Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горкія будні «Сладкой страны»


Кандытарская фабрыка «Сладкая страна», нядаўна збудаваная ў Аршанскім раёне, трапіла ў сьпіс прадпрыемстваў Віцебшчыны, якія затрымліваюць заробкі сваім работнікам.

У Віцебскай вобласьці ёсьць шэраг прадпрыемстваў, пра запазычанасьці якіх перад рабочымі было чуваць неаднаразова. Тым больш скандальнымі выглядаюць факты затрымкі заробкаў на найноўшым прадпрыемстве, адмыслова збудаваным паводле загаду Аляксандра Лукашэнкі.

Колькі гадоў таму Лукашэнка заяўляў, што новае прадпрыемства будзе працаваць па перадавых тэхналёгіях, што на ім будзе створана больш за сотню працоўных месцаў для жыхароў вёскак Хімы, Ліпкі і бліжэйшага навакольля. Меркавалася, што попыт на кандытарскія вырабы — бісквітныя рулеты, пірожныя і торты — будзе надзвычай актыўны, і працаваць фабрыка «Сладкая страна» будзе ў дзьве зьмены, цалкам выцесьніць зь беларускага рынку расейскіх вытворцаў падобнай прадукцыі, і яшчэ 30% прадукцыі бадзе адпраўляць на экспарт. Анансавалася, што прадпрыемства будзе вырабляць каля тоны салодкай прадукцыі за гадзіну, і за 7 з паловай гадоў апраўдае ўкладзеныя сродкі.

Загадам Аляксандра Лукашэнкі № 57 ад 4 лютага 2013 году было зацьверджана, што Банк разьвіцьця Беларусі выдаткаваў крэдыт памерам 15,7 мільёнаў эўра на грандыёзнае будаўніцтва новага прадпрыемства. Сродкі прадпрыемства атрымала пад гарантыю Віцебскага аблвыканкаму. Будаўніцтва было разгорнутае на плошчы 6 гектараў, і ў жніўні мінулага году «Сладкая страна» выпусьціла першыя доўгачаканыя бісквітныя рулеты. Іх пачалі прадаваць у Аршанскім, а таксама бліжэйшых раёнах — Талачынскім і Шклоўскім.

З 2015 году фабрыка мусіла пачаць працаваць з прыбыткамі. Два гады таму, калі толькі пачыналася будаўніцтва, былі зацьверджаны абавязкі «Сладкой страны»: калі вытворчасьць ня будзе рэнтабельнай, прадпрыемства мусіць павяртаць у бюджэт грошы, выдаткаваныя ў якасьці дзяржаўнай падтрымкі.

Новая прадукцыя, якую вырабляюць зь мясцовай сыравіны, так і ня стала папулярнай у спажыўцоў. Па-ранейшаму ў крамах пераважае таньнейшая кандытарская прадукцыя з Расеі. А працаўнікі «Сладкой страны» з прычыны эканамічных цяжкасьцяў прадпрыемства своечасова не атрымліваюць заробкі.

Фабрыка, якую абяцалі зрабіць самым сучасным прадпрыемтвам у рэгіёне, трапіла ў лік 77 прадпрыемстваў Віцебскай вобласьці, што не ў стане плаціць заробкі. Прычым Віцебшчына, паводле зьвестак Белстату, займае «другое месца» па запазычанасьцях заробкаў: у Берасьцейскай вобласьці ў сьпісе даўжнікоў усяго адно прадпрыемства, у Гомельскай вобласьці такіх прадпрыемстваў толькі 5, у Магілеўскай — 8, у Гарадзенскай — 27, у Менску — 17, і толькі ў Менскай вобласьці прадпрыемстваў-даўжнікоў каля сотні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG