Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін прывёў Паўночны флёт у поўную баявую гатоўнасьць


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін загадаў сёньня правесьці раптоўную праверку боегатоўнасьці Паўночнага флёту, некаторых частак і падразьдзяленьняў Заходняй вайсковай акругі і Паветрана-дэсантных войскаў. Яны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць. Раён дысьлякацыі Заходняй вайсковай акругі РФ уключае ў сябе Пскоўскую, Смаленскую і Бранскую вобласьці Расеі, якія мяжуюць зь Беларусьсю.

Як паведаміў міністар абароны РФ Сяргей Шайгу, у вучэньнях задзейнічаныя каля 38 тысяч вайскоўцаў, 3360 адзінак баявой тэхнікі, 41 карабель, 15 падводных лодак, 110 самалётаў і верталётаў. Адначасова галоўнакамандуючым відамі ўзброеных сілаў, камандуючым родамі войскаў, начальнікам галоўных і цэнтральных упраўленьняў міністэрства абароны былі ўручаныя пакеты з дырэктыўнымі указаньнямі.

Паводле расейскага міністра, на вучэньнях будзе адпрацоўвацца перасоўваньне войскаў спэцыяльнага прызначэньня на вялікія адлегласьці, абарона дзяржаўнай мяжы РФ у паветры і на моры, а таксама разгром групоўкі ваенна-марскіх сіл умоўнага праціўніка і барацьба зь яго дывэрсійна-разьведвальнымі групамі.

Як распавёў Шайгу, вучэньні працягнуцца 6 сутак, ад 16 па 21 сакавіка.

Сёньня ж ва ўсходняй вайсковай акрузе РФ пачаліся вучэньні ваенна-паветраных сілаў і войскаў СПА.

Зь вясны 2014 году расейскія войскі правялі шэраг буйных вучэньняў, некаторыя зь якіх былі пазаплянавымi. Усяго ў 2014 годзе міністэрства абароны Расеі правяло больш за 3 тысячы вучэньняў рознага ўзроўню.

Генэральны сакратар НАТА Ёнс Столтэнберг заявіў, што рост колькасьці раптоўных вайсковых вучэньняў расейскіх узброеных сілаў зьяўляецца падставай для заклапочанасьці Захаду. На думку Столтэнберга, такія вучэньні дэстабілізуюць сытуацыю. Столтэнберг пры гэтым падкрэсьліў, што Расеі і Захаду «важна захоўваць каналы сувязі па ваенных пытаньнях, каб гэтая сфэра была максымальна празрыстай».

Па словах генэральнага сакратара НАТА, Расея за апошнія два гады правяла каля дзясятка раптоўных ваенных вучэньняў, у той час як Паўночна-атлянтычны альянс не праводзіў такія вучэньні з часоў халоднай вайны. Столтэнберг таксама заявіў, што Расея далучыла Крым «пад выглядам вайсковых вучэньняў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG