Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галіна Сямдзянава, дэпутатка, якая магла стаць міністрам абароны

абноўлена

Галіна Сямдзянава
Галіна Сямдзянава

28.2.1947, Гдыня, Польшча — 18.9.2011, Менск. Пахаваная на менскіх Паўночных могілках.

Яе імя ў маёй памяці найперш зьвязанае з трыма падзеямі найноўшай беларускай гісторыі.

24 жніўня 1991 году на нечарговай сэсіі Вярхоўнага Савету, што сабралася пасьля правалу маскоўскага антыдэмакратычнага путчу, дэпутатка Галіна Сямдзянава (а не касманаўт і не дырэктар саўгасу, як дагэтуль можна сям-там прачытаць) заносіць у Авальную залю Дому ўраду, дзе праходзіць паседжаньне, бел-чырвона-белы сьцяг.

Празь некалькі гадзін, калі — каб пагасіць "страсьці«— падняўся зь месца і ўпэўнена рушыў выступаць першы сакратар ЦК кампартыі Анатоль Малафееў, які падтрымаў путчыстаў, яму рашуча заступіла дарогу тая ж прыгожая сьветлавалосая жанчына. Яна першая апынулася каля мікрафона і, падтрыманая калегамі з Апазыцыі БНФ, сагнала фактычнага яшчэ ўчора кіраўніка рэспублікі з трыбуны.

Камуністычная большасьць Вярхоўнага Савету разгубілася. Ужо назаўтра дзейнасьць КПБ-КПСС была прыпыненая, а ўвечары таго ж дня на плошчы абдымаліся і цалаваліся тысячы шчасьлівых людзей: Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце атрымала канстытуцыйную сілу, Беларусь — незалежная!

Такія дні назаўсёды застаюцца ў гісторыі нацыі. Ня згубіцца ў ёй і дзень 8 верасьня 1992-га. Тады, на чарговыя ўгодкі Аршанскай перамогі над маскоўскімі захопнікамі, тысячы беларусаў на чале з дэмакратычнымі дэпутатамі і сябрамі БЗВ — Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў ужо не на плошчы Леніна, а на плошчы Незалежнасьці прымалі прысягу на вернасьць Беларусі. Галіна стаяла побач з Васілём Быкавым, старшынём БЗВ Міколам Статкевічам і гісторыкам Міхасём Ткачовым, і я бачыў на вачах у яе сьлёзы.

Яна нарадзілася ў сям’і савецкага афіцэра далёка ад Беларусі, скончыла інстытут у Куйбышаве, працавала ў абароннай прамысловасьці, а перад абраньнем у Вярхоўны Савет займала намэнклятурную пасаду старшыні Наваградзкага раённага камітэту народнага кантролю. Як згадвае адзін з кіраўнікоў парлямэнцкай апазыцыі Сяргей Навумчык — зрабіўшыся дэпутаткай, Сямдзянава перад першай сэсіяй крытычна ставілася да БНФ.

Калі імкненьне да справядлівасьці і разуменьне, за кім гістарычная праўда, лічыць фэномэнам, дык тут мы маем справу якраз зь ім.

Зрабіўшы свой выбар, Галіна хутка апынулася ў шэрагу лідэраў незалежніцкай дэмакратычнай апазыцыі. Нават апанэнты лічылі яе адным з найбольш прафэсійных і запатрабаваных дэпутатаў. Яна абіралася ў некалькі парлямэнцкіх камісіяў, была суаўтаркай канцэпцыі пераходу рэспублікі да рынкавай эканомікі, удзельніцай распрацоўкі Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

Сямдзянава стала аўтаркаю заканадаўчых прапановаў, скіраваных на стварэньне Беларускай арміі. Пра яе пачыналі гаварыць як пра магчымага міністра абароны.

Як старшыня Беларускай асацыяцыі вайскоўцаў «Вяртаньне» Галіна дапамагла зноў ступіць на родную зямлю больш як чатыром тысячам нашых суайчыньнікаў у форме. Асабліва важным было іх вяртаньне — жывымі, а ня ў выглядзе так званага «грузу 200» — з зонаў збройных канфліктаў.

Да 2010-га, дзесяць вельмі нялёгкіх для Беларускага Народнага Фронту гадоў, Сямдзянава працавала ў кіраўніцтве партыі БНФ, у тым ліку палову гэтага часу — намесьніцай старшыні.

Галіна ратавала ня толькі вайскоўцаў, але ў свой час — у складзе парлямэнцкай камісіі па экалёгіі — і пацярпелых ад чарнобыльскай бяды. Сябры лічаць, што, магчыма, якраз Чарнобыль «стаіць» за той хваробай, якая забрала саму Сямдзянаву і выкошвае ўсё больш нашых зусім не старых суайчыньнікаў.

Калі міністрам абароны нэўтральнай і бязьядзернай Беларусі стане жанчына, у яе кабінэце павінен вісець партрэт Галіны Сямдзянавай.

Уладзімер Арлоў падрыхтаваў да друку трэцяе выданьне сваёй вядомай кнігі «Імёны Свабоды», якая ўпершыню пабачыла сьвет у 2007-м у сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХI стагодзьдзе».

XS
SM
MD
LG