Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мова Нанова» ў Горадні вучыць складаць трыялеты на ўзор Багдановічавага


Эмблема гарадзенскіх курсаў «Мова Нанова».

Рэпартаж з заняткаў гарадзенскіх моўных курсаў, прысьвечаных тэме прыгожага пісьменства па-беларуску.

На курсы беларускай мовы «Мова Нанова» ў Горадню прыехалі госьці — Усевалад Сьцебурака з Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і бард Зьміцер Бартосік.

Бартосік азнаёміў з тонкасьцямі перакладу на беларускую мову песень Вярцінскага, Высоцкага, Акуджавы. Свой аповед ён падмацаваў сьпевамі пад гітару.

Для гарадзенцаў сьпявае Зьміцер Бартосік.
Для гарадзенцаў сьпявае Зьміцер Бартосік.

Усевалад Сьцебурака ў лекцыі намаляваў ня надта аптымістычную карціну, што да сытуацыі беларускай літаратуры:

Куды ні глянь, у нас сёньня ўсе могуць пісаць, ня вершы, дык прозу.

«Самая галоўная прычына, што ў Беларусі пісьменьнікаў значна больш стала, чым чытачоў. Куды ні глянь, у нас сёньня ўсе могуць пісаць, ня вершы, дык прозу. Хоць жарты жартамі, але парадаксальна, што людзі пішуць, кніжкі выдаюцца, і, як мне здаецца, бракуе беларускай літаратуры чытача, а не пісьменьніка».

Пасьля такіх словаў наўрад ці ў прысутных узмацнела жаданьне папоўніць шэрагі пісьменьнікаў. Але Ўсевалад Сьцебурака заахвоціў да чытаньня: узгадаў цяперашнюю кніжную сэрыю, якую выдае СБП і якая налічвае ўжо паўсотні тамоў, і часопіс «Дзеяслоў», нумар якога даступны любому, бо каштуе «менш за бутэльку гарэлкі».

Усевалад Сьцебурака знаёміцца з трыялетамі гарадзенцаў.
Усевалад Сьцебурака знаёміцца з трыялетамі гарадзенцаў.

У якасьці практычнага заданьня ўдзельнікі курсаў атрымалі заданьне скласьці трыялеты, атрымаўшы за ўзор «Мне доўгае расстаньне з вамі» Максіма Багдановіча.

«Санэт напісаць больш складана, трыялет — абсалютна рэальна, — перакананы спадар Сьцебурака. — Каб дадаць вам азарту, я скажу, што на менскіх курсах былі людзі, якія справіліся з заданьнем ня проста тэхнічна, але яшчэ й цікава».

Удзельнікам прапанавалі тэмы: мова і Горадня. Падзяліўшыся на невялікія групы, яны пачалі складаць трыялеты пра каханьне, пра свой горад. Адзін з кіраўнікоў гарадзенскіх курсаў Антон Янкоўскі падахвоціў:

«Пасьля таго як вы перакладалі на беларускую мову Някрасава і „Мурку“, гэта будзе лёгка».

Прысутныя ўправіліся даволі хутка, хоць і з розным вынікам. Адчувалася, што яны пераадольваюць моўны бар’ер, як некалі сам Максім Багдановіч. Адразу ж і прагучалі «сьвежасьпечаныя» творы.

Адзін зь іх:

«Хлопец крыкнуў: я кахаю!
Там, дзе каралі жылі у замку,
там, дзе гожы хуткі Нёман.
Хлопец крыкнуў: я кахаю!
Рэхам адгукнуўся гоман,
Паляцеў, дзе сонца зьзяе.
Хлопец крыкнуў: я кахаю!
Там, дзе каралі жылі у замку».

Па выніках журы выбрала тры творы. Першае месца атрымалі Сьвятлана, Рэната і Артур за трыялет, які пачынаецца словамі «Я не складаю вершаў на заказ». Яшчэ адзін прызавы трыялет склала ўдзельніца курсаў Людміла, ён пачынаецца радком «Мой горад Гродна мне найдаражэйшы». Апошнім з адзначаных стаў Павал зь вершам «Трыялет мы яшчэ не складалі».

Удзельнікі курсаў чытаюць складзеныя на занятках трыялеты
Удзельнікі курсаў чытаюць складзеныя на занятках трыялеты

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG