каб мы пра гэта зьнялі вадэвіль. Наступяць часы, калі на беларускіх пляцоўках будзе шмат камэдый і вадэвіляў. Будзе падстава для гэтага — са сьмехам будзем расставацца зь мінулым.

— Таму мастацтва, тэатар такія небясьпечныя для ўладаў?

— Рэч у тым, што дыктатура, несвабода не азначае толькі тое, што ты ня маеш магчымасьці выказваць на адрас прэзыдэнта свае думкі, якія адрозныя ад афіцыйных. 10 гадоў таму Свабодны тэатар рабіў пастаноўкі, якія ня мелі да палітыкі аніякага дачыненьня. Палохае ўладу ня толькі, калі ты кажаш пра яе. Я працаваў у дзяржаўных тэатрах, таму маю з чым параўнаць: ад самага пачатку быў канон, 17 табуяваных тэмаў, якія нельга закранаць. Не існавала праблемаў алькагалізму, суіцыду, меншасьцяў, нельга было неадназначна казаць пра Айчынную вайну, рэлігію. Калі ты падымаеш важныя сацыяльныя пытаньні, ты ў лягер ворагаў перамяшчаесься адразу.

— Вы здымаліся ў фільме «Жыве Беларусь!», які быў на Канскім фэстывалі. Сёлета на Канскім фэстывалі пакажуць фільм «Мы, браты», які зрабілі зусім іншыя людзі, гэта зусім іншая тэматыка. Мы бачым, што кіно і тэатар — гэта таксама спосаб прапаганды. Як ёй супрацьстаяць? Ці кіно і тэатар могуць супрацьстаяць прапагандзе?

— Значна лепш і лягчэй дагрукацца да людзей праз мастацкія сродкі, чым палітычныя. У палітыцы сьцерліся межы, дзе праўда і няпраўда. Такі парадокс: у палітыцы можна граць гэтым. А вось там, дзе сапраўды граюць — у тэатры — там гэтая праўда і гучыць. Але ў тым жа ТЮГ ці Тэатры беларускай арміі, дзе я граў, выходзіш на сцэну і разумееш, што ты ілжэш, недагаворваеш ці абыходзіш нейкія тэмы. У кожным сядзіць цэнзар. А як можна граць, калі ты хлусіш? А глядач — ня дурань. Хай ён і не разумее, але ён адчувае, што яго падманваюць, таму ён ня будзе табе верыць. Але калі ты гаворыш праўду, то гэта да яго трапіць. Мастацкія сродкі — кіно, тэатра, літаратура — гэта шлях да таго, каб у людзей зьмянілася разуменьне сытуацыі таго, што адбываецца.

— Вы зьехалі пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Ужо хутка — наступныя выбары. Чаго можна чакаць?

— Я думаю, што ня будзе такіх рэпрэсій. Проста таму што рэпрэсаваць ужо мала каго засталося. Ня думаю, што нешта кардынальна зьменіцца, таму што машына ўжо так працуе. Падтрымка ад Расеі, грошы — усё гэта не спрыяе, каб спадзявацца на хуткія зьмены. Але ў мяне ўжо даўно ёсьць прадчуваньне, што ў Беларусі ўсё зьменіцца чамусьці раптоўна, нечакана, абсурдна. Што тычыцца нашага сёньняшняга гэтак званага прэзыдэнта і яго лёсу, то ўсё будзе як у дурным фільме. Але нам усім стане лягчэй.

Слухаць гутарку цалкам:

Наўпроставы лінк

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG