Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кэры: ЗША давядзецца весьці перамовы з Асадам


Джон Кэры
Джон Кэры

Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры заявіў, што Злучаным Штатам неабходна дасягнуць пагадненьня з прэзыдэнтам Сырыі Башарам Асадам для забесьпячэньня перадачы ўлады і спыненьня канфлікту, які забраў жыцьці многіх тысяч чалавек.

Як паведамляе «Голас Амэрыкі», заява кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі прагучала ў інтэрвію, якое выйшла ў эфір у нядзелю на тэлеканале CBS на фоне пачатку пятага году грамадзянскай вайны ў Сырыі.

«У канчатковым выніку нам давядзецца весьці перамовы», — сказаў Кэры, выказаўшыся за дыпляматычнае рашэньне канфлікту ў Сырыі.

«Нам трэба дакладна даць зразумець Асаду, што ўсе нацэленыя на пошук палітычнага выніку, і я перакананы, што з дапамогай нашых саюзьнікаў і іншых ціск на Асада ўзмоцніцца», — дадаў ён.

Дзеяньні Асада знаходзяцца пад пільнай увагай як унутры краіны, так і за мяжой. У прыватнасьці, яго абвінавачваюць у парушэньнях правоў чалавека.

Чатырохгадовая грамадзянская вайна паміж урадавымі войскамі і паўстанцкімі апазыцыйнымі групоўкамі, разам з надыходам баевікоў «Ісламскай дзяржавы» на поўначы і ўсходзе краіны, прывялі да гібелі больш за 200 тысяч сірыйцаў. Мільёны людзей былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Інфраструктура краіны разбураная.

У інтэрвію Кэры не паведаміў, якімі могуць быць умовы патэнцыйнага пагадненьня з Асадам.

Падтрыманая ЗША спроба ААН стаць пасярэднікам у справе дасягненьня замірэньня паміж апазыцыйнымі групоўкамі і сірыйскім урадам пацярпела няўдачу ў 2014 годзе.

Грамадзянская вайна ў Сырыі пачалася з паўстаньня ў сакавіку 2011 году супраць праўленьня сям’і Асада, якое доўжыцца чатыры дзесяцігодзьдзі. Паўстаньне выклікала жорсткую рэакцыю з боку дзяржавы. Некаторыя гарады краіны — напрыклад, Алепа — цяпер падзеленыя паміж двума бакамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG