Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гавары праўду» прапанавала ўладам прызнаць 25 сакавіка дзяржаўным сьвятам — Днём незалежнасьці


А таксама прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» гістарычнымі беларускімі каштоўнасьцямі.

Кампанія «Гавары праўду» распаўсюдзіла адкрыты ліст да беларускіх уладаў і лідэраў дэмакратычных партый і рухаў з прапановай супольна ўшанаваць Дзень волі:

«Грамадзянская кампанія «Гавары праўду» падтрымлівае ідэю мірнага сьвяткаваньня 25 сакавіка. У сёньняшніх абставінах, калі існаваньне краін, іх тэрытарыяльная цэласнасьць ставяцца пад сумнеў — Незалежная дзяржава становіцца галоўнай каштоўнасьцю і здабыткам, якія ёсьць у беларусаў як нацыі.

Мы ўпэўненыя, каштоўнасьць Незалежнасьці павінна гуртаваць беларусаў безадносна да іх палітычных поглядаў. Вельмі важным фактарам нашай Незалежнасьці ёсьць тое, што яна аб’ядноўвае паміж сабою розныя дзяржаўныя ўтварэньні, якія былі на нашай тэрыторыі цягам стагоддзяў — Вялікае Княства Літоўскае — Беларуская Народная Рэспубліка — Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка — Рэспубліка Беларусь. Бяз кожнага зь іх не было б сёньняшняй Беларусі.

Але менавіта 25 сакавіка 1918 году зьяўляецца Днём Незалежнасьці, калі ў прынятай у Менску 3-й Устаўной грамаце было ўрачыста абвешчана: «Ад гэтага часу Беларуская Народная Рэспубліка абвяшчаецца Незалежнай і Вольнай Дзяржавай».

Такі крок даў магчымасьць потым мець БССР — фармальна незалежную дзяржаву, што стала легітымным падмуркам для ўтварэньня Рэспублікі Беларусь. Калі паглядзець на гісторыю, то мы ўбачым, што ніводная рэспубліка ці аўтаномія, якая захавалася ў складзе РСФСР, не атрымала незалежнасьць пасьля 1991 году. Гэта яшчэ раз яскрава сьведчыць пра прынцыповасьць гістарычнага досьведу БНР«,— зазначаецца ў звароце.

Зыходзячы з сказанага, грамадзянская кампанія «Гавары праўду» прапанавала:

• беларускім уладам прызнаць 25 сакавіка Днём Незалежнасьці Беларусі, 3 ліпеня пакінуць сьвяточным днём вызваленьня Менску ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў;

• прызнаць бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» гістарычнымі беларускімі каштоўнасьцямі;

• беларускім дэмакратычным партыям і рухам вярнуцца да сапраўднай назвы сьвята 25 сакавіка — «Дзень Незалежнасьці», ва ўсіх мэдыях і інфармацыйных матэрыялах выкарыстоўваць менавіта яго і сьвяткаваць Дзень Незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG