Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывісты прапануюць «спазьніцца» на Дзень Волі і пачаць у 17:00


Дзень Волі - 2014
Дзень Волі - 2014

Рашэньне менскіх уладаў перанесьці пачатак акцыі на Дзень Волі 25 сакавіка выклікала гарачыя абмеркаваньні ў сацыяльных сетках. Арганізатары заклікаюць трымацца пляну, зацьверджанага ўладамі, актывісты прапануюць не зважаць, дазваляюць улады​ ці не.

Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся, ці законны перанос часу пачатку акцыі і якія пляны ў арганізатараў з гэтай нагоды.

Валянцін Стэфановіч
Валянцін Стэфановіч

Праваабаронца Валянцін Стэфановіч ня змог узгадаць выпадку, каб улады пераносілі час заяўленай акцыі, бо «за гэтыя гады ўсяго было».

«Паводле заканадаўства, мясцовыя органы ўлады, якія разглядаюць заяўку, могуць зьмяняць час і месца правядзеньня масавага мерапрыемства. Але там павінна быць абгрунтаваньне, чаму адмоўлена. Калі няма, то гэта нейкае досыць неабгрунтаванае дзеяньне. Бо заяўнікі мелі канкрэтны час, зыходзячы з шэрагу абставінаў. Па-першае, каб у мерапрыемстве маглі ўзяць удзел як мага больш людзей і каб яе маглі пабачыць як мага больш людзей. Таму, я думаю, што гэта нейкая неабгрунтаваная замена. Мы крытыкуем гэты закон аб масавых мерапрыемствах, бо ён дае надзвычай вялікія паўнамоцтвы і магчымасьць умяшальнцітва мясцовых органаў улады менавіта ў рэалізацыю свабоды мірных сходаў. Я думаю, што насамрэч мэта ўладаў была максымальна зьменшыць колькасьць удзельнікаў».

Павал Севярынец
Павал Севярынец

Адзін зь лідэраў БХД Павал Севярынец кажа, што будзе запрашаць сваіх прыхільнікаў прыходзіць на акцыю а 15-й гадзіне.

«Насамрэч выйсьце адно — запрашаць людзей на 15 гадзін. Вядома, кепска, што перанесьлі на працоўны час і тут ёсьць падтэкст. Бо тых, хто прыйдзе на гэту акцыю, будуць пільнаваць, правяраць, чаму не на працы, чаму не на вучобе. Але калі людзі масава пойдуць на 15 гадзін, то пытаньняў ня будзе. Гэта будзе азначаць, што беларускі народ, нягледзячы ні на што, выбірае волю. Але ісьці на Бангалор у мяне вялікага жаданьня няма».

Андрэй Кім (з асабістага архіву)
Андрэй Кім (з асабістага архіву)

Моладзевы актывіст Андрэй Кім кажа, што Дзень Волі для яго заўсёды сьвята і гэта не абвязкова мітынг.

«Ніхто не разьлічваў, што сёлета будзе моцная пратэстная акцыя на Дзень Волі. Але для нас незалежнасьць значна больш каштоўная, чым звычайна. Я як заўсёды буду сьвяткаваць Дзень Волі. Адносна пераносу часу акцыі — гэта прыкра, але такога заўсёды варта чакаць. Там пачатак у 15 гадзін, але ніхто нікому не перашкодзіць спазьніцца на дзьве гадзіны. Мы ўсе людзі занятыя, ня ўсе пунктуальныя. Таму, магчыма, што я спазьнюся. Дзень Волі для мяне сьвята, незалежна ад таго, дазваляюць ці не яго ўлады».

Юрась Беленькі
Юрась Беленькі

Намесьнік старшыні КХП-БНФ Юрась Беленькі згадвае, што былі выпадкі, калі ўлады мянялі месца правядзеньня акцый — з цэнтру горада на Бангалор. Але ён і ягоныя паплечнікі ніводнага разу не пагадзіліся ісьці на Бангалор. Спадар Беленькі ня стаў камэнтаваць сытуацыю вакол пераносу часу акцыі, якую рыхтуюць іншыя арганізатары.

«Ёсьць арганізатары, якія традыцыйна ходзяць на Бангалор. Ужо сам паход на Бангалор нясе пэўны адбітак. Гэта са знакам „мінус“ месца. Арганізатары плацяць за гэта грошы. Тлумачыць гэтую сытуацыю могуць толькі тыя людзі, якія пагадзіліся, што сьвяткаваць Дзень Волі на Бангалоры ёсьць нормай».

Вось якія меркаваньні зьявіліся ў фэйсбуку:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG