Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія аналітыкі пра пастаўкі зброі Ўкраіне: pro і contra


Барак Абама
Барак Абама

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША заклікала адміністрацыю Барака Абамы даць ваенную дапамогу Кіеву.

Роскід меркаваньняў амэрыканскай экспэртнай супольнасьці па пытаньні аб прадстаўленьні сьмяротных узбраеньняў Украіне, якая змагаецца з расейскай агрэсіяй ва ўсходняй частцы краіны, практычна як люстэрка адбівае расстаноўку палітычных сілаў у Вашынгтоне, піша Голас Амэрыкі.

Падобна прадстаўнікам адміністрацыі Абамы і сябрам абедзьвюх палат Кангрэсу ЗША, аналітыкі зыходзяць з кардынальна процілеглых уяўленьняў пра характар сёньняшніх міжнародных адносінаў. У Белым доме перакананыя, што пастаўкі ўзбраеньняў арміі Пятра Парашэнкі толькі падальюць алею ў агонь. Гэты крок, перакананыя прэзыдэнт і яго бліжэйшыя дарадцы, падштурхне Ўладзімера Пуціна на яшчэ больш радыкальныя дзеяньні на ўсходзе Ўкраіны.

Многія заканадаўцы прытрымліваюцца іншага пункту гледжаньня, сьцьвярджаючы, што без дапамогі звонку ўкраінцам не адолець сэпаратыстаў, якія маюць фактычна бязьмежны доступ да велізарных расейскіх арсэналаў зброі.

Пацьвярджэньнем рашучасьці Кангрэсу ЗША ў гэтым пытаньні і стала прыняцьце пераважнай большасьцю рэзалюцыі, якая заклікае Барака Абаму накіраваць зброю ва Ўкраіну «для абароны яе сувэрэнітэту ў барацьбе з прарасейскімі сэпаратыстамі».

Рэзалюцыя была ўхваленая ў панядзелак 23 сакавіка 348 галасамі «за» пры 48 галасах «супраць».

Дэрыл Кімбал
Дэрыл Кімбал

«Прыняцьце гэтай рэзалюцыі Кангрэсам учора стала сьведчаньнем таго, наколькі амэрыканскія заканадаўцы абураныя нежаданьнем Расеі выконваць свае абавязацельствы ў гэтым канфлікце, — заявіў у інтэрвію Расейскай службе „Голасу Амэрыкі“ дырэктар „Асацыяцыі па кантролі над узбраеньнямі“ Дэрыл Кімбал. — Зь іншага боку, я выдатна разумею адміністрацыю Абамы, якая лічыць, што пастаўкі зброі прывядуць толькі да эскаляцыі канфлікту. Варта таксама адзначыць, што пастаўкі немагчыма будзе забясьпечыць своечасова, а гэта значыць, што яны не прынясуць ураду Ўкраіны чаканай дапамогі».

З Кімбалам рашуча ня згодны супрацоўнік Цэнтру трансатлянтычных адносінаў пры Ўнівэрсытэце Джонса Хопкінса Тарас Кузё, які характарызуе Абаму як «слабога» і «нерашучага» лідэра ў пытаньнях зьнешняй палітыкі. Экспэрт лічыць галоўнай праблемай цяперашняга амэрыканскага лідэра яго міралюбнасьць і лібэральна-акадэмічнае мінулае, якое замінае яму адэкватна ацаніць двудушнасьць, характэрную для сёньняшніх міжнародных адносінаў.

Тарас Кузё
Тарас Кузё

«Кіруючыся лёгікай Абамы, паўночнаамэрыканскі англасаксонскі сьвет ніколі не зразумее Садамаў Хусэйнаў, Башараў Асадаў і Уладзімераў Пуціных сучаснага сьвету. Менавіта таму Абама да гэтага часу ня можа знайсьці агульнай мовы як з рэспубліканцамі, так і са сваімі паплечнікамі дэмакратамі», — перакананы Тарас Кузё.

Тым часам у Дзярждэпартамэнце ЗША заяўляюць, што дыскусіі аб прадстаўленьні сьмяротнай дапамогі Ўкраіне ўжо вядуцца. Аднак, адзначаюць у зьнешнепалітычным ведамстве ЗША, Белы дом пакуль яшчэ ня страціў надзею на тое, што лютаўскія мірныя дамоўленасьці, да якіх бакі прыйшлі ў Менску, усё ж такі будуць выкананыя.

Кузё крытычна ацэньвае вынікі перамоваў «Менск-2», лічачы, што Нямеччына і Францыя (пры падтрымцы адміністрацыі ЗША) імкнуліся любой цаной заключыць хоць якое-небудзь пагадненьне аб спыненьні агню, нават, калі б яно было нявыгаднае Ўкраіне.

«Гэта ўсё рабілася для таго, каб пазьбегнуць паставак ваеннай дапамогі Кіеву. Пуцін жа загадаў сэпаратыстам не атакаваць пасьля баёў за Дэбальцава, каб не сарваць „Менск-2“. Аднак усё гэта носіць часовы характар, паколькі Пуцін не дасягнуў сваёй галоўнай мэты — захопу ўсяго Данбасу. Увесну, калі „Менск-2“ канчаткова праваліцца, Абама, Мэркель і Алянд будуць выглядаць недарэчна, і ў ідэі паставак ваеннай дапамогі істотна паменшыцца праціўнікаў», — перакананы Кузё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG