Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 14 сакавіка: Гуканьне вясны і дзяржсакратар Ватыкану ў Менску


Толькі мая Беларусь. Муры Крэўскага замка. Аўтар: Міхаіл Кулеш

Падзеі і даты новага дня.

Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.

Афіша:

У Беларусі праходзіць афіцыйны візыт кардынала П’етра Параліна, дзяржаўнага сакратара Ватыкану. Візыт ажыцьцяўляецца па запрашэньні беларускіх уладаў. Кардынал Параліна асьвяціць першы камень новага будынка Апостальскай нунцыятуры ў Менску, сустрэнецца з кіраўніком дзяржавы Аляксандрам Лукашэнкам, кіраўніком МЗС Уладзімірам Макеем, мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, а таксама з удзельнікамі Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, каталіцкай моладзьдзю і вернікамі краіны.

Студэнцкае этнаграфічнае таварыства праводзіць сьвята «Гуканьне вясны» на Чэрвеньскім рынку ў Менску. Гуканьне вясны — гэта сьвята абуджэньня прыроды, ушанаваньне вясны як пары сонца, цяпла і каханьня. Удзельнікі сьвята змогуць пачуць аўтэнтычныя песьні-вясьнянкі, далучыцца да карагодаў, паскакаць пад дуду і пагуляць у традыцыйныя гульні беларусаў. Адмыслова для сьвята рыхтуюцца «жавароначкі» — печыва ў форме птушак, а прадпрымальнікі рынку парадуюць усіх сьвяточнымі зьніжкамі. Пачатак а 11.30.

У гісторыі:

1499 — кароль і вялікі князь Аляксандар надаў Менску Магдэбурскае права.

1633 — кароль і вялікі князь Уладзіслаў Ваза афіцыйна вызнаў праваслаўную царкву на тэрыторыі Рэчы Паспалітае.

1919 — у Нясьвіжы распачалося антыбальшавіцкае паўстаньне.

1990 — Міхаіл Гарбачоў на Зьезьдзе народных дэпутатаў абраны прэзыдэнтам СССР.

1990 — з Канстытуцыі СССР выключаны артыкул шосты аб кіруючай ролі камуністычнай партыі.

1992 — пачатак баявых дзеяньняў Малдовы ў Прыднястроўі.

2000 — Папа Рымскі Ян Павал ІІ папрасіў прабачэньня ў Госпада Бога і вернікаў за ўсе грахі і памылкі, якія каталіцкая царква ўчыніла за 2 тысячы гадоў.

У памяці:

1644 — памёр Мікалай Сапега, ваявода менскі, ваявода берасьцейскі, кашталян віленскі.

1931 — нарадзіўся Павел Місько, беларускі пісьменьнік.

1943 — памёр Васіль Захарка, палітычны дзяяч і публіцыст, з 1928 па
1943 год прэзыдэнт Рады БНР.

1957 — нарадзіўся Лёнік Тарасэвіч, беларускі мастак у Польшчы.

Цытата:

«Згінулі сьцюжы, марозы, мяцеліцы,
Болей ня мерзьне душа ні адна,
Сонейкам цёпленькім, зеленьню вабнаю
Абдаравала зямельку вясна.
Рэчкі бурлівыя, ўчора санлівыя,
Сёньня усталі, плывуць і бурляць;
Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца,
К небу прыветна з вадзіцы глядзяць.
Грай, грай, жалеечка! Грай, грай, вясёлая!
Выйграй з вясною і долечку мне;
З пушчаю, з птушкамі, з вольнымі ветрамі
Грай мне аб шчасьці, грай аб вясьне!»

Янка Купала, «Вясна».

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG