Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 15 сакавіка: у 1994 годзе прынялі Канстытуцыю Беларусі


Толькі мая беларусь. Вілейка. Аўтар: Міхаіл Кулеш
Толькі мая беларусь. Вілейка. Аўтар: Міхаіл Кулеш

Падзеі і даты новага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Горадні ў галерэі «Ў майстра» (вул. Кірава, 8) адбудзецца сьвята для дзяцей і ня толькі «У пошуках цмока. Падарожжа для дзяцей і дарослых». У праграме спэктакль «Быў бы ў мяне дракон». Дзеяньне спэктакля разгортваецца на стале, а гледачы знаходзяцца на адлегласьці выцягнутай рукі. Усе героі казкі разам з дэкарацыямі папросту зьмяшчаюцца ў звычайнай кардоннай скрыні. Дызайнэрка Алена Трафімава будзе вучыць, як рабіць цацкі «Лятаючы цмок». Гасьцей чакаюць салодкія пачастункі і падарункі. Пачатак а 13 гадзіне.

У менскім бары «ДК» (вул. Талбухіна, 4) будуць сьпяваць народныя песьні Вушаччыны — «Матчыны песьні Барадуліна». Спэцыяльны госьць — Алесь Камоцкі. Уваход вольны. Пачатак а 17-й гадзіне.

Да Дня канстытуцыі Беларусі прымеркаваная лекцыя Антона Дзянісава, якая пройдзе ў бізнэс-цэнтры «Альянс» (3-ая вул. Шчорса, 9). Пачатак а 18.30.

У межах выстаў «Mater Dei. Гісторыя аднаго каханьня» і «Вынаходніцтвы да Вінчы» ў Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адбудзецца лекцыя, прысьвечаная мастацтву раньняга Рэнэсансу ў Італіі. Пачатак а 16-й гадзіне.

У гандлёвым цэнтры «Скала» (ст. м. «Спартыўная») распачнецца выстава «Баль робатаў». На ёй прэзэнтуюць найноўшыя дасягненьні робататэхнікі з усяго сьвету. Выстава ўжо прайшла ў Маскве і іншых расейскіх гарадах.

Гэты дзень у гісторыі:

У 44 годзе да нашай эры быў забіты змоўнікамі рымскі палкаводзец Гай Юлі Цэзар.

У 1990 Міхаіла Гарбачова выбралі першым прэзыдэнтам СССР.

1994 — Вярхоўны Савет Беларусі прыняў новую Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.

Міжнародны дзень абароны правоў спажыўцоў.

Гэты дзень у памяці:

1868 — нарадзіўся Яўген Ляцкі, дасьледчык беларускага фальклёру, аўтар публікацыяў з гісторыі старажытнага пісьменства і, у прыватнасьці, «Слова пра паход Ігаравы».

1930 — у Віцебску нарадзіўся фізык Жарэс Алфёраў, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 2000 году.

1940 — нарадзілася Ірына Шыкунова, беларуская опэрная сьпявачка, народная артыстка БССР.

1953 — нарадзіўся Валеры Задаля — беларускі журналіст, грамадзка-палітычны дзяяч.

1987 — памёр Васіль Гарустовіч, хірург, правёў больш за 20.000 апэрацыяў

Цытата на памяць:

«Тэрмін паўнамоцтваў Прэзыдэнта — пяць гадоў. Адна і тая ж асоба можа быць Прэзыдэнтам ня больш за два тэрміны».

З артыкулу 97 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 году. Гэты артыкул быў выкрасьлены з галоўнага закону краіны ў 2004 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG