Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сфоткайся з кнігай і ахвяруй кнігарні». У інтэрнэце працягваецца флэшмоб па зборы сродкаў для «Логвінава»


Вядомыя беларусы і цэлыя арганізацыі дапамагаюць незалежнай беларускай кнігарні выплаціць штраф у 1 мільярд рублёў.

Вярхоўны суд Беларусі пацьвердзіў рашэньне гаспадарчага суду, і кнігарня «Логвінаў» мае цягам 2 тыдняў цалкам выплаціць штраф у 1 мільярд рублёў. У інтэрнэце пачалася кампанія збору сродкаў для кнігарні. Пакуль сабралі толькі чвэрць патрэбнай сумы штрафу.

Кнігарня «Логвінаў», паводле наведнікаў, — ня проста кнігарня, а яшчэ і культурная пляцоўка, дзе зьбіраліся вядомыя літаратары, мастакі, крытыкі; Тут адбываліся прэзэнтацыі, дыскусіі, сустрэчы з аўтарамі.

Улады спачатку пастанавілі зачыніць выдавецтва Ігара Логвінава, на базе якога стварылі кнігарню, а пасьля забаранілі яму распаўсюджваць друкаваную прадукцыю.

На пачатку сьнежня першую незалежную кнігарню ў Беларусі нават апячаталі, пазьней гаспадарчы суд Менску пастанавіў аштрафаваць кнігарню на 1 мільярд рублёў. У аўторак Вярхоўны суд пацьвердзіў гэтае рашэньне.

Радыё Свабода пагутарыла з Кацярынай Пікірэняй — былой дырэктаркай кнігарні, а цяпер валянтэркай каманды па ўратаваньні кнігарні.

— Сёньня Вярхоўны суд адмовіў кнігарні «Логвінаў» у апэляцыйнай скарзе. Цяпер вы мусіце заплаціць штраф у амаль мільярд рублёў. Што гэта азначае для вас?

— Мы маем два тыдні на збор рэшты сумы, то бок $48.000. За месяц мы сабралі болей за $16.000 і цяпер нам трэба паскорыць тэмпы збораў ў разы. Кнігарня рыхтуе захады для адтэрміноўкі выплаты. Але тут усё досыць хістка, і мы ня ведаем, ці задаволіць просьбу адпаведная камісія. Абвяшчэньне банкруцтва прадпрыемства можа скасаваць патрэбу выплачваць гэтую суму. Але гэта небясьпечны шлях. Дзяржава прызначае прадпрыемству антыкрызіснага кіраўніка, які мае кампэтэнцыю пастанавіць, ці ня сталася банкруцтва вынікам дзеяньня самога гаспадара. Пры найгоршым разьвіцьці адміністрацыйная справа можа стаць крымінальнай, а значыцца, Ігару Логвінаву можа пагражаць да 2 гадоў турэмнага зьняволеньня і канфіскацыя маёмасьці. Мы ня лічым прымальным так рызыкаваць і прыкладзем усе магчымыя высілкі, каб сабраць патрэбную для штрафу суму.

— Якія крокі вы робіце? Што адбываецца вакол кнігарні, хто далучаецца і хоча дапамагчы?

Мы шчыра запрашаем музыкаў, літаратараў, актораў, мастакоў далучацца да маратону. Гэта важная падтрымка для нас.

— Далучаюцца самыя розныя людзі: хтосьці перакладае, хтосьці мае ідэі, якія акцыі зарганізаваць. У першую чаргу быў створаны сайт, які на 7 мовах распавядае пра нашую праблему і на які можна пералічваць грошы зь любога канца сьвету праз Paypal ці з дапамогаю карткі. Мы яго стала абнаўляем — пішам суму, якую на гэты момант сабралі, а таксама інфармуем пра акцыі і падзеі, якія адбываюцца ў рамках кампаніі #SaveLohvinau. Да прыкладу, тыдзень таму з пэрформансу Ільлі Сіна распачаўся маратон падтрымкі Кнігарні «Логвінаў». Пад гэтай назвай чакаецца цэлая сэрыя канцэртаў, літаратурных выступаў і пэрформансаў. Адам Глёбус ужо правёў імпрэзу «Пісьменьнік за прылаўкам кнігарні», чакаецца выступ Сашы Філіпенкі, беларуска-расейскага аўтара, які прыяжджае на кніжны кірмаш ў Менску, але абавязкова завітае да нас у кнігарню. Бліжэйшым часам выступяць Наталка Бабіна і Віктар Марціновіч. Мы шчыра запрашаем музыкаў, літаратараў, актораў, мастакоў далучацца да маратону. Гэта важная падтрымка для нас.

Нас падтрымліваюць ня толькі блізкія сябры і калегі, але і чытачы, наведвальнікі — тыя, для каго кнігарня і існуе.

Мы стварылі інтэрнэт-ініцыятыву — кніжную эстафэту або #SaveLohvinau Challenge. Людзі робяць здымкі з кнігамі, ставяць хэштэг, перадаюць грошы і запрашаюць знаёмых зрабіць тое самае. У нас ужо цэлая калекцыя «кніжных» здымкаў пісьменьнікаў, крытыкаў, журналістаў. Эстафэту перадавалі адно аднаму цэлыя навінавыя парталы і грамадзкія арганізацыі. Зь іншага боку, мне прыемна, што многіх асобаў, якія далучаюцца, я асабіста ня ведаю. Бо гэта азначае, што нас падтрымліваюць ня толькі блізкія сябры і калегі, але і чытачы, наведнікі — тыя, для каго кнігарня і існуе.

Многія дастаўцы, што прыносяць кнігі на продаж, вырашылі не забіраць грошай за рэалізацыю сваіх кніг, а пакінуць іх на штраф. Цяпер на гэтых кнігах будуць адмысловыя пазнакі, каб чытачы ведалі, што яны ня проста набываюць прыемнае чытво, а адначасова робяць дабрачынны крок. Сапраўдная талака! Яшчэ мы плянуем зладзіць цэлы аўкцыён, на якім будуць выстаўленыя розныя рэчы пісьменьнікаў.

— Нядаўна для кнігарні сапраўднай талакой для «Логвінава» зьбіралі лайкі. Трэба было цягам сутак сабраць 2.000 лайкаў, каб ананімны бізнэсовец пералічыў дастаткова буйную суму грошай. Ці ведаце вы, хто гэта быў?

Кожны, хто пералічвае грошы, мае цяпер сваю пэрсанальную зорачку на столі кнігарні. Мы назвалі гэтую акцыю падзякі «Не загаснуць зоркі ў небе».

— Не, яго ведае толькі наш сябра, які і разьмясьціў пост. Сам ахвярадаўца пажадаў застацца ананімным. У любым выпадку, яго падтрымка была вельмі важная для нас. Мяркую, заклік лайкаць і быў для таго, каб паглядзець, наколькі справа сапраўды агульная, наколькі людзі гатовыя дапамагаць. І людзей выявілася нават болей, чым мы разьлічвалі, бо цягам пяці гадзінаў назьбіралася амаль 3.000 лайкаў. Людзям, якія нам дапамагаюць, мы стараемся як-кольвек аддзячыць. Кожны, хто пералічвае грошы, мае цяпер сваю пэрсанальную зорачку на столі кнігарні. Мы назвалі гэтую акцыю падзякі «Не загаснуць зоркі ў небе».

— За месяц вы сабралі $16.000. Вам засталіся яшчэ 2 тыдні, каб сабраць $48.000. Як ты лічыш, ці пасьпееце вы сабраць гэтыя грошы?

Якім складам мы дабяромся да 2017 году, якія маецца стаць годам кнігі?

— Мы зусім ня маем досьведу дабрачынных збораў. Гэта беспрэцэдэнтны выпадак — такую вялікую суму ды ў такі сьціслы тэрмін грамадой не спрабаваў сабраць ніхто. Цудоўна напісала адна нашая знаёмая: калі ходзіш па Менску, часьцей паказваеш месцы, дзе нешта калісьці было, паказаваеш паветра і распавядаеш пра памяць. А кнігарня ёсьць, яна можа зьнікнуць на нашых вачах, і толькі мы самі можам яе захаваць. Кнігарня «Логвінаў» — гэта ня проста месца, дзе прадаюцца кнігі. Па-першае, сама падборка кніг унікальная: найлепшыя беларускія, украінскія, польскія, чэскія, габрэйскія, рускія выданьні — сучасныя і клясычныя. Адначасова гэта пляцоўка, напоўненая падзеямі, дзе няма фармальнай мяжы паміж аўтарамі, чытачамі, крытыкамі, журналістамі, мастакамі. Такога месца, на жаль, больш няма. У 2014 годзе ў Менску было дзьве кнігарні — «Галіяфы» і «Логвінаў». Прыватныя кнігарні, якія прапаноўвалі чытачам штосьці большае, чым порста продаж кніг. Цяпер на пачатку 2015 году — «Галіяфы» зачыненыя, а «Логвінаў» на мяжы. Якім складам мы дабяромся да 2017 году, якія маецца стаць годам кнігі?

— Добра, вы сабралі грошы і заплацілі штраф. Але Міністэрства інфармацыі шэсьць разоў адмаўляла кнігарні «Логвінаў» у ліцэнзіі на распаўсюд друкаванай прадукцыі. Вы мяркуеце, што пасьля выплаты штрафу вам удасца атрымаць рэгістрацыю?

Мы неверагодна ўдзячныя тым, хто дапамог і дапамагае, хто так ці інакш спрычыніўся да кампаніі па выратаваньні кнігарні

— Калі мы ў шосты раз спрабавалі атрымаць рэгістрацыю, мы таксама падалі заяўку на рэгістрацыю распаўсюдніка кніг ад імя іншай юрыдычнай асобы. Але там імя Ігара Логвінава не фігуравала. Што цікава, гэтае новае прадпрыемства атрымала штамп зь першай спробы. Таму кнігарня працуе абсалютна легальна. Толькі мільярдны штраф мы ўсё роўна мусім заплаціць.

У лютым кнігарні «Логвінаў» спаўняецца 5 год. Невядома, якімі атрымаюцца ўгодкі. Мы неверагодна ўдзячныя тым, хто дапамог і дапамагае, хто так ці інакш спрычыніўся да кампаніі па выратаваньні кнігарні, якая ёсьць часткаю жыцьцёва неабходнага нам асяродку. Хочацца зрабіць цуд і сабраць гэтую неабдымную суму. Цуд талакі: тых, хто можа падтрымаць парадай ці справай, хто жыве ў Беларусі ці за мяжой, хто ведае, што мы і ёсьць тым сучасным грамадзтвам, якое ўмее абараняць свае каштоўнасьці.

Банкаўскія рэквізіты для ахвяраваньняў:​

LT052140030003236738
Logvino literaturos namai
Nordea Bankas, Bank code 21400
Swift code NDEALT2X

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG