Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі фэстываль Роднай Мовы пройдзе ў Менску 22 лютага


Пасьля двух удалых фэстываляў «Дзень вышыванкі», арганізатары запрашаюць на «Сьвята Роднай Мовы». Фэстываль 22 лютага пройдзе ў прасторных залях бізнэс-клюбу «Imaguru» (Менск, вул. Фабрыцыўса, 4). Мерапрыемства прымеркаванае да Міжнароднага дня роднай мовы, які, з ініцыятывы UNESCO, традыцыйна адзначаецца ва ўсім сьвеце 21 лютага.

У гэтым годзе каманда «Арт Сядзібы» і культурніцкая пляцоўка «Беларуская Прастора» вырашылі сабраць шматлікія беларускамоўныя творчыя ініцыятывы, моўныя курсы, бізнэс-праекты, вытворцаў сувэніраў і паштовак, цікавых музыкаў і адметных творцаў разам на «Сьвяце Роднай Мовы».

Гаворыць адзін з арганізатараў сьвята Павал Белавус:

— Мы хочам паказаць, што беларуская мова ня толькі жыве і разьвіваецца, але натхняе шматлікіх людзей на цікавыя і яскравыя праекты, акрыляе на добрыя справы. Гэта будзе сапраўдным сьвятам, на якім галоўным героям будзе мова, мова ў дзеяньнях, песьнях, вершах, гульнях, падарунках, фільмах, на паштоўках і, зразумела, у сэрцах тых, хто прыйдзе на фэстываль. Бо галоўная задача паказаць, што Беларусь пачынаецца з мовы і з тых людзей, якія ўжо зараз у штодзённым жыцьці даказваюць ня толькі запатрабаванасьць беларускай мовы, але і пасьпяховае выкарыстаньне яе як у культурных праектах, так і ў бізнэсе. І такіх прыкладаў становіцца ўсё больш і больш!​

Каб сьвята атрымалася сапраўды народным, запамінальным і яскравым, арганізатары просяць дасылаць да 16 лютага свае прапановы і творчыя ідэі па напаўненьні праграмы мерапрыемства на электронныя скрынкі artsiadziba@gmail.com або prastora@prastora.by.

Вытворцам паштовак і беларускамоўных сувэніраў, якія хочуць узяць удзел у мерапрыемстве, прапануюць азнаёміцца з правіламі ўдзелу і запоўніць форму: ​

Сьвята пачнецца 22 лютага ў 14.00 і разгорнецца на двух паверхах бізнэс-клюбу «Imaguru» (Менск, вул. Фабрыцыўса, 4). Праграма будзе складацца зь пяці частак, якія паралельна будуць адбывацца ў некалькіх залях:​

  • адукацыйная,
  • прэзентацыйная,
  • забаўляльная,
  • музычная,
  • выстава-продаж беларускамоўных паштовак і сувеніраў.

Радыё Свабода таксама будзе прадстаўленае на фэстывалі. Ад Свабоды на «Сьвяце Роднай Мовы» кожны ахвотны атрымае фірмовую сьвяточную паштоўку, якая пераможа ў распачатым намі конкурсе на лепшы дызайн «Віншуем па-беларуску!». Пераможца конкурсу ўрачыста атрымае падчас сьвяма падарунак — электронную чыталку «Kindle». Удзельнічаць можа кожны. Умовы тут.

Афіцыйны хэштэг сьвята — #нашамова. Яго ўжо зараз можна пазначаць у сацыяльных сетках разам з вашымі фотаздымкамі і паведамленьнямі датычнымі беларускай мовы і «Сьвята Роднай Мовы».

Інфармацыя пра мерапрыемства і праграма сьвята будуць дадавацца і дапаўняцца. Сачыць за апошнімі навінамі па падрыхтоўцы можна на сайтах artsiadziba.by і prastora.by, таксама ў падзеях ва «Укантакце» і ў Фэйсбуку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG