Па словах яго адваката Івана Герасімава, у момант зьдзяйсьненьня злачынства Дадаеў знаходзіўся ў іншым месцы. Дзе менавіта, і хто можа пацьвердзіць алібі Дадаева, адвакат не ўдакладніў. Герасімаў адзначыў, што пакуль ня будзе афіцыйна заяўляць пра гэта сьледзтву, паколькі неабходна сабраць доказы.
Раней аб наяўнасьці алібі заявілі яшчэ двое фігурантаў справы -Тамерлан Эскерханаў і Хамзат Бахаеў.
Эскерханаў яшчэ на пасяджэньні Басманнага суду Масквы, які вырашаў пытаньне аб яго арышце, паведаміў, што ў момант забойства быў у начным клюбе, дзе працуе ахоўнікам. Яго адвакат пацьвердзіла, што ў боку абароны ёсьць відэазапіс з камэры назіраньня, дзе відаць, што за пяць хвілін да забойства Нямцова Эскерханаў быў на працы.
Адвакат Хамзата Бахаева таксама заяўляла РБК, што яе падабаронны знаходзіўся ў іншым месцы і гэта можа пацьвердзіць яго жонка, разам зь якой ён быў.
Усяго па справе аб забойстве Нямцова арыштаваныя пяць чалавек. Усім ім выстаўленыя абвінавачваньні. Дадаеў раней даў прызнальныя паказаньні ў забойстве Нямцова, аднак пазьней адмовіўся ад іх. На мінулым тыдні ён распавёў праваабаронцам пра ўжываньні да яго катаваньняў.
Учора Сьледчы камітэт Расеі адкарэктаваў абвінавачваньне. Замест «зьдзяйсьненьня злачынства з карысьлівых меркаваньняў або па найму», цяпер фігурантам крымінальнай справы ставіцца забойства па матывах «палітычнай ці рэлігійнай нянавісьці».