Пад адзіным цэнтралізаваным камандаваньнем у складзе так званых «ДНР» і «ЛНР» разгорнутыя 2 вайсковыя корпусы баевікоў колькасьцю каля 30-33 тысяч чалавек.
Пра гэта паведамляе каардынатар групы «Інфармацыйны супраціў» Дзьмітры Тымчук на сваёй старонцы ў сацсетцы Фэйсбук.
Паводле яго зьвестак, з гэтай колькасьці «толькі 15-20% маюць украінскае грамадзянства, астатняя частка — расейскія найміты».
Таксама Дзьмітры Тымчук адзначыў, што фіксуецца ўзмоцненая баявая падрыхтоўка баевікоў, якая праводзіцца ў асноўным на 4-х абсталяваных «навучальных цэнтрах» на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей, падкантрольных баевікам.
«Каманды інструктараў укамплектаваныя ў асноўным расейскімі грамадзянамі, як кадравымі афіцэрамі, так і наймітамі, якія маюць значны досьвед службы ў ВС РФ і ўдзелу ў баявых дзеяньнях», — напісаў Дзьмітры Тымчук.
Пры гэтым, паводле ягоных слозў, кіраўніцтва сэпаратыстаў працягвае праводзіць «мабілізацыйныя мерапрыемствы». На прадпрыемствах і шахтах на акупаванай тэрыторыі масава складаюцца так званыя мабілізацыйныя сьпісы працаўнікоў, пад выглядам падрыхтоўкі да «наступу ўкраінскіх войскаў».
«Пасьля сэрыі канфліктаў і сур’ёзных страт у асабовым складзе ў выніку „зачыстак“, важакі рэшткаў фарміраваньняў так званых „казакоў“ на акупаванай тэрыторыі Луганскай вобласьці пагадзіліся на ўмовы кіраўніцтва „ЛНР“ адносна падпарадкаваньня кіраўніцтву гэтай тэрарыстычнай арганізацыі. Прынятае рашэньне аб уваходжаньні „казацкіх“ фарміраваньняў у склад „узброеных сілаў ЛНР“ на правах асобнага роду войскаў», — паведаміў Дзьмітры Тымчук.