Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ня хочуць перамоваў з Асадам


Джэн Сакі
Джэн Сакі

У Вашынгтоне перакананыя, што ў будучыні для Башара Асада ня будзе месца ў Сырыі.

Злучаныя Штаты выключаюць вядзеньне наўпроставых перамоваў з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам. Пра гэта заявіла ў панядзелак прэс-сакратар Дзярждэпартамэнту Джэн Сакі.

Дзярждэпартамэнт палічыў неабходным даць тлумачэньні з нагоды інтэрвію дзяржсакратара Джона Кэры тэлеканалу CBS, падчас якога Кэры ў адказ на пытаньне аб тым, ці будзе гатовы Вашынгтон уступіць у перамовы з Асадам, сказаў, што ЗША ў рэшце рэшт будуць вымушаныя гэта зрабіць.

«Мы заўсёды былі гатовыя весьці перамовы ў рамках працэсу «Жэнэва-1», — падкрэсьліў Джон Кэры.

Паводле прэс-сакратара Дзярждэпартамэнта, Злучаныя Штаты заўсёды лічылі, што прадстаўнікі цяперашніх сырыйскіх уладаў павінны ўдзельнічаць у перамовах па ўрэгуляваньні канфлікту.

«Але ў гэтай ролі ня можа выступіць і ня выступіць сам Асад. Менавіта гэты пасыл спрабаваў данесьці дзяржсакратар Кэры, — заявіла Джэн Сакі. — Мы працягваем верыць, што ў будучыні для Асада ня будзе месца ў Сырыі».

Прэсавы сакратар Дзярждэпартамэнту паведаміла, што ў цяперашні момант ня робіцца ніякіх намаганьняў для аднаўленьня мірных перамоваў паміж удзельнікамі канфлікту ў Сырыі з мэтай пошуку палітычнага вырашэньня канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG