Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Кулажанка, прафэсар, які выводзіў студэнтаў на Плошчу


Уладзімер Кулажанка
Уладзімер Кулажанка

10.6.1926, в. Косель, Кармянскі раён — 3.11.2013, Менск. Пахаваны на могілках у пас. Калодзішчы, Менскі раён.

У вялікай сялянскай сям’і Кулажанкаў бацькі былі ня толькі добрымі гаспадарамі, але і пэдагогамі. Яны здолелі выхаваць у дзяцей працавітасьць, мэтанакіраванасьць, павагу да роднага, спрадвечнага. Усе дзевяцёра атрымалі вышэйшую адукацыю і дасягнулі жыцьцёвага посьпеху. Гонарам сям’і стаў Уладзімер.

Ён быў бацькам майго найлепшага сябра Генадзя, чыё кароткае яркае жыцьцё пазьней абарвалася ў Аўганістане, і першым сапраўдным беларускім інтэлігентам, якога я сустрэў. Кулажанка-старэйшы памятаецца мне ня проста чалавекам, бліскуча дасьведчаным у абранай сфэры — эканоміцы. Ён выдатна ведаў беларускую літаратуру і гісторыю. І — што ў тыя глухія для беларушчыны 1970-я найбольш уражвала — Уладзімер Андрэевіч і ў сям’і, і на ўнівэрсытэцкай катэдры, і ў кнігарні, і ў кавярні, паўсюль пасьлядоўна гаварыў па-беларуску. Тады для гэтага патрабавалася не абы-якая мужнасьць, бо ў Менску маіх студэнцкіх гадоў мова вельмі часта выклікала ў абывацеля агрэсію, абразы — «дзярэўня», «калгасьнік», а то і «нацыст».

У той далёкі час ён ужо быў беларускім незалежнікам. Ад яго мы з Генадзем ня раз чулі: усе імпэрыі разваліліся, сканае і савецкая. «За гэта і вып’ем!» — казаў ён за сваім заўсёды шчодрым сталом, дзе падкормліваў галаднаватых студэнтаў.

Ад яго мы даведаліся пра выгнаньне Аляксандра Салжаніцына. Кулажанка-старэйшы пракамэнтаваў навіну так: «Аднаго з апошніх сумленных людзей выкінулі з краіны». Тое самае ён сказаў назаўтра і на паседжаньні катэдры, пра што хтосьці з калегаў рупліва данёс у органы...

Калі мы з Генадзем пачалі выпускаць у нас на гістфаку БДУ самвыдавецкі альманах «Мілавіца», Кулажанка-старэйшы быў адным зь першых нашых чытачоў.

Сваю інтэлігентнасьць і беларускасьць ён перадаў і дочкам Людміле і Вользе. Яны разам з бацькам дачакаліся, калі зьдзейсьнілася ягоная мара і Беларусь стала незалежнай. Спадару Ўладзімеру было ўжо далёка за шэсьцьдзесят, але да яго прыйшло доўгае і моцнае другое дыханьне.

Доктар эканамічных навук Кулажанка стаў першым беларускім вучоным, які пачаў прапагандаваць перавагі рынкавай эканомікі. Ён меў сталую рубрыку ў газэце «Народная Воля», вёў адмысловую перадачу на Радыё Свабода.

Ягоныя вучні — а сярод іх адзін доктар і 36 кандыдатаў навук — згадваюць, што Кулажанка вучыў адчуваць асалоду ад навуковага пошуку, аддаваць, нічога не чакаючы ўзамен. Яго студэнты на чале з самім прафэсарам ня раз хадзілі на Плошчу.

Апошні раз мы бачыліся ў менскай Цэнтральнай кнігарні. Уладзімер Андрэевіч з пакункам ужо набытых беларускіх кніг дапытваўся ў дзяўчыны-прадавачкі, дзе ў іх поўны збор твораў Васіля Быкава.

XS
SM
MD
LG