Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія войскі сыходзяць з Дэбальцава: «Гарбуз не ператварыўся ў карэту»


Прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка заявіў пра «плянавы і арганізаваны» сыход.

Спачатку гэтая інфармацыя зьявілся зь неафіцыйных крыніц. У прыватнасьці, пра гэта паведамілі журналіст «Нового времени» Анастасія Бяроза і рэпартэр тэлеканалу «1+1» Андрэй Цапліенка.

Пазьней прэзыдэнт Ўкраіны Пятро Парашэнка заявіў, што ўрадавыя войскі завяршылі «плянавы і арганізаваны» выхад з ўсходняй часткі Дэбальцава.

«У цяперашні час мы можам сказаць, што 80 працэнтаў нашых падразьдзяленьняў выйшлі», — сказаў Парашэнка.

Дэпутат Вярхоўнай Рады, камандзір батальёну «Данбас» Сямён Сяменчанка, напісаў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Адвод войскаў з Дэбальцава ажыцьцяўляецца плянава і арганізавана. Усе казкі пра кантроль над Логвінавам аказаліся казкамі — гарбуз не ператварыўся ў карэту. Трасу Дэбальцава-Арцёмаўск мы не кантралюем менавіта з-за Логвінава. Іншыя дарогі шчыльна трымае Нацгвардыя, „Данбас“ і часткі Ўзброеных сіл Украіны. Праціўнік спрабуе перарэзаць гэтыя дарогі і перашкодзіць выхаду групоўкі».

«Новое время» паведамляе, што з Дэбальцава з баямі ўжо выйшлі 128-я брыгада Ўзброеных сіл Украіны і 40-авы батальён «Крыўбас».

Цяжкія баі ў раёне Дэбальцава ідуць са студзеня. На саміце «нармандзкай чацьвёркі» ў Менску прэзыдэнт РФ Уладзімер Пуцін заявіў, што ў «катле» пад Дэбальцавам знаходзяцца 6–8 тысяч украінскіх салдат.

Украінскія ўлады заўсёды адмаўлялі існаваньне «катла» ў Дэбальцаве. Журналісты і вайсковыя экспэрты казалі, што гаворка ідзе толькі пра «апэратыўнае акружэньне» — гэта значыць, што баевікі кантралююць ключавую дарогу з Дэбальцава, аднак прасёлачныя і палявыя дарогі застаюцца свабоднымі.

Учора сытуацыя ў Дэбальцаве рэзка ўскладнілася. На працягу дня паступалі паведамленьні пра тое, што ўкраінскія войскі былі часткова выбітыя з Дэбальцава, а дарогі, якія вядуць з гораду, баевікі трымаюць пад агнявым кантролем, і праехаць па іх бяз страт ужо нельга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG