Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін, польскі цукар і палянізацыя кабет


Сяргей Астраўцоў
Сяргей Астраўцоў

Пасьля паездкі ў Менск я трапіў у Варшаву і міжволі зьдзівіўся кантрастам.

У Менску вулічнае жыцьцё засталося збольшага савецкім, толькі багацей сталі выглядаць «дэкарацыі», аўтамабілі. Варшава ў грамадзкім сэнсе, пагатоў у палітычным, значна жывейшая.

Выйшаў на Маршалкоўскую: мноства паліцыі, спэцназу, патрульныя машыны, тэлекамэры, наіўна падумалася: можа картэж які будзе праяжджаць? Не, яны ахоўвалі дэманстрацыю, якая толькі шумна зрушыла. Ад каго? Ад тых, каму маглі не спадабацца плякаты і транспаранты шэсьця за гендэрную роўнасьць. Асабліва патрабаваньне спыніць «палянізацыю кабет», зразумела, польскіх (глядзі на здымку). На транспарантах патрабаваньні выплачваць без затрымак алімэнты і нават — свабоды Надзеі Саўчанцы.

Дэманстрацыя з заклікам спыніць «палянізацыю кабет»
Дэманстрацыя з заклікам спыніць «палянізацыю кабет»

Але мой шлях супраць шэсьця, у бок Лазенак, дзе на кожным кроку прапануюць падпісацца за Браніслава Камароўскага ці за іншага кандыдата (сёлета прэзыдэнцкія выбары). Адзін з «патрыятычных» транспарантаў, што належыць «Руху абураных», заклікае вярнуць «Польшчу палякам», быццам у краіне кіруюць, скажам, немцы ці расейцы. Заклік нібы фармальна неаспрэчны, але надуманы. Як, напрыклад, лёзунг, зь якім ідзе на выбары наймацнейшы кандыдат ад апазыцыі Анджэй Дуда: на вулічных білбордах ён самавіта паведамляе выбаршчыкам, што «будучыня мае імя Польшча». Хаця ніхто не замахваўся на назву.

«Салідарнасьць»: палітыка ваша, Бяда Наша»
«Салідарнасьць»: палітыка ваша, Бяда Наша»

У апазыцыйным лягеры злая карыкатура на старшыню Эўрапейскай Рады паляка Дональда Туска (глядзі на здымку). Маўляў, ад антысанкцый Пуціна пацярпелі польскія фэрмэры, а вінаваты, ясна, былы прэм’ер Туск, хто ж яшчэ? Побач палявая кухня і пікет у абарону польскага цукру. Сэнс акцыі ў тым, каб палякі больш куплялі свой, падтрымалі вытворцаў. Яна, дарэчы, дае вынікі, у крамах сталі больш браць польскі. На гэтых плякатах бачная знаёмая эмблема «Салідарнасьці». Але гэта ўжо ня тая «Салідарнасьць», што змагалася ў ПНР з камуністычным ладам, сёньня яна, як заявіў «Газэце Выборчэй» прафэсар Крэміньскі, дзейнічае цалкам па-марксісцку.

«Абаронім польскі цукар!»
«Абаронім польскі цукар!»

Перадвыбарчая атмасфэра ў Варшаве даволі пярэстая. Вядомы Януш Корвін-Міке спэцыялізуецца на эпатажы. Ён заявіў, што для Польшчы найлепшым прэзыдэнтам быў бы Пуцін: «Пытаньне толькі, ці можна яго перакупіць, каб стаў капітанам нашага карабля? Калі так, то трэба яго браць». Цікава, калі б сам Пуцін даведаўся аб такой прапанове, якой была б рэакцыя?

Наступны кандыдат на прэзыдэнта Гжэгаж Браўн выказаў заклапочанасьць, што ў Польшчы сёньня «замала палякаў». Але пасьпяшаўся патлумачыць, што пасьля ПНР у краіне засталося мноства «тубыльцаў», сярод якіх ня ўсе зьяўляюцца сьвядомымі палякамі.

«Вернем Польшчу палякам!»
«Вернем Польшчу палякам!»

Прэзыдэнт Камароўскі вырашыў мабыць не адставаць, што датычыць экстравагантных выказваньняў на палітычнай сцэне. Наведаўшы японскія астравы, дзе яму напэўна спадабалася, ён заявіў: меў рацыю Лех Валэнса, што з Польшчы варта зрабіць другую Японію. І дадаў: «А можа нам таксама патрэбныя самураі, ніндзя, гейшы, ну і імпэратар». Гэтае нечаканае выказваньне сёньня ў варшавян на вуснах.

«Шляхціц» на вуліцы: і шаблю мае пры баку, і рэстараннае мэню ў руцэ
«Шляхціц» на вуліцы: і шаблю мае пры баку, і рэстараннае мэню ў руцэ

Далей ад пікетаў можна сустрэць людзей у строях «польскіх самураяў», яны звычайна заахвочваюць паабедаць у рэстарацыі з нацыянальнай кухняй (глядзі на здымку). А ў турыстычным месцы — на Кракаўскім прадмесьці сёньня вулічная выстава з партрэтамі ўдзельнікаў вайсковага падпольля (на здымку), схопленых і расстраляных службай бясьпекі ПНР пры канцы 1940-х – пачатку 1950 гадоў.

Вулічная выстава з партрэтамі ўдзельнікаў вайсковага падпольля, схопленых і расстраляных службай бясьпекі ПНР
Вулічная выстава з партрэтамі ўдзельнікаў вайсковага падпольля, схопленых і расстраляных службай бясьпекі ПНР

Што гэта я? У Менску таксама здараюцца шэсьці ўвесну, на 25-га і на 26-га. Але мы не дачакаемся, мабыць, часоў, калі міліцыя будзе імі апекавацца. Ніякага табе параўнаньня з Варшавай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG