Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску чакаюць лідэраў Францыі, Нямеччыны, Украіны і Расеі


Тэмай сустрэчы ў «нармандзкім» фармаце стане вайна ў Данбасе. Як чакаецца, перамовы пачнуцца ў другой палове дня.

Генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун выказаў спадзеў на посьпех перамоваў у Менску паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны Ўладзімерам Пуціным і Пятром Парашэнкам.

Сёньня ж у Менску можа працягнуцца паседжаньне Трохбаковай кантактнай групы па Ўкраіне, якое пачалася ўчора позна ўвечары. Ад яго посьпеху шмат у чым залежыць магчымасьць правядзеньня сустрэчы «у нармандзкім фармаце».

Прадстаўнікі так званых ДНР і ЛНР Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дайнэга заявілі, што перадалі іншым удзельнікам групы свой праект пратаколу аб вайсковым і палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Данбасе. Пасьля азнаямленьня зь ім група можа сабрацца ізноў перад сустрэчай у «нармандзкім фармаце». Іншыя бакі з камэнтарамі не выступалі.

Украінскі ўрад настойвае на выкананьні папярэдніх менскіх дамоўленасьцяў ад 5 і 19 верасьня. Асноўныя іх пункты — безумоўнае спыненьне агню, адвод цяжкага ўзбраеньня, вывад замежных войск з украінскай тэрыторыі, аднаўленьне кантролю над расейска-украінскай мяжой, вызваленьне закладнікаў і абмен палоннымі — яшчэ раз напярэдадні дня меркаванай сустрэчы Пятро Парашэнка паўтарыў гэта ў тэлефоннай размове з прэзыдэнтам Польшчы Браніславам Камароўскім.

Парашэнка заявіў, што менавіта на такіх пазыцыях Україна будзе весьці перамовы і падчас сёньняшняга магчымага паседжаньня кантактнай групы і ў «нармадзкім фармаце».

У сустрэчы Трохбаковай кантактнай групы прымаюць удзел экс-прэзыдэнт Леанід Кучма, спецпрадстаўніца старшыні АБСЭ Хайдзі Тальявіні, амбасадар Расеі ва Ўкраіне Міхаіл Зурабаў і прадстаўнікі сэпаратыстаў Дзяніс Пушылін і Ўладзіслаў Дайнэга. У перамовах таксама ўдзельнічае Віктар Медведчук, кум прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна і былі кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Леаніда Кучмы.

Пра магчымасьць сустрэчы паміж канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель, прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам, прэзыдэнтамі Расеі і Ўкраіны Ўладзімерам Пуціным і Пятром Парашэнкам было абвешчана 8 лютага Аляксандр Лукашэнка пацьвердзіў гатовасьць Беларусі арганізаваць сустрэчу яшчэ падчас свайго кароткатэрміновага адпачынку ў Сочы.

Напярэдадні Эўразьвяз прыняў рашэньне пра пашырэньне санкцый супраць Расеі. Сьпіс дапоўнілі 19 фізычных і 9 юрыдычных асобаў. Але прымяненьне санкцый адкладзенае да 16 лютага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG