Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вежы Прывакзальнай плошчы ў Менску — пад пагрозай «ушчыльненьня»


Вежы Прывакзальнай плошчы ў Менску
Вежы Прывакзальнай плошчы ў Менску

Менскія ўлады працягваюць нішчыць унікальны горадабудаўнічы ансамбль Менску, мяркуе незалежны экспэрт.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў мастацтвазнаўца і дасьледчык архітэктуры Сяргей Харэўскі, камэнтуючы пляны па забудове ўчастку ў раёне Прывакзальнай плошчы.

Як паведамляе агенцтва «Минск-Новости», у двары адной зь вежаў, што насупраць чыгуначнага вакзалу, будзе пабудаваны жылы дом. Прадстаўнікі кампаніі, якая выйграла тэндэр на будаўніцтва, заяўляюць, што новы будынак па вышыні будзе такі самы, як навакольныя дамы.

Але Сяргей Харэўскі сумняецца, што будаўнікі выканаюць свае абяцаньні:

Ёсьць заўсёды такія праблемы, што тое, што прапануецца, не адпавядае таму, што ўрэшце будзе пабудавана.

«Ёсьць заўсёды такія праблемы, што тое, што прапануецца, не адпавядае таму, што ўрэшце будзе пабудавана. Ёсьць усякія тонкасьці і хітрасьці, паводле якіх можна на карцінцы зьменшыць тую ж вышыннасьць. А насамрэч тыя, хто будуецца ў цэнтры, зацікаўленыя ў як мага большай вышыні».

На думку Харэўскага, будаваць дом у двары адной зь вежаў на Прывакзальнай плошчы наагул ня трэба.

«Вядома, так рабіць нельга, таму што антрапагенная нагрузка на гэты раён расьце, зьнішчаюцца зялёныя зоны. Тым больш, калі будзе пабудаваны дом, то спатрэбяцца і паркінгі. То бок ня трэба быць прарокам, каб зразумець, што будзе зьнішчана шмат дрэваў, якім пад 50 гадоў (гэта будзе экалягічная шкода), будзе павялічана колькасьць аўтамабіляў. І потым узьнікае пытаньне: чаму нельга пабудаваць такі самы дом у суседнім двары? Усе гэта я лічу катэгарычна непрымальным», — падкрэсьліў ён.

Харэўскі лічыць усё гэта яшчэ адной праявай дэградацыі менскага горадабудаўніцтва. Пачалося гэта яшчэ са зносу старога Віленскага вакзалу, а таксама імпазантнага будынка аўтавакзалу, які быў часткай архітэктурнага ансамбля. Нарэшце побач быў пабудаваны хмарачос, які зьмяніў саму дамінантную пазыцыю дзьвюх вежаў на Прывакзальнай плошчы, кажа ён.

Усё, што было зроблена за апошнія 25 гадоў, — гэта зьнішчэньне ўнікальнага горадабудаўнічага ансамбля, які пачынаў стварацца яшчэ з царскіх часоў.

«Усё, што было зроблена за апошнія 25 гадоў, — гэта зьнішчэньне ўнікальнага горадабудаўнічага ансамбля, які пачынаў стварацца яшчэ з царскіх часоў. Усё гэта вельмі хутка зруйнавалі, зьнішчыўшы тым самым адзін з найкаштоўнейшых ансамбляў Менску, які насамрэч паўстагодзьдзя быў візытоўкай нашага гораду і мог бы такім і заставацца. А цяпер мы бачым тэндэнцыю да татальнай дэградацыі і самога жыльлёвага асяродзьдзя, і архітэктурнай думкі, якая ня ўлічвае такія рэчы, як ансамблевасьць, стыль і г. д., а толькі множыць праблемы — транспартныя, экалягічныя і, урэшце, людзкія», — адзначае дасьледчык архітэктуры.

Паводле слоў Харэўскага, тыя, хто жыве ў раёне Прывакзальнай плошчы, ужо сутыкнуліся са шматлікімі праблемамі ў выглядзе «перапрафіляваньня колішніх крам, паліклінік, дзіцячых садкоў пад розныя офісы і іншыя патрэбы». «Тым, хто там жыве, ужо вельмі некамфортна. З колішняга элітнага раёну ён ператварыўся ў раён павышанай экалягічнай і псыхалягічнай нагрузкі», — лічыць Сяргей Харэўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG