Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна і дараваньне


Часам чытаеш артыкул у замежнай газэце пра невядомую падзею, незнаёмых людзей, далёкія праблемы, і аказваецца, што гэта самае важнае, што ты ўведаў пра сьвет і пра сябе сёньня.

Што мне да таго, што папулярны амэрыканскі тэлевядучы прызнаўся, што яго вайсковы верталёт, у якім ён ляцеў пад час візыту ў Ірак, ня быў пад абстрэлам? Так, ён ня раз згадваў гэты выпадак. Так, хацелася пахваліцца. Самалюбства — гэта вельмі суровая рэч, калі славы не бывае замала, яе заўсёды не хапае, яна ненасытная драпежніца і ў гэтую бездань звальваліся многія вядомыя асобы. Але можа і памяць падвяла — мэдыкі ведаюць гэты фэномэн, замяшчэньне памяці, калі чалавек сам пачынае верыць у падзеі, пра якія апавядае, і ня ў стане адрозьніць сапраўднае ад ілюзорнага. Пісьменьнікі ўвогуле так і ствараюць.

Аднак у Амэрыцы скандал, звальненьне, дыскусіі. На фоне сапраўдных тысячаў удзельнікаў нядаўніх баёў гэта, відаць, натуральна.

Але артыкул Дэйвіда Брукса ў New York Times пра іншае — пра дараваньне. Брукс згадвае некалькі вядомых асобаў, якія шмат думалі пра дараваньне — Ганну Арэндт, Марціна Лютэра Кінга, іншых — і разглядалі яго не як сэнтымэнтальнае адпушчэньне ўсіх грахоў, а як жорсткі працэс, які спалучае адказнасьць са спачуваньнем. Яны вылучылі чатыры тыпы і працэсы дараваньня:

Дараваньне раней за пакаяньнем

Кінг лічыў дараваньне не дзеяньнем, а стаўленьнем. Мы ўсе грэшнікі. Чалавек, які даруе — дастаткова моцная асоба, каб выказаць сваю раззлаванасьць і непрыняцьце таго, хто яго пакрыўдзіў, але адначасна моцная ў такой ступені, каб пазбавіцца ад сваёй злосьці і крыўды. Пры такім падыходзе пакрыўджаны робіць першы крок яшчэ перад тым, як у яго папросяць прабачэньня. Ён не паддаецца натуральнаму жаданьню помсты. Ён стварае кантэкст, у якім крыўдзіцель прызнаецца сам.

Пераацэнка

Пры такім падыходзе дзеяньні крыўдзіцеля — нагода для пераацэнкі. Які яго характар? Ці перакрэсьлівае пэрыяд ягонага глупства час прыстойных паводзінаў? Гэта таксама нагода разабрацца ў канкрэтным выпадку, які быў грэх і якія павінны быць лекі. Некаторыя грахі, такія як злосьць ці сэксуальнае жаданьне, як дзікія зьвяры. Зь імі змагаюцца ўстрыманьнем. Некаторыя, такія, як фанатызм, нібы плямы — ад іх пазбаўляюцца прынясеньнем прабачэньня і вычышчэньнем. Некаторыя, такія, як крадзёж — нібы пазыка, іх можна толькі заплаціць. Некаторыя, напрыклад, як шлюбная нявернасьць, хутчэй зьяўляюцца здрадай, чым злачынствам — іх выпраўляюць доўгай адбудовай адносінаў. Грэх пыхі, як у журналіста, што хваліўся не сваімі подзьвігамі, лекуецца толькі надзвычайнай самакрытыкай. У гэтым тыпе дараваньня, праз ацэнку і пераацэнку, важна задаваць цяжкія і непрыемныя пытаньні, не зьніжаць плянку.

Пакаяньне і самапакараньне

Крыўдзіцель мусіць стаць наперадзе працэсу, быць больш самакрытычным, чым ягоныя крытыкі. Ён мусіць дайсьці да каранёў праблемы, часам яго пакаяньне будзе большым і шырэйшым, чым можна было падумаць. Яму трэба перанесьці акцэнт у паводзінах з кар’еры, клопату пра публічную рэпутацыю на эмацыйнае і духоўнае выздараўленьне, каб стаць найбольш моцным у сваіх самых слабых месцах.

Прымірэньне і аднаўленьне даверу

Пасьля пераацэнкі і пакаяньня, крыўдзіцель і пакрыўджыны робяць крокі насустрач адно аднаму. Марцін Лютэр Кінг казаў, што давер ня мусіць быць імгненным, але акт крыўды ўжо не зьяўляецца перашкодай у адносінах. Крыўдзіцель перажывае свой час сораму і робіцца з-за гэтага лепшым. Пакрыўджаны свабодны ад эмоцый помсты і адчувае сябе на вышыні, калі адказвае дабром. Сацыяльная тканіна адноўленая. Салідарнасьць супольнасьці ўзмоцненая збліжэньнем бакоў.

Дэйвід Брукс завяршае сваё эсэ двума пытаньнямі і адной высновай. Як мы будуем супольнасьць пасьля скандалу — пазбаўляемся ад крыўдзіцеля ці выпраўляем адносіны? Кім мы хочам быць — людзьмі, якія выключаюць іншых са свайго жыцьця ці якія адказваюць патрабавальнай любоўю, якая лекуе?

І выснова — людзі становяцца больш моцнымі, калі атрымоўваюць другі шанец.

Ня ведаю, у якой ступені магчымая экстрапаляцыя маральнага падыходу ў сфэру палітыкі, улады, вайны. Але пакуль сьветам кіруе ня штучны розум інтэлектуальных машын, рашэньні прымаюць усё ж людзі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG