Новае фота кожны дзень, увесь год. Загружайце сюды свае здымкі гарадзкіх і прыродных краявідаў, падзеяў і зьяваў жыцьця ў 2015 альбо на пошту radiosvaboda@gmail.com. Пажадана дасылаць фота ў прапорцыі 16 на 9. Усе аўтары фота, апублікаваных на сайце Свабоды, атрымаюць прызы. Тры найбольш папулярныя здымкі месяца будуць адзначаныя асобна.
Афіша:
Сусьветны дзень грамадзянскай абароны.
1 сакавіка а 18-й у Музэі гісторыі беларускага кіно адбудзецца творчая вечарына Пятра Клюева.
У Нацыянальным мастацкім музэі ў Менску адкрыецца выстава "Вынаходніцтвы да Вінчы". Экспазыцыя налічвае 200 экспанатаў, створаных італьянскімі рамесьнікамі дакладна ў адпаведнасьці з рукапісамі да Вінчы.
У Цэнтры сучасных мастацтваў у Менску пройдзе Фэстываль добрага настрою. Час правядзеньня: з 15-й да 18-й гадзіны. З 17-й да 18-й гадзіны дарыць прамяні дабрыні будзе гурт Нагуаль.
У ФАК «Серабранка» ў Менску адбудзецца Фітнэс-фэстываль. Аматараў актыўнага ладу жыцьця чакаюць цікавыя майстар-клясы і практычныя заняткі па модных фітнэс-напрамках. Можна будзе наведаць любыя трэніроўкі на выбар бясплатна. Час правядзеньня: з 11-й да 15.30.
У Loft Cafe ў Менску пачнецца выстава стрыт-фатаграфіі «Вільня ў чорна-белым» Андрэя Валкаўца. Пачатак а 17-й гадзіне.
У Менску ў студыі гуказапісу Everest Media (вул. Кастрычніцкая, 16) адбудзецца канцэрт гурту «BosaeSonca». Пачатак а 20-й гадзіне.
У гісторыі:
1581 — створаны трыбунал Вялікага Княства Літоўскага.
1815 — Напалеон вярнуўся ў Францыю з выгнаньня на востраве Эльба.
1881 — беларус Ігнат Грынявіцкі бомбай забіў расейскага цара Аляксандра ІІ. Грынявіцкі таксама загінуў у той дзень, сьмяротна паранены выбухам бомбы.
1896 — Антуанам Анры Бэкерэлем была адкрытая зьява радыеактыўнасьці.
1918 — выйшаў у сьвет першы нумар газэты «Дзяньніца» — першай савецкай газэты на беларускай мове.
1922 — у савецкай рэпрэсіўнай сыстэме, што дзейнічала тады ў Беларусі, адбыліся знакавыя перамены. Замест скасаванай надзвычайнай камісіі — ЧК БССР — была створаная дзяржаўная палітычная ўправа — ГПУ БССР. У 1934 годзе ГПУ перадасьць эстафэту тэрору наступнай установе — НКВД БССР.
1953 — пачала вяшчаць расейская служба Радыё Свабода (пачаткова Радыё Вызваленьне), зь мястэчка Лямпэртгайм у Заходняй Нямеччыне. Вяшчаньне радыёстанцыі на 10 наступных мовах народаў СССР дадалося 18 сакавіка 1953. Вяшчаньне на беларускай мове пачалося 20 траўня 1954.
У памяці:
1810 — нарадзіўся Фрыдэрык Шапэн, польскі кампазытар і піяніст.
1917 — нарадзіўся Фёдар Шмакаў, беларускі актор, рэжысэр, Народны артыст Беларусі (1959), Народны артыст СССР (1975).
1933 — ад сухотаў у ссылцы ў Кіраўскай вобласьці ў Расеі памёр Уладзімер Жылка, беларускі паэт.
1936 — нарадзілася Лідзія Савік, беларускі літаратуразнавец, крытык.
1937 — памёр Юдэль Пэн, эўрапейскі мастак, настаўнік Марка Шагала.
1948 — нарадзіўся Анатоль Сідарэвіч, беларускі гісторык, літаратурны крытык.
1995 — забіты Ўладзіслаў Лісьцеў, расейскі журналіст, тэлевядоўца, першы генэральны дырэктар ОРТ.
Цытата:
Беларусь, Беларусь — гэты зык
Паліць душу маю, як агнём.
Я не ведаю, чым ён вялік,
Але думак не змог я аб ём.
Як пачую яго, задрыжыць
Маё сэрца, заные ў грудзях,
І балюча так робіцца жыць,
І шукаеш чагосьці ў людзях.
Уладзімер Жылка, зь вершу «Беларусь».