Лінкі ўнівэрсальнага доступу

kadyrov_95



Міхаіл Сакалоў, палітычны аглядальнік расейскай службы Радыё Свабода

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у сацыяльнай сетцы Instagram (kadyrov_95) выступіў са сваімі разважаньнямі пра арыштаванага па справе аб забойстве Барыса Нямцова Заўра Дадаева. Кіраўнік суб’екта РФ бачыць у падазраваным «сапраўднага патрыёта Расеі», які «ня мог зрабіць і кроку супраць Расеі». Між тым, Крэмль жа сьцьвярджае, што забойства Нямцова было правакацыяй супраць Расеі. У гэтым кантэксьце кадыраўская фраза выглядае як відавочны намёк вярхам: дзеяньне Дадаева, які, магчыма, забіў лідэра апазыцыі, выгадна рэжыму, яго ўчынак — ня супраць пуцінскай Расеі.

Гэтыя словы спадара Кадырава прымушаюць задумацца, хто ж на самай справе накіраваў у Маскву бандгрупу на чале з афіцэрам паліцыі, які нібыта забіў Барыса Нямцова наўпрост ля сьцен Крамля?

Цікава, што, на думку кіраўніка Чачні, «адважным ваяром быў і Беслан Шаванаў, які загінуў напярэдадні пры спробе затрыманьня». Пагадзіцеся, называць «адважным ваяром» чалавека, які ўдзельнічаў у ліквідацыі іншадумца, якому подла стралялі ў сьпіну, — значыць, апраўдваць практыку тэрарызму. Дарэчы, Шаванаў быў забіты ў Грозным пры дзіўных абставінах, вельмі своечасова для заказчыкаў тэракту.

Кадыраў сумняваецца, што Заўр Дадаеў — забойца, але відавочна праз сілу піша: «Калі суд пацьвердзіць віну Дадаева, то, забіўшы чалавека, ён зьдзейсьніў цяжкае злачынства». І пры гэтым kadyrov_95 публічна і дэманстратыўна апраўдвае дзеяньні Дадаева: гэты «глыбока веруючы чалавек», аказваецца, «быў узрушаны дзеяньнямі Шарлі і камэнтарамі ў падтрымку друкаваньня карыкатураў». Заўважу, што Нямцоў быў адным з многіх, хто сымпатызаваў загінулым у Францыі журналістам, асуджаў тэрарызм, падтрымліваў свабоду слова. Такім чынам, пад пагрозай расправы застаюцца ўсе тыя палітыкі, якія, у адрозьненьне ад Кадырава, на справе асудзілі забойства сатырыкаў-карыкатурыстаў. Нават Сяргей Лаўроў, які ўдзельнічаў у Маршы салідарнасьці ў Парыжы.

Сьледчым варта было б ведаць аб тым, што менавіта Барыс Нямцоў быў адным з нямногіх, хто неаднаразова і вельмі рэзка крытыкаваў рэжым Рамзана Кадырава, які атрымлівае немалыя датацыі з фэдэральнага бюджэту і фактычна які мае сваё прыватнае войска (у ім служыў і Заўр Дадаеў). Сьледзтва абавязана разгледзець вэрсію пра тое, што ў кіраўніка Чачні маглі быць матывы для асабістай помсты Нямцову. Калі б у Расеі існавалі незалежнае сьледзтва і суд, то начальніка Чачні павінны б былі неадкладна затрымаць і дапытаць і пра тое, што ён ведае аб сваім падпарадкаваным «патрыёце», і пра тое, як Кадыраў у свой час рэагаваў на выкрыцьці Нямцова.

Хай пракуратура Расеі, пакуль ідзе сьледзтва па справе аб забойстве Барыса Нямцова, прыцягне кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава да адказнасці па артыкуле 205.2. КК РФ за публічнае апраўданьне палітычнага тэрору.

Дзіўна, што многія гэтага не разумеюць. Вось раней публіцыст Антон Носік пісаў у сваім «Жывым журнале» аб тым, што ня бачыць датычнасьці да злачынства Уладзімера Пуціна, хоць у працэсе расьсьледаваньня павінны разглядацца ўсе вэрсіі. Цяпер, пасьля публікацый у Instagram, Носік ня бачыць доказаў дачыненьня да таго, што здарылася, Рамзана Кадырава. Яго «моцны аргумэнт»: папярэдні пост kadyrov_95 пра «ўкраінскі сьлед» у забойстве Нямцова. Маўляў, гэтай запісам Кадрыраў паставіў сябе ў дурное становішча. Але ж гэты тэкст публікаваўся да арышту Дадаева і яго людзей. Аўтар спрабаваў наогул адысьці ад «чачэнскай вэрсіі», якую вылучалі многія, арыентуючыся на нахабны характар дзеяньняў злачынцаў.

Дзіўна ня бачыць, як, раскручваючы «вэрсію Шарлі», Крэмль абараняе сябе і Рамзана Кадырава, прыкрываючыся змовай групы ісламскіх фанатыкаў, якія невядома адкуль узяліся. У такім выпадку можна не шукаць, хто іх прыкрываў у Маскве, аплачваў падрыхтоўку злачынства (а гэта прыстойныя грошы!), наводзіў на мэту, даваў ім «праслушку».

Афіцыйна навязаная ўсім (з дапамогай сродкаў масавай прапаганды РФ і карысных добраахвотнікаў) вэрсія зручная для сапраўдных заказчыкаў забойства Барыса Нямцова. Арыштаваныя па добрай каўкаскай традыцыі будуць казаць толькі тое, што трэба заступнікам, ці проста маўчаць. У закладніках іх сем’і. Ледзь што — будуць пазбаўляць работы іх сваякоў, а то і, як прынята цяпер, пачнуць зносіць дома ўсіх членаў апальнага тэйпу.

Ня так даўно ўлады Расеі ўвялі крымінальную адказнасьць за апраўданьне тэрарызму (артыкул 205.2. КК РФ.). Я супраць абмежаваньня свабоды слова. Але раз ваш закон такі — хай ён выконваецца. Хай пракуратура Расеі ці Сьледчы камітэт для пачатку, пакуль ідзе сьледзтва па справе аб забойстве Барыса Нямцова, прыцягне кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі Рамзана Кадырава да адказнасці па артыкуле 205.2. КК РФ за публічнае апраўданьне палітычнага тэрору. Галосны і адкрыты суд быў бы павучальным.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG