Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сэпаратысты з ЛНР і ДНР задаволеныя менскім мірам


Па выніках паседжаньня абодва лідэры выглядалі задаволенымі і нават выказвалі ўпэўненасьць, што неўзабаве ўсе ўбачаць «зусім іншую Ўкраіну».

Першыя прыкметы жыцьця ў Доме прыёмаў МЗС пачалі назірацца пасьля 14 гадзін безвылазнай працы: каля 10-й раніцы будынак пакінула прадстаўніца місіі АБСЭ Гайдзі Тальявіні з памочнікамі. У якасьці пасярэдніка ад прадстаўнікоў Данецкай і Луганскай «народных рэспублік» яна рушыла з пакетам дакумэнтаў у Палац Незалежнасьці, дзе пасьля гэткай жа бяссоннай ночы засядалі кіраўнікі Ўкраіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі. Ніякіх камэнтароў для прэсы не было.

Пасьля гэтага прадстаўнічыя аўтамабілі ў двары Дому прыёмаў некалькі разоў выстройваліся ў картэж, але потым зноў вярталіся на зыходныя пазыцыі. Яшчэ праз тры гадзіны да журналістаў выйшлі Аляксандар Захарчанка і Ігар Платніцкі, заявіўшы, што задаволеныя вынікам пасярэдніцтва Масквы, Бэрліну і Парыжу. Вось што адзначыў кіраўнік так званай ДНР Захарчанка:

«Дзякуючы гарантыям трох вышэйшых кіраўнікоў — прэзыдэнтаў Расейскай Фэдэрацыі і Францыі, а таксама канцлера Нямеччыны — мы падпісалі пагадненьне, якое, спадзяюся, спыніць вядзеньне баявых дзеяньняў на Данбасе і дазволіць Данецкай і Луганскай народным рэспублікам заняцца мірным будаўніцтвам на карысьць нашага народа. Спадзяюся, гэтым крокам мы дапаможам памяняцца самой Украіне, разьлічваем, што бліжэйшым часам мы ўбачым зусім іншую Ўкраіну. Думаю, сёньня гэта зьяўляецца вялікай перамогай як Данецкай, так і Луганскай народных рэспублік».

Cамапрызначаны кіраўніком ЛНР Ігар Платніцкі выказаў перакананьне, што Ўкраіне неўзабаве давядзецца зьмяніць шэраг артыкулаў Асноўнага Закону, паколькі закрываць вочы на статус Данбасу ўжо не выпадае:

«Вы ведаеце, што ў нас была іншая пазыцыя, але мы ня можам не паверыць і не паважаць меркаваньне трох самых значных на сёньняшні дзень эўрапейскіх лідэраў — Расеі, Нямеччыны, Францыі. І калі яны выступілі гарантамі таго, што ўсе зьмены будуць для абавязковага выкананьня і Ўкраіна будзе зьмяняцца пад напорам Данбасу, мы ня можам ня даць Кіеву такі шанец. Таму што будзе мяняцца сама краіна, будуць мяняцца адносіны, будуць мяняцца людзі. На самой справе людзі, народ Украіны як быў, мы зь імі так і ёсьць, мы таксама лічым яго нашым народам. Таму гэты шанец даецца збольшага ўкраінскай уладзе — дзеля таго, каб найперш памяняць Канстытуцыю (пра што, дарэчы, сказана ў прынятых дакумэнтах), зьмяніць свае адносіны да Данбасу».

Кіраўнік самаабвешчанай ДНР Захарчанка папярэджвае, што рэспублікі Данбасу «спыняць» усялякія патугі замірыцца, калі Кіеў пачне «парушаць умовы мэмарандуму», узгодненыя ўсімі зацікаўленымі бакамі:

«У адпаведнасьці з пунктамі мэмарандуму ўся адказнасьць за любы зрыў ці невыкананьне акрэсьленых дамоўленасьцяў будзе ляжаць на Пятру Аляксеевічу Парашэнку. Усе пункты патрабуюць дадатковых узгадненьняў, перамовы яшчэ ідуць. Таму ў выпадку любога парушэньня ці невыкананьня гэтых пунктаў ні пра якія больш мэмарандумы надалей гаворкі ня можа быць увогуле».

У сваю чаргу, Ігар Платніцкі лічыць менскія перамовы «вялікім дасягненьнем» для ЛНР і ДНР, бо Данбас «цывілізацыйна» зьменіць Украіну:

«Мы лічым, што гэта сёньня вялікае дасягненьне Луганскай і Данецкай народных рэспублік для таго, каб Украіна памянялася — памянялася цывілізаваным шляхам, мірным шляхам, перастала забіваць уласны народ, разбураць дзіцячыя сады, шпіталі, іншыя сацыяльныя аб’екты. Мы верым і ведаем: перамога ўсё роўна будзе за намі. І няважна, якім гэта будзе дасягнута мэтадам — палітычным ці ваенным. Але мы ведаем дакладна, што Ўкраіна зьменіцца, зьменіцца дзякуючы людзям Данбасу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG