Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведамляе ў нядзелю, 29 сакавіка, што выбух, які адбыўся ў Адэсе вечарам у суботу, 28 сакавіка, папярэдне кваліфікуецца па частцы 1 артыкулу 258 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны — «тэрарыстычны акт».
Пацярпелых у выніку выбуху няма, пашкоджаньні атрымалі нежылыя памяшканьні адной з грамадзкіх арганізацый, якая займаецца дапамогай воінам АТО, і кватэры насупраць, у якіх выбіла шыбы, гаворыцца ў паведамленьні.
Выбуховае прыстасаваньне спрацавала на падвоканьні будынка на вуліцы Старапартафранкаўскай. Яго магутнасьць ацэньваецца прыкладна ў 600 грамаў у трацілавым эквіваленце, паведамілі ў МУС Украіны.
У Адэсе ў апошні час пачасьціліся выбухі. Як паведамляў раней кіраўнік аддзелу сувязяў з грамадзкасцю ГУ МУС Украіны ў Адэскай вобласьці Уладзімір Шабліенка, выбухі ў горадзе адбываюцца прыкладна ў адзін і той жа час. Паводле яго словаў, калі раней зламысьнікі выбіралі за мэту валянтэрскія арганізацыі або людныя месцы, то цяпер гэтыя выбухі адбываюцца хутчэй для таго, каб пасеяць паніку сярод насельніцтва.