Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камэндант Майдану: У Кіеве дзейнічаў расейскі і беларускі спэцназ


Ілюстрацыйна фота.
Ілюстрацыйна фота.

Год таму ў Кіеве пачаўся расстрэл мітынгоўцаў, які працягваўся тры дні. Тагачасны камэндант Майдану Андрэй Парубій, сёньня віцэ-сьпікер Вярхоўнай Рады Ўкраіны, выклаў украінскаму журналісту інтэрнэт-рэсурсу РБК-Украіна сваю вэрсію трагічных, не да канца высьветленых падзей на Майдане. Паводле гэтай вэрсіі, у Кіеве дзейнічалі тры расейскія і адна беларуская група спэцназаўцаў, якія стралялі як да антыўрадавых пратэстоўцаў, так і да байцоў украінскага «Бэркута». Фрагмэнты размовы:

Андрэй Парубій: [Уцёкі Януквіча] не былі ўзгодненыя з Пуцінам. Думаю, увесь плян Пуціна заключаўся якраз у тым, каб Януковіч застаўся – і ўвесь Майдан быў затоплены крывёю. Падчас Майдану былі бачныя дзьве лініі паводзін. Над адной працавалі мясцовыя спэцслужбы. Сутнасьць яе заключалася ў тым, каб, як яны казалі, «здзьмуць Майдан». У нас была свая контрвыведка, і мы ведалі, што яны вэрбавалі людзей, прапаноўвалі грошы толькі за тое, каб тыя пакідалі Майдан, каб на сцэну выходзіў сотнік і казаў, што «мая сотня ідзе адсюль, таму што тут няма чаго рабіць».

Другую лінію адпрацоўвалі і зьдзяйсьнялі расейскія спэцслужбы. Яна палягала ў адваротным – максымальна абвастраць супрацьстаяньне. Я ўпэўнены, што плян Пуціна заключаўся ня ў тым, каб Януковіч зьбег, а ў тым, каб Януковіч максымальна жорстка здушыў Майдан. Тым самым Пуцін дасягнуў бы адразу трох мэтаў. Па-першае, ліквідавалі б Майдан. Па-другое, ён канчаткова ізаляваў б Януковіча ад заходняга сьвету. Па-трэцяе, ён зрабіў бы Украіну калёніяй Расеі.

20 лютага ў Кіеве былі расейскія снайпэры? Яны «працавалі» па актывістах Майдану?

Андрэй Парубій: Я ня сьледчы пракуратуры, але, на маю думку, былі. Прычым «працавалі» яны ня толькі па Майдану, але і па «Бэркуце». У гэты дзень на маіх вачах, ад куль, на барыкадах падалі хлопцы-майданаўцы і адначасова [народны дэпутат VI скліканьня] Андрэй Шаўчэнка слаў мне эсэмэскі, у якіх паведамляў, што падаюць байцы «Бэркута». (...)

Каля 8.00, калі я вярнуўся на Майдан, я пачуў першыя стрэлы. Стральба ішла па кірунку ад гатэлю «Ўкраіна» ці, як мне падалося, крыху правей, калі глядзець на гатэль са сцэны. Ужо потым я даведаўся, што агнявыя кропкі былі ўладкаваныя на даху Адміністрацыі прэзsдэнта, а таксама на даху Нацыянальнага банку. Але, калі я стаяў каля сцэны, у мяне стварылася ўражаньне, што стрэлы ідуць з гатэлю «Ўкраіна». Падкрэсьлю, я не адсочваў ўсіх момантаў сьледзтва, таму выказваю толькі сваё меркаваньне. Я ўпэўнены, што па нас «працаваў» расейскі спэцназ. Мяне падчас Майдану аб гэтым папярэджвалі некалькі разоў.

Аднаго разу да мяне падышоў адзін чалавек, які вельмі сакрэтна захацеў са мной сустрэцца. Паводле яго словаў, супраць нас дзейнічалі чатыры групы – адна зь Беларусі, тры з Расеі. Іх заданьне – максымальная дэстабілізацыя сытуацыі, распальваньне супрацьстаяньня, стварэньне крызысных сытуацый у дыпляматычных прадстаўніцтвах. Адна з гэтых групаў павінна была ліквідаваць мяне – і гэты чалавек прыйшоў мяне папярэдзіць.

Так што, я лічу, што працаваў трэці бок, пры гэтым працаваў на супрацьстаяньне, працаваў на кроў. Такі сцэнар мы бачым цяпер на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG